Полацкая Акадэмія: небяспечная адукацыя

У першай палове ХІХ стагоддзя ў Літве-Беларусі быў не толькі Віленскі ўніверсітэт, але і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адна з іх — Полацкая акадэмія, што мела ўсе правы ўніверсітэта.

polatskstefan_g3.jpg

У Полацку чыталі лекцыі вядомыя ў Еўропе і свеце педагогі, дзеячы навукі і мастацтва. Нягледзячы на нядоўгі час існавання, гэтая навучальня выхавала нямала знакамітых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў. Невыпадкова сучасны Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт лічыць сябе пераемнікам Акадэміі, а студэнты некаторых яго факультэтаў займаюцца ў былых акадэмічных карпусах.


Калегіюм Таварыства Ісуса

Папярэднікам Акадэміі быў Полацкі калегіюм, які адчыніў дзверы ў 1581 годзе. Навучальню стварылі манахі Таварыства Ісуса (так афіцыйна называецца каталіцкі Ордэн езуітаў).

За савецкім часам пра езуітаў нельга было пісаць або казаць нічога добрага. Іх называлі цемрашаламі, прыпісвалі ім самыя розныя грахі ды злачынствы. Насамрэч Таварыства Ісуса зрабіла ў гісторыі шмат карыснага: адчыняла друкарні, аптэкі і шпіталі, паспяхова змагалася з эпідэміямі, займалася дабрачыннасцю. Але галоўная заслуга Ордэна езуітаў — стварэнне самых перадавых для таго часу навучальных устаноў. Славуты англійскі філосаф Фрэнсіс Бэкан зазначыў: «Бярыце прыклад з езуіцкіх школ, бо лепшых не існуе на свеце».

У Полацку, як і паўсюль, за навучанне ў езуіцкім калегіюме не бралі платы. Туды прымалі дзяцей шляхты і духавенства, месцічаў і сялянаў. Ад шкаляроў не патрабавалася абавязкова быць каталіком ад нараджэння або мяняць веру. У калегіюм ужо на пачатку ягонай дзейнасці аддалі сыноў нават праваслаўны полацкі епіскап Феафан і ваявода Мікалай Дарагастайскі, які належаў да пратэстантаў-кальвіністаў.

2553_html_6ee0d78c.png


Парог калегіюма вучань пераступаў у дзесяць гадоў. Ён ужо мусіў умець чытаць і пісаць ды быць трохі знаёмым з лацінай, што лічылася у тагачаснай Еўропе моваю навукі. Першай прыступкай да вяршыняў ведаў была гімназія. Навучанне ў малодшых класах, пакуль хлопчыкі не зусім добра валодалі лацінскай мовай, тады вялося па-беларуску.

У гімназіі займаліся шэсць гадоў. За гэты час трэба было так дасканала авалодаць лацінскай і старажытнагрэцкай мовамі, каб вольна чытаць на іх творы старажытных гісторыкаў Лівія і Плутарха, лісты красамоўца Цыцэрона, вершы Авідзія і Катула, «Іліяду» Гамера. У калегіюме вывучаліся таксама арыфметыка і геаметрыя, фізіка і астраномія, гісторыя і геаграфія, логіка і музыка.

Выпускнікі гімназіі мелі магчымасць займацца ў родных сценах далей: тры гады вывучаць у калегіюме філасофію або чатыры гады — тэалогію (багаслоўе).


«Імператары» і «асліная лава»

Вучыцца было нялёгка, але надзвычай займальна. Паміж вучнямі і класамі бесперапынна ішло ціквае, творча наладжанае спаборніцтва. Класы дзяліліся, напрыклад, на «грэкаў» і «рымлянаў». Калі «грэк» не мог адказаць на цяжкое пытанне выкладчыка, падымаўся з месца роўны яму па здольнасцях «рымлянін», і так працягвалася, пакуль не гучаў правільны адказ.

Захапляла навучэнцаў і асабістае спаборніцтва. У ім пераможца мог заваяваць медаль, кнігу ці абразок або ўрэшце атрымаць ганаровае званне «імператара». А вось тыя, хто вылучаўся нядбайнасцю, выпраўляліся, прысаромлена панурыўшы галаву, на «асліную лаву». Зацятых гультаёў звычайна вянчалі саламянымі каронамі, якія нельга было здымаць, пакуль не выправішся.

Разам са звычайнымі дысцыплінамі шкаляры спасцігалі правілы паводзін сярод людзей рознага стану — ад простага люду да арыстакратыі. Шмат увагі надавалася фізічнаму выхаванню: гульням на свежым паветры, плаванню, верхавой яздзе, фехтаванню.

Пры Полацкім калегіюме з 1585 года існаваў тэатр. Спектаклі звычайна прымяркоўвалі да Калядаў, Вялікадня, да пачатку і заканчэння навучальнага года. Шкаляры выходзілі на сцэну ў п’есах на антычныя і біблійныя тэмы, на сюжэты з айчыннай гісторыі. Нярэдка пастаноўкі прысвечваліся падзеям з жыцця горада і калегіюма, і гледачы маглі пазнаць у акторах саміх сябе. Тэатральныя паказы ў тыя даўнія часы адбываліся пераважна на лацінскай мове, але часам героі гаварылі і па-беларуску. Спектаклі суправаджала музыка ў выкананні створанага ў калегіюме аркестра.


Сабор святога Стэфана

Архітэктурнай славутасцю Полацка стаў збудаваны езуітамі мураваны сабор святога Стэфана. Храм узнёс свае вежы на шэсцьдзясят метраў і запанаваў над горадам. Адну з вежаў упрыгожыў гадзіннік з меладычным боем, які адлічваў кожную чвэрць гадзіны.

Касцёл Святога Стэфана, 1910

Касцёл Святога Стэфана, 1910


Поруч з беларускімі майстрамі аздабленнем сабора займаліся італьянскія майстры. Вернікаў уражвалі велічныя мармуровыя калоны і цудоўныя абразы. Некалькі з іх намаляваў ў Вероне выдатны мастак Сальватор Роза. У сценах храма гучала музыка магутнага аргана.

Да канца ХVIII стагоддзя каля сабора святога Стэфана паднялося некалькі дзясяткаў мураваных будынкаў. Там месціліся друкарня, кнігарня, кузьня, шпіталь, аптэка, фармацэўтычная лабараторыя і сушыльня для зёлак, пякарня, бровар і медаварня, разнастайныя майстэрні і стайні. Разам з навучальнымі карпусамі, дамамі для святароў, выкладчыкаў і студэнтаў, з музеем і карціннай галерэяй, з багатым батанічным садам усё гэта было сапраўдным горадам у горадзе, прыстасаваным для самастойнага жыцця.

Касцёл Св. Стэфана, малюнак Н. Орды

Касцёл Св. Стэфана, малюнак Н. Орды


Славутыя ва ўсёй Еўропе

Апрача Полацкага калегіюма на землях былога Вялікага Княства Літоўскага існавалі яшчэ болей за дваццаць такіх навучальняў: у Вільні, Горадні, Берасці, Менску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Смаленску, Воршы, Пінску, Нясвіжы, Дынабургу (Дзвінску), Бабруйску… Аднак менавіта Полацкі калегіюм, дзе навучалася блізу трохсот студэнтаў, лічыўся сярод іх найбольш значным. У сярэдзіне ХVIII стагоддзя ён даваў адукацыю, якая мала адрознівалася ад універсітэцкай.

Сярод выкладчыкаў калегіюма былі асобы, знаныя ва ўсёй Еўропе. Тут чытаў лекцыі філосаф і паэт, «хрысціянскі Гарацый» Мацей Казімір Сарбеўскі. Ягоныя полацкія лекцыі леглі ў аснову славутых трактатаў «Пра дасканалую паэзію», «Пра камедыю і трагедыю», «Пра жарт і дасціпнасць». Якраз у Полацку Сарбеўскі напісаў кнігі «Багі паганскіх народаў» і «Паэтыка», якія таксама чакала еўрапейская слава.

Навуку красамоўства — рыторыку — выкладаў у Полацку Жыгімонт Лаўксмін. Пасля выдання ў Вялікім Княстве ягоная кніга «Практычнае красамоўства» выходзіла ў Вене, Мюнхене, Празе, Франкфурце … «Мова — гэта адлюстраванне душы, — пісаў Лаўксмін. — Па мове і нас пазнаюць, і мы пазнаём кагосьці. Трапна сказана: «Той збан не купляюць, які не звініць»».

Полацкіх студэнтаў захапляў сваімі лекцыямі будучы рэктар Галоўнай школы Вялікага Княства, астраном і матэматык Марцін Пачобут-Адляніцкі. Тут працаваў прафесар парыжскага Сарбонскага ўніверсітэта, гісторык і знаўца моваў Дзід’е Рышардо ды шмат іншых знакамітасцяў.

Такія педагогі і вучоныя выхоўвалі годных вучняў. Полацкіх выкладчыкаў з удзячнасцю згадваў адзін з найлепшых беларускіх мастакоў першай паловы ХІХ стагоддзя Валянцін Ваньковіч. У яго спадчыне выдатныя партрэты Адама Міцкевіча, Напалеона Банапарта, Тамаша Зана. У горадзе над Дзвіной спасцігаў таямніцы мастацтва расейскі скульптар і жывапісец Фёдар Талстой. Каб даць дзецям добрыя веды, расейская арыстакратыя часта прывозіла іх у Полацак.

У Полацку вучыліся будучы гісторык і археолаг Канстанцін Тышкевіч, пісьменнік і гісторык Нікадым Мусніцкі, які напісаў некалькі п’ес для тэатра роднага калегіюма. У энцыклапедыі ўвайшлі імёны філосафа, прафесара Віленскай акадэміі Караля Карыцкага і ягонага калегі Францішка Папроцкага, што ўзначальваў у Вільні акадэмічную друкарню і быў рэдактарам «Літоўскага кур’ера» — першай у Вялікім Княстве газеты-тыднёвіка. Выпускнік калегіюма Ян Баршчэўскі стаў выдатным пісьменнікам.


Габрыэль Грубэр

Яскравы след у гісторыі Полацкага калегіюма і ўсёй Літвы-Беларусі пакінуў вучоны і адзін з кіраўнікоў Ордэна езуітаў славенец Габрыэль Грубэр. Ён атрымаў бліскучую адукацыю ва ўніверсітэтах Граца і Вены, дзе з аднолькавым поспехам вывучаў шматлікія навукі і мастацтвы: філасофію і тэалогію, матэматыку, фізіку і механіку, астраномію, жывапіс і архітэктуру. Грубэр атрымаў навуковую ступень доктара медыцыны і выдатна валодаў дзесяццю мовамі. Гэта быў адзін з самых адукаваных людзей у тагачаснай Еўропе. Здавалася, немагчыма было знайсці такую галіну чалавечай дзейнасці, у якой прырода не надзяліла б прафесара Грубэра талентам. Нават да Пецярбурга данеслася слава не толькі пра Грубэра-вучонага, але і Грубэра-выдатнага кулінара.

gabrijel_gruber.jpg


У Полацку айцец Габрыэль выкладаў механіку, эсперыментальную фізіку, архітэктуру і маляванне. Ён марыў ператварыць навучальню ў другі пасля Віленскага ўніверсітэт на землях былога Вялікага Княства і настойліва ішоў да гэтай мэты. Руплівасцю прафесара Грубэра і паводле ягонага праекта для калегіюма збудавалі новы трохпавярховы корпус. Там знаходзіліся тры фізічна-механічныя, астранамічны, мінералагічны, хімічны кабінеты і архітэктурная зала, абсталяваныя на роўні ўніверсітэцкіх.

Студэнты вялі назіранні зорнага неба праз перадавы для таго часу тэлескоп даўжынёю два з паловаю метра. Для фізічных эксперыментаў прызначаліся тры электрычныя машыны і вялікі электрафор, з дапамогай якога атрымлівалі электрычнасць. Мінералагічны кабінет знаёміў з узорамі горных парод, каштоўных камянёў, металаў, акамянелымі парэшткамі жывёлаў, рыб і раслін. У архітэктурнай зале, дзе студэнты займаліся маляваннем, захоўваліся дзясяткі мадэляў і копій будынкаў, мастоў, калонаў розных эпох.

У адным з механічных кабінетаў непадрыхтаванаму наведніку магло здавацца, што ён трапіў у каралеўства дзівосаў. Па зале ездзіў у вазку жалезны старажытнарымскі бог кахання Купідон. У краме гандляваў купец-аўтамат з металу, побач граў на клавесіне механічны музыка. А зірнуўшы ў вакно з адмысловым люстэркам, можна было неспадзявана ўбачыць самога сябе на крыжы пад званіцаю базылянскага манастыра. Аўтарам большасці з гэтых механізмаў і вынаходак быў сам прафесар Грубер.

Дзякуючы Габрыэлю Грубэру і ягоным аднадумцам пры канцы ХVІІІ стагоддзя Полацкі калегіюм дасягнуў роўню сапраўднай вышэйшай навучальнай установы. Там вывучалі польскую, беларускую, расейскую, французскую, нямецкую, лацінскую і грэцкую мовы. Апрача ранейшых дысцыплін, у праграме былі тэарэтычная і практычная механіка, эксперыментальная фізіка, вышэйшая матэматыка, вайсковая і цывільная архітэктура, тэорыя жывапісу, псіхалогія, этыка.

memaryjalnaja_doszka_u_honar_habryelja_hrubera__1_.jpg



Рубенс і механічная галава

Калегіюм ганарыўся карціннай галерэяй і музеем, якія таксама адчыніў Габрыэль Грубэр. Наведнікі захоплена спыняліся тут каля карцін Пітэра Паўля Рубенса «Смерць Архімеда» і «Пошукі Архімедавай магілы». Галерэя мела вельмі добрыя копіі з твораў знакамітых Рафаэля і Тыцыяна, багатую калекцыю партрэтаў герояў еўрапейскай гісторыі, карціны самога Грубэра. Ён жа размаляваў сцены музея прыгожымі фрэскамі.

Найкаштоўнейшай часткаю музейнай экспазіцыі была калекцыя старажытных манет, што займала сем вялікіх шкляных вітрын. Побач захоўваліся даўнейшыя рукапісы, цікавыя археалагічныя знаходкі, зброя розных плямён і народаў, велізарная калекцыя ракавін.

Але галоўным дзівам калегіюма лічылася створаная полацкімі механікамі на чале з Грубэрам механічная галава. У адной з музейных залаў высока ў сцяне была ўштукаваная галава старога з сівымі валасамі. Галава рухалася, вочы старога глядзелі то лагодна, то з прыхаванай усмешкаю, то сувора і пагрозліва. Ды найперш галава здзіўляла, захапляла і палохала наведнікаў тым, што размаўляла. Манах-экскурсавод прапаноўваў на любой мове задаць галаве любое пытанне, і тая без роздуму гучна і з веданнем справы адказвала на той самай мове.

Рэканструкцыя «Механічнай галавы», знакамітага тварэння навукоўца Габрыэля Грубера., 2015 год. Фота www.psu.by

Рэканструкцыя «Механічнай галавы», знакамітага тварэння навукоўца Габрыэля Грубера., 2015 год. Фота www.psu.by


600 студэнтаў і 40 прафесараў

Мара Габрыэля Грубера пра новы ўніверсітэт здзейснілася, калі прафесара ўжо не было на свеце. У 1812 годзе расейскі імператар Аляксандр І пасля шматлікіх просьбаў ліцьвінскай арыстакратыі і шляхты падпісаў указ пра пераўтварэнне Полацкага калегіюма ў Акадэмію з усімі ўніверсітэцкімі правамі. Старажытны горад над Дзвіной адзначыў гэтую падзею ўрачыстымі набажэнствамі, феерверкам і балямі. Прывітальныя прамовы і вершы з нагоды свята гучалі на сямі мовах, у тым ліку і на беларускай.

Студэнтаў чакалі тры факультэты: тэалагічны; моваў і літаратур; вольных мастацтваў і філасофіі. У дадатак да ранейшай праграмы калегіюма на філалагічным факультэце вывучаліся старажытнагабрэйская, італьянская і арабская мовы. Да шматлікіх колішніх дысцыплін дадаліся права, статыстыка, палітычная эканомія, мінералогія, трыганаметрыя, заалогія, батаніка. Праўда, навучанне вялося пераважна на польскай мове.

У акадэмічным выдавецтве друкаваліся падручнікі, слоўнікі, навуковыя трактаты, календары і мастацкія творы. Выходзіў навуковы часопіс «Полацкі месячнік». Сорак тысяч кніг налічвала бібліятэка Акадэміі. Сярод іншых каштоўнасцяў тут захоўваліся тры рукапісныя Евангеллі ХІІ–ХІV стагоддзяў і вялікая калекцыя вялікакняскіх грамат.

Вышэйшую адукацыю ў Полацкай акадэміі набывалі шэсцьсот студэнтаў. Як і ў Віленскім універсітэце, гэта былі пераважна беларусы-ліцьвіны. З нашых земляў паходзіла і бальшыня прафесараў.

У аўдыторыях Акадэміі пачалі шлях у навуку гісторык Канстанцін Тышкевіч, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, пісьменнік Юзаф Масальскі. Тут працягваў навучанне вядомы выпускнік Полацкага калегіюма будучы майстар прыгожага пісьменства, аўтар неўміручай кнігі «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Ян Баршчэўскі. Выхаванец Акадэміі прафесар Максімілян Рыла стаў даследчыкам Сірыі, Егіпета і Судана, заснаваў у Бейруце калегіюм, што пазней таксама стаў універсітэтам.

Будынкі Полацкага езуіцкага калегіума ў 18 ст.

Будынкі Полацкага езуіцкага калегіума ў 18 ст.


Зачыніць. Забараніць. Выслаць

Але Полацк заставаўся ўніверсітэцкім горадам усяго восем гадоў. Царскія ўлады бачылі небяспеку ў самім існаванні вышэйшых навучальняў у паняволеным краі. Полацкую прафесуру абвінавацілі ў тым, што яна выхоўвае ў студэнтаў антыўрадавыя настроі. У адным з дасланых у Пецярбург даносаў паведамлялася, напрыклад, што на матывы расейскіх народных напеваў студэнты спяваюць «самые бунтовщицкие песни, вышедшие из шайки Костюшко».

У 1820 годзе царскім указам Полацкая акадэмія была зачыненая. Усіх сябраў Таварыства Ісуса, пад кіраўніцтвам якога знаходзілася навучальная ўстанова, выслалі за межы Расейскай імерыі.

Рассеяўшыся па свеце, многія выкладчыкі і выхаванцы Акадэміі зрабілі вялікі ўнёсак у культуру іншых краін. Да прыкладу, трохтомныя «Філасофскія разважанні» прафесара філасофіі Вінцэнта Бучынскага так уразілі бельгійскага караля, што той асабіста запрасіў вучонага-палачаніна выкладаць у Лювенскім універсітэце. Сябар Таварыства Ісуса з Полацка айцец Францішак Дзеружынскі, апынуўшыся ў ЗША, стварыў там Сент-Луіскі ўніверсітэт і заснаваў цэлую сістэму каталіцкіх навучальняў, якія дзейнічаюць і сёння.


Рабаванне акадэмічных скарбаў

Нейкі час у сценах зачыненай Акадэміі працавала вышэйшая школа каталіцкага ордэна піяраў, але і яна трапіла на падазрэнне царскім уладам. Там чытаў лекцыі гісторык-патрыёт Яўхім Лялевель. У вучэльні дзейнічала філія таемнага таварыства філаматаў. У 1830 годзе піярскую вучэльню спасціг лёс Акадэміі.

Распачалося непрыхаванае рабаванне былых акадэмічных скарбаў.

Полацк развітаўся з бясцэннай акадэмічнай бібліятэкай. Каланізатары пагрузілі на фурманкі 256 пудоў самых рэдкіх і каштоўных кніг, якія павезлі ў Пецярбург і Маскву. Магчыма, туды патрапіў і назаўсёды знік Полацкі летапіс — неацэннае сведчанне нашай старажытнай дзяржаўнасці. У расейскія сталіцы адправілі музейныя калекцыі ды найлепшыя творы карціннай галерэі.

Царская камісія знішчыла патайное памяшканне з складанай сістэмай правадоў, адкуль полацкія механікі кіравалі сваімі вынаходкамі-аўтаматамі. Знакамітую механічную галаву, што размаўляла на розных мовах, проста выламалі са сцяны ды выкінулі на сметнік як «вредную для умов забаву». Храм святога Стэфана быў таксама абрабаваны і перахрышчаны ў праваслаўны Мікалаеўскі сабор. На шчасце, старадаўні арган удалося выратаваць і перавезці ў віленскі сабор святых Янаў. Там на гэтым музычным інструменце шмат гадоў граў славуты кампазітар Станіслаў Манюшка.

У будынках Акадэміі царскія ўлады ў 1835-м адчынілі кадэцкі корпус, што мусіў выхоўваць верных слугаў «царя и Отечества». Аднак каланізатары пралічыліся. Калі распачалося вызвольнае паўстанне 1863–1864 гадоў, большая частка кадэтаў пакінула корпус, бо падтрымлівала змагароў супроць расейскага прыгнёту. За гэта кадэцкі корпус расфармавалі і ператварылі ў вайсковую гімназію.


* * *

Сёння ў старадаўніх сценах былых калегіюма і Акадэміі зноў гучаць галасы студэнтаў і выкладчыкаў. Тут месцяцца некалькі факультэтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сучасная навучальная ўстанова адлічвае сваю гісторыю ад моманту заснавання Полацкага калегіюма. Калі патрапіце ў Полацак, абавязкова наведайце ўніверсітэт, дзе турыстаў чакае захапляльная экскурсія. Вы пабачыце не толькі цікавую музейную экспазіцыю і адрэстаўраваныя акадэмічныя аўдыторыі і залы, але і зможаце на некалькіх мовах задаць пытанні адноўленай механічнай галаве. Яна, дарэчы, як і ў даўнія часы, выдатна гаворыць па-беларуску.