Праметэізм. Польская зброя супраць Сталіна

У 1920–1930-я гады ў Еўропе распаўсюдзіўся грамадска-палітычны і культурна-інтэлектуальны рух, накіраваны супраць імперскіх памкненняў Савецкага Саюза. Адным з галоўных цэнтраў праметэйскага руху была міжваенная Другая Рэч Паспалітая.

Польскія вайскоўцы і чыноўнікі, 1930-я гады, Пінск

Польскія вайскоўцы і чыноўнікі, 1930-я гады, Пінск

Свабоду ўскраінам імперыі!

Рыжская мірная дамова скончыла кровапралітную вайну паміж Польшчай і Саветамі. Разам з тым у Варшаве разумелі, што Крэмль не збіраецца развітвацца з ідэяй сусветнай рэвалюцыі, а значыць, будзе імкнуцца змагацца супраць Польшчы, якая ператварылася ў крапасную сцяну, што ахоўвала Еўропу ад бальшавізму. Эліты Другой Рэчы Паспалітай разумелі, што толькі аслабленая Расія перастане думаць пра будаўніцтва імперыі і пачне займацца ўласнымі праблемамі. Дзеля гэтага ад Масквы трэба было адарваць краіны, якія тая сілай прыцягнула да сябе.

Яшчэ ў 1904 годзе будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі прапанаваў японцам у іх барацьбе супраць Расіі зрабіць стаўку на нерускія ўскраіны імперыі Раманавых. Пры гэтым, канешне, галоўнымі былі інтарэсы Польшчы, якая на той момант таксама была ў межах Расійскай імперыі. Па сутнасці, праметэізм быў часткай федэралісцкай ідэі «начальніка польскай дзяржавы», які ўспрымаў Літву, Беларусь і Украіну як асобныя — няхай і звязаныя з Польшчай — дзяржавы. Дзякуючы праметэйскай ідэі палякі імкнуліся данесці да нерускіх народаў Савецкага Саюза ідэю, што маскоўская імперскасць — вораг не толькі для Другой Рэчы Паспалітай, але і для азербайджанцаў, грузінаў, армян, украінцаў, беларусаў і іншых народаў, якія знаходзяцца ў імперскім ярме.

Юзаф Пілсудскі, 1930-я гады

Юзаф Пілсудскі, 1930-я гады


Беларускае пытанне

У 1920-я гады ў Польшчы ўбачыў свет часопіс «Przymierze», які пазіцыянаваў сябе як «выданне народаў, якія шукаюць вызвалення». Шмат яго публікацый было прысвечана ўкраінскім і каўказскім пытанням, аднак сярод іншых у выданні быў апублікаваны артыкул «Беларускія палітычныя пастулаты» аўтарства Браніслава Тарашкевіча.

Тытул часопіса «Przymierze»

Тытул часопіса «Przymierze»

«Нацыянальнае беларускае адраджэнне паспрыяла развіццю і беларускай палітычнай думкі. Яшчэ панавала цэнтралізаваная царская Расія, а ўжо ў 90-х гадах (маюцца на ўвазе 1890-я. — Рэд.) Беларуская сацыялістычная грамада прадставіла праграму незалежнасці Беларусі ў федэрацыйным саюзе з этнаграфічнай Літвой з сумеснай сталіцай у Вільні. Ужо тады было зразумела, што толькі разам з іншымі паняволенымі народамі Беларусь зможа дамагчыся права на свабоду, і толькі ў сувязі з імі гэтую свабоду атрымаецца захаваць. [...] Беларускі селянін, які не ведае, што такое маскоўская «абшчына», які з’яўляецца прыхільнікам індывідуальнай гаспадаркі і жадае валодаць зямлёй як уласнік. Ён ніколі не пагодзіцца на камуну, не верыць у яе магчымасці, з’яўляецца станоўчым ворагам камуністычнай сістэмы і панавання камісараў. Пасля цяжкай вайны, якую, як лічыць народ, «прыдумаў цар», пасля цяжкай нямецкай акупацыі, пасля дзікіх бальшавіцкіх эксперыментаў да сялян прыходзіць разуменне, што «мы павінны самі кіраваць у сваім краі». Бальшавікі, якія ў разуменні псіхалогіі мас не маюць сабе роўных, ідуць на сустрэчу гэтым настроям — 1 студзеня 1919 года выда­юць маніфест часовага працоўна-сялянскага ўраду савецкай Беларусі». [...] Нянавісць да тэрарыстычнай палітыкі бальшавіцкіх камісараў накіравала беларускія сімпатыі ў бок Польшчы. [...] Сёння больш, чым калі б тое ні было, стала ясна, што не толькі Беларусь і Украіна не змогуць стварыць незалежнасць і ўтрымаць яе, не толькі Літва, Латвія, Эстонія, але і Польшча і Фінляндыя не змогуць утрымацца, калі ўсе гэтыя дзяржавы не змогуць устанавіць моцны саюз», — адзначаў беларускі палітычны дзеяч у праграмным артыкуле.

Артыкул Б.Тарашкевіча, 1920 г.

Артыкул Б.Тарашкевіча, 1920 г.

На жаль, яго ідэі не атрымалі падтрымкі з боку польскіх уладаў, а ў міжваеннае дваццацігоддзе сам Тарашкевіч ператварыўся ў прыхільніка камуністычных ідэй, за што і паплаціўся жыццём.

Баявое прымяненне

У 1930-я гады варшаўскія стратэгі сталі надаваць менш увагі сваім заходнім суседзям і канцэнтраваліся на працы з народамі Каўказу. Адну з галоўных роляў тут адыгрывалі грузіны, аб’яднаныя ў Грузінскую вайсковую арганізацыю. Частка з іх жыла ў Францыі. Іншыя служылі ў Войску Польскім у якасці афіцэраў-кантрактнікаў. Польскае вайсковае камандаванне планавала стварыць дыверсійную групу з грузінаў, якіх рыхтавалі на працягу двух тыдняў. Дыверсантаў вучылі падрыўной справе, выкарыстанню хімічных рэчываў, арганізацыі партызанскіх груп. Варта адзначыць, што падчас Другой сусветнай вайны грузінскія афіцэры-кантрактнікі мужна баранілі Польшчу ад нацыстаў, а некаторыя сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.

Грузінскія афіцэры Войска Польскага

Грузінскія афіцэры Войска Польскага

Пасля падпісання польска-савецкай дамовы аб ненападзе ў 1932 годзе праметэйскі рух быў накіраваны, перш за ўсё, на палітычную дыверсію супраць Савецкага Саюза. Аднак пасля смерці Пілсудскага польскія ўлады пачалі стрымана ставіцца да дыверсантаў з ліку прыхільнікаў праметэізму. Звязана гэта было яшчэ і з тым, што ДПУ/НКУС эфектыўна знішчала антысавецкае падполле ва Украіне, на Каўказе і Туркестане. У структуры Галоўштабу Войска Польскага арганізацыяй дыверсій супраць СССР займаўся аддзел «Група XIII «Расія». З 1932 года ён стаў называцца падрэферат «Расія», а ў 1934 годзе быў створаны рэферат «В» — «Усход». Пазней Экспазітура №2 польскай выведкі стварыла «Актыўную праметэйскую групу», у склад якой уваходзілі маладыя хлопцы розных нацыянальнасцяў, што праходзілі падрыхтоўку ў сферы падпольнай дзейнасці. Гэтыя людзі павінны былі ўлівацца ў розныя праметэйскія цэнтры ў Еўропе і паступова браць іх пад кантроль. Пры гэтым у задачу падрыхтаваных у Польшчы агентаў уваходзіла «чыстка» шэрагаў арганізацый ад непажаданых элементаў і агентаў Крамля.

У 1934 годзе польская выведка правяла набор на курс спецпадрыхтоўкі сярод праметэйскай моладзі. Адным з цэнтраў, дзе рыхтавалі новую эліту, быў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. Дарэчы, студэнты атрымлівалі стыпендыі польскага ўраду. «Дзеячы праметэйскага руху павінны мець не толькі мускулы і характар, але і інтэлект», — разважалі польскія вайскоўцы.

У канцы 1930-х гадоў камандаванне Войска Польскага стала часцей узгадваць пра праметэйскі рух. У 1937 годзе ў структуры Другога аддзелу Галоўнага штабу Войска Польскага быў створаны Трэці аддзел Планавання і арганізацыі вайсковых дыверсій на чале з падпалкоўнікам Юзафам Скшыдлеўскім. У 1938 годзе была створана арганізацыя «Крэсовыя загончыкі», у склад якой уваходзіла некалькі соцень чалавек. На яе чале стаяў маёр Уладзімеж Дамброўскі. Аднак у Варшаве ўжо разумелі, што вайна ў Польшчу, хутчэй за ўсё, прыйдзе з Захаду, а абараняць Другую Рэч Паспалітую павінны, перш за ўсё, яе грамадзяне, а не іншаземцы.

Польскія чыноўнікі і вайскоўцы назіраюць за Мінскам. 1930-я гады. Душкава

Польскія чыноўнікі і вайскоўцы назіраюць за Мінскам. 1930-я гады. Душкава

Сумны лёс ваеннапалонных

Пасля 17 верасня 1939 года частка былых радавых дзеячаў праметэйскага руху трапіла ў рукі НКУС. Бальшавіцкая выведка звяртала на такіх людзей асаблівую ўвагу. Сярод іншых у рукі чэкістаў трапіў азербайджанец Караеў, які на допытах прызнаўся, што па рэкамендацыі аднаго з лідараў эміграцыі быў накіраваны ў Польшчу для праходжання службы ў Войску Польскім з перспектывай выкарыстання ў дыверсійнай вайне супраць СССР.

Цікава, што азербайджанец праходзіў службу ў 6-м палку пяхоты легіёнаў у Вільні. На жаль, далейшы лёс «палоннага» нам не вядомы.

Памежнік КАП, 1930-я гады

Памежнік КАП, 1930-я гады

Канешне, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, аднак сёння можна з упэўненасцю сказаць, што праметэйскі рух меў вялікі вайсковы патэнцыял, які Другая Рэч Паспалітая не змагла выкарыстаць. Да таго ж выклікае здзіўленне, што польскі Галоўштаб не звяртаў увагу на магчымасць стварэння нацыянальных беларускіх і ўкраінскіх падраздзяленняў у сваім войску. Так, гэта патрабавала б змянення ўсёй нацыянальнай палітыкі, якую праводзіла Варшава на сваіх «Крэсах». Разам з тым, нягледзячы на шматлікія пралікі «санацыйных» уладаў, у верасні 1939 года польскую незалежнасць абаранялі тысячы беларусаў і ўкраінцаў. І рабілі гэта мужна і з гонарам.

Фота з архіву Ігара Мельнікава