Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі

Сёння — 129-я гадавіна з дня нараджэння беларускага навуковага і грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. Асоба стваральніка першай беларускай граматыкі вельмі спрэчная, адны лічаць яго выбітным навукоўцам і даследчыкам, іншыя называюць камуністам і агентам Савецкага Саюза.

a57ed24450c84b1a3da03eb56870d25b.jpg


Але застаецца нязменным той факт, што выбітны дзеяч беларускай зямлі і асоба, якая мусіць мець сваё месца ў пантэоне найлепшых асобаў гісторыі Беларусі, незаслужана губляецца і не шануецца. Дык кім насамрэч быў Браніслаў Тарашкевіч і за што яму можна падзякаваць?
Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў звычайнай сялянскай сям’і Адама Тарашкевіча і Алены Чарняўскай, што жылі ў вёсцы Мацюлішкі (30 кіламетраў ад Вільні). З дзяцінства Браніслава цягнула да навукі і новых ведаў. Менавіта Тарасік, як яго называлі дома, быў адзіны з сям’і, хто ў будучыні атрымае вышэйшую адукацыю і дасягне вялікіх поспехаў у навуковай дзейнасці.

Хэлена і Адам Тарашкевічы

Хэлена і Адам Тарашкевічы


Першапачаткова Браніслаў вучыўся ў народнай вучэльні, дзе паказваў высокія вынікі ў атрыманні ведаў. Дзякуючы памешчыцы Гелене Стамброўскай, што апекавалася будучым навукоўцам, у чатырнаццаць Браніслаў паступіў у Віленскую гімназію. Падчас навучання, у свае шаснаццаць гадоў, хлопчык пачынае працаваць рэпетытарам і зарабляць першыя грошы.
У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні, адным з якіх была патрыятычна-незалежная арганізацыя «Вызваленне», вядомая сваім лозунгам «Навука, Цнота, Айчына». Гэтае згуртаванне па праве можна назваць працягам традыцый філаматаў і філарэтаў. Туды ўваходзілі найлепшыя навучэнцы гімназіі. Нягледзячы на розныя погляды ўдзельнікаў «Вызвалення», усіх аб’ядноўвалі думкі наконт нацыянальнага пытання. Згуртаванне студэнтаў арганізацыі падзялялася на левых і правых, Тарашкевіч належаў да левага адгалінавання гуртка, у якім навучэнцы цікавіліся эканомікай і палітычнай філасофіяй.
Цікавы факт. Другая Віленская гімназія, дзе навучаўся Браніслаў Тарашкевіч, месцілася ў будынку былога Віленскага ўніверсітэта, адкрытага за часамі Стэфана Баторыя, але закрытага пасля паўстання 1831 года. Калісьці ў гэтым універсітэце навучаліся такія выбітныя дзеячы, як Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, і менавіта яны былі аднымі з арганізатараў і ўдзельнікаў арганізацый філаматаў і філарэтаў у сценах навучальнай установы.

Віленскі ўніверсітэт (пасля закрыцця — 2-я Віленская гімназія).

Віленскі ўніверсітэт (пасля закрыцця — 2-я Віленская гімназія).


Пад канец навучання Браніслаў Тарашкевіч канчаткова вызначаецца як беларус, а таксама перастае наведваць касцёл і робіцца атэістам. У гэты ж час ён трапляе ў колы беларускай інтэлігенцыі і пачынае наведваць выдавецтва газеты «Наша Ніва». У 1911 годзе заканчвае Віленскую гімназію са срэбным медалём і сярэднім балам 4,3.
Адразу пасля заканчэння гімназіі Тарашкевіч накіроўваецца ў Пецярбург для далейшай адукацыі і без перашкод паступае ў Пецярбургскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Навучаючыся пад кіраўніцтвам такіх выбітных навукоўцаў і даследчыкаў, як Яўхім Карскі і Аляксей Шахматаў, Браніслаў даволі грунтоўна падыходзіць да даследавання моўнага пытання і распачынае працу над знакамітай беларускай граматыкай. Таксама збірае арганізацыю навукова-літаратурнага згуртавання студэнтаў. Падчас свайго знаходжання ў Пецярбургу Дзядзька Тарас (так Тарашкевіча называлі сябры), даволі блізка знаёміцца з Янкам Купалам і нават вядзе з ім перапіску наконт найхутчэйшага выдання беларускай граматыкі. Скончыўшы ў 1916 годзе ўніверсітэт, Браніслаў яшчэ на год застаецца працаваць на кафедры рускай мовы і літаратуры. Ва ўсе навучальныя этапы свайго жыцця Тарашкевіч паказаў сабе як выдатны вучань, а таксама грунтоўна і акрэслена сфармаваў сваё гледжанне на беларускую самасвядомасць.

20ad236e287835bd5e41e89c8af7c077.jpg


Праз год Браніслаў Адамавіч вяртаецца ў Беларусь і робіцца адным з лідараў першай палітычнай партыі Беларусі, а таксама самай вялікай па колькасці сяброў — Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Падчас абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Браніслаў знаходзіўся ў Мінску, але, як потым сам згадваў у сваёй аўтабіяграфіі, «ніколі не ўваходзіў у склад урада, але і чужым у ім не быў».
У тым жа 1918 годзе ў Вільні была выдадзеная «Беларуская граматыка для школ», якая з’яўляецца самай вядомай працай Браніслава Тарашкевіча. Граматыка была напісаная кірыліцай і лацінкай. Яна перавыдавалася і дапаўнялася некалькі разоў. У ёй былі сабраныя і замацаваныя пісьмовыя традыцыі, якімі карысталіся ў розных жанрах літаратуры. Таксама асновай працы сталі даследаванні Аляксея Шахматава і Яўхіма Карскага. Падчас беларусізацыі 1920-х гадоў граматыка Тарашкевіча стала галоўным падручнікам па вывучэнні беларускай мовы, але літаральна праз пару гадоў, у сталінскі перыяд, кніга ўвайшла ў спіс забароненай літаратуры.

f6e63302a03d11e055b6350559d5f17a.jpg


У 1919 годзе Браніслаў Тарашкевіч выкладаў беларускую і старажытнагрэцкую мовы ў Мінскім педагагічным інстытуце. Пасля адыходу тэрыторыі Заходняй Беларусі да Польшчы ў 1921 годзе Тарашкевіч стаў членам Цэнтральнага беларускага выбарчага камітэта, а таксама дырэктарам беларускай гімназіі ў Вільні. У той жа час пабраўся першым шлюбам з Верай Сніткай, дачкой вядомага археолага і этнографа Андрэя Сніткі.

Браніслаў Тарашкевіч з сям’ёй

Браніслаў Тарашкевіч з сям’ёй



Браніслаў Тарашкевіч з сынам Радаславам

Браніслаў Тарашкевіч з сынам Радаславам


У 1921 годзе Тарашкевіч заняў пасаду пасла ў сейме Польскай Рэспублікі. Цягам года, пакуль займаў гэтую пасаду, актыўна крытыкаваў польскую палітыку і выступаў за пошук шляхоў далейшага развіцця Беларусі і Польшчы. Яшчэ праз год ён становіцца старшынёй Беларускага пасольскага клуба і распрацоўвае праект беларускай аўтаноміі, але на абмеркаванне сейма гэты праект так і не быў вынесены. У 1923 годзе Браніслаў Адамавіч узяў актыўны ўдзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства, пасля чаго яго адхіляюць ад пасады старшыні Беларускага пасольскага клуба, а 24 чэрвеня 1925 года ён увогуле выходзіць з яго складу. Менавіта тады пачынаецца збліжэнне Браніслава Тарашкевіча з лідарамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, і ўжо ў снежні 1925 года яго прымаюць у партыю.

Беларускі Пасольскі Клуб

Беларускі Пасольскі Клуб


 У студзені 1927 года адбываецца першы арышт, а праз год — і суд, які асуджае Тарашкевіча на 12 гадоў зняволення, якое ён адбываў у віленскіх Лукішках. Падчас свайго зняволення Браніслаў Адамавіч чытае галоўную працу Карла Маркса «Капітал» і іншую палітычную і эканамічную літаратуру, займаецца перакладамі на беларуску мову такіх твораў, як «Іліяда» і «Адысея» Гамэра, а таксама «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. У 1929 годзе яму змяншаюць тэрмін зняволення да 8 гадоў, а праз год датэрмінова выпускаюць з астрога. Не спыняючы сваёй камуністычнай дзейнасці, пад ціскам польскіх уладаў Тарашкевіч пераязджае ў Данцыг (сённяшні Гданьск). 5 лютага 1931 года яго арыштоўваюць другі раз падчас спробы пераехаць з Данцыга ў Берлін па пашпарце на чужое імя. У лістападзе 1932 года суд прыгаворвае яго да 8 гадоў катаржнай турмы.

Часопіс Маланка - малюнак БСГ

Часопіс Маланка - малюнак БСГ


У 1927 годзе ў Мінску быў затрыманы і адпраўлены ў Салавецкі лагер вядомы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Менавіта на яго, дзякуючы намаганням ваяводскага доктара Адольфа Наркевіча, быў абменены Браніслаў Тарашкевіч. Абмен вязнямі адбыўся 6 верасня 1933 года, каля памежнай станцыі Коласава. Па легендзе, пры сустрэчы на мяжы Францішак Аляхновіч сказаў Тарашкевічу: «Бронюсь, ідзеш на смерць».

Станцыя Коласава, каля якой адбываўся абмен палітвязнямі

Станцыя Коласава, каля якой адбываўся абмен палітвязнямі


7 верасня Тарашкевіч быў у Мінску, а ў хуткім часе пераехаў у Маскву, дзе ў 1934 годзе пабраўся другім шлюбам з Нінай Палянскай. Літаральна праз некалькі гадоў, 6 траўня 1937 года, Тарашкевіч быў арыштаваны НКУС па сфабрыкаванай справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і 5 студзеня 1938 года атрымаў прысуд на расстрэл. Паводле афіцыйнай версіі, Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч быў расстраляны 29 лістапада 1938 года, але даследчык Леанід Маракоў выказвае думку, што навуковец загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. 26 студзеня 1957 года Браніслаў Тарашкевіч быў рэабілітаваны.

56c58f20e13067f6a730e2cfd8493d7f.jpg


На сёння асоба Браніслава Тарашкевіча вельмі спрэчная і маладаследаваная, але дакладна можна заявіць што Браніслаў Адамавіч — выбітны сын і дзеяч беларускай зямлі, бо якіх бы поглядаў ні прытрымліваўся Тарашкевіч, ён зрабіў велізарны ўнёсак у навуковую, грамадскую і палітычную гісторыю Беларусі.
Памяць пра яго захаваная ў назвах вуліцаў у Мінску, Маладзечне, а таксама мястэчку Радашковічы. Месца для помніка ці шыльды ў гонар беларускага дзеяча ў Беларусі пакуль што не знайшлося.
Антон Шаранкевіч, Budzma.by