Сталінская галгофа каталіцкіх святароў

На савецкай тэрыторыі праводзіліся арышты найбольш уплывовых каталіцкіх святароў. Іх абвінавачвалі ў рэлігійнай агітацыі, накіраванай на звяржэнне камуністычнага строю, шпіянажы на карысць буржуазных выведак (перш за ўсё польскай), кантактах з замежжам, неданясенні пра тую ці іншую антысавецкую дзейнасць.

Касцёл у Бабруйску

Касцёл у Бабруйску

У міжваенны час Беларусь, нягледзячы на заключаны ў 1921 годзе «Рыжскі мір», працягвала, па-сутнасці, быць прыфрантавой рэспублікай. Мінск знаходзіўся ўсяго ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Польшчы, і Савецкая Беларусь, у выпадку вайны, павінна была прыняць першы ўдар «капіталістычнага свету». На гэтым фоне савецкія спецыяльныя органы імкнуліся цалкам «ачысціць» памежную рэспубліку ад варожай агентуры і іх памагатых. Асаблівую ўвагу чэкістаў прыцягвалі каталіцкія святары, сувязь з Польшчай і Ватыканам якіх не выклікала дадатковых пытанняў.

«Агенты» Польшчы і Ватыкана

Яшчэ ў красавіку 1923 года ў Маскве адбыўся працэс над кіраўніком каталіцкага касцёла ў СССР архіепіскапам Янам Цеплякам. Яго абвінавачвалі ў непадпарадкаванні савецкім уладам і выступленні супраць іх. У выніку святара прысудзілі да смяротнага пакарання, якое потым замянілі на 10 гадоў лагерных прац. Урэшце, ужо ў красавіку 1923 года Цепляку, у рамках міжнародных абменаў вязняў, дазволілі выехаць на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай.

Савецкія і польскія чыноўнікі на станцыі Стоўбцы

Савецкія і польскія чыноўнікі на станцыі Стоўбцы

У ліпені 1922 года ў Віцебскай губерні судзілі ксяндза Язэпа Лук’яновіча, які не даў бальшавікам знішчыць рэліквіі Андрэя Баболі. У гэты ж час адбыўся працэс над каталіцкімі святарамі ў Мінску, якіх абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі рэквізіцыі каштоўных рэчаў з касцёлаў. Абвінавачаных прысудзілі да розных тэрмінаў зняволення. У 1924 годзе быў распрацаваны Кодэкс правіл функцыянавання каталіцкага касцёла ў СССР, у якім, сярод іншага, адзначалася, што ксяндзы ў сваёй дзейнасці павінны кіравацца савецкімі законамі і ім падпарадкоўвацца. Да таго ж бальшавіцкія ўлады разглядалі магчымасць прыняцца на сваёй тэрыторыі ксяндзоў з Італіі і Германіі, аднак хутка ў Крамлі зразумелі, што ў «першую краіну працоўных і сялян» могуць прыехаць «фашысты» (у Італіі набіраў моц Мусаліні, а ў Германіі прыхільнікі нацыянал-сацыялізму станавіліся ўсё больш папулярнымі. — І.М.). Таму самым простым выйсцем была арганізацыя працы мясцовых каталіцкіх святароў. Тых, хто паходзіў з БССР ці іншых савецкіх рэспублік.

Тры этапы знішчэння

У 1924 годзе на тэрыторыі Савецкай Беларусі працавалі 36 каталіцкіх святароў, з якіх было 13 палякаў, 12 беларусаў, 3 «неўсталяванай» нацыянальнасці, 4 літоўцы і яшчэ 4 беларусы — прадстаўнікі антыклерыкальнай царквы. АДПУ/НКУС увесь час сачылі за дзейнасцю ксяндзоў і іх памагатых. У гэты час адбываліся рознага роду правакацыі супраць каталіцкіх святароў. У пачатку 1930-х гадоў сталі адбывацца арышты тых, хто знаходзіўся ў парафіяльных саветах. У Мінску, напрыклад, былі арыштаваныя 24 чалавекі. У сталіцы па абвінавачанні ў дачыненні да «Польскай вайсковай арганізацыі» (POW) быў арыштаваны ксёндз Адам Пучкар-Хмялецкі, а ў Гомелі — пробашч Кастусь Андрэксус.
Выведка польскага Корпуса аховы памежжа ў 1933 годзе вылучала ў палітыцы савецкіх уладаў у адносінах да каталіцкага касцёла тры этапы. Першы быў звязаны з паралізацыяй дзейнасці каталіцкай царквы праз ужыванне высокіх падаткаў і іншых збораў. Другі быў звязаны з дыскрэдытацыяй ксяндзоў і святароў у маральным сэнсе і іх шантаж. Рабілася гэта яшчэ і дзеля таго, каб завербаваць частку клірыкаў і зрабіць з іх «саксупаў» — «сакрэтных супрацоўнікаў». Нарэшце, падчас трэцяга этапу на савецкай тэрыторыі праводзіліся арышты найбольш уплывовых каталіцкіх святароў. Пры гэтым апошніх абвінавачвалі ў рэлігійнай агітацыі, накіраванай на звяржэнне камуністычнага строю, шпіянажы на карысць буржуазных выведак (перш за ўсё польскай. — І.М.), кантактах з замежжам, неданясенні пра тую ці іншую антысавецкую дзейнасць.
«Цяпер у парафіях засталіся нешматлікія ксяндзы, у асноўным хворыя ці старыя людзі, якія не маюць ніякага ўплыву і якія робяць усё, што ім загадаюць савецкія ўлады. Арыштаваныя ксяндзы знаходзяцца ў розных турмах, на Салаўках. Ксяндзоў трымаюць на востраве Анзэр і Троіцкай “камандзіроўцы” з мэтай, каб яны не мелі ўплыву на вязняў. Шмат ксяндзоў адбылі свой тэрмін зняволення, аднак іх па сёння не вызвалілі», — адзначалася ў справаздачы польскага КАП у жніўні 1933 года.
Такая сітуацыя не магла прайсці незаўважанай для вернікаў. Жанчыны працягвалі наведваць службы і маліцца. Мужчыны ўжо радзей хадзілі ў касцёл. Цікава было тое, што, напрыклад, жаўнерам Чырвонай Арміі ўвогуле было забаронена наведваць рэлігійныя ўстановы. Паступова звычайныя жыхары БССР пачалі абыходзіць касцёлы бокам, бо адчувалі, што ўлады будуць помсціць за такія візіты.

Тыя, хто прайшоў праз пекла на зямлі

У пачатку 1930-х гадоў польскія выведнікі склалі спіс ксяндзоў, якія знаходзіліся ў турмах і лагерах на тэрыторыі СССР. Сярод іншых там былі і беларусы, а таксама тыя, хто нарадзіўся і працаваў на тэрыторыі нашай краіны. У 1923 годзе быў арыштаваны ўраджэнец Гродзенскай губерні, каталіцкі святар Ян Тройга. Ксяндза прысудзілі да трох гадоў турэмнага зняволення. Польскія ўлады спрабавалі вызваліць святара. У выніку ў снежні 1924 года Тройга аказаўся на волі. Праз тры гады АДПУ зноў арыштавала яго, і хутка ксёндз быў накіраваны на Салаўкі, на востраў Анзэр. У 1932 годзе адбыўся трэці арышт айца Яна. Цяпер ужо па «групавой справе каталіцкага духавенства». У тым жа годзе ён памёр у турэмным шпіталі.

Ян Тройга

Ян Тройга

У 1925 годзе да трох гадоў турмы прысудзілі ксяндза з-пад Віцебска Казіміра Юршына (літоўца па нацыянальнасці). Тады ж у рукі ДПУ трапіў настаяцель прыхода ў Віцебску Леанард Бараноўскі. Першы раз бальшавікі арыштавалі яго яшчэ ў 1919 годзе. Тады чырвонаармейцы ўзялі яго ў закладнікі. Пазней святар быў узяты пад варту ў 1922-м. Нарэшце ў 1925-м Бараноўскага абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы, і ў ліпені таго ж года калегія АДПУ прысудзіла яго да трох гадоў лагерных прац. Летам 1926-га Леанард Бараноўскі быў накіраваны ў Салавецкі лагер асобага прызначэння, дзе прасядзеў да лета 1928-га, калі зноў быў прысуджаны да трох гадоў ссылкі і накіраваны ў вёску Тагур Нарымскага краю. Там ён і памёр у снежні 1930-га ад тыфу.
У 1926 годзе ў Ленінградзе быў арыштаваны беларус, ураджэнец Ваўкавыска Гродзенскай губерні, ксёндз Павел Хоміч. Ён скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю і Духоўную акадэмію ў горадзе на Няве. У 1920-я гады служыў у розных касцёлах на тэрыторыі Расіі. АДПУ абвінаваціла беларускага святара ў «правядзенні контррэвалюцыйнай рэлігійнай дзейнасці сярод моладзі», і ў 1927-м Хоміч быў асуджаны на 10 гадоў лагерных прац. Знаходзіўся на востраве Анзэр.

Ксёндз Павел Хоміч

Ксёндз Павел Хоміч

 У ліпені 1932 года Павел Сямёнавіч быў арыштаваны «па групавой справе каталіцкага духавенства» і быў прысуджаны да года знаходжання ў штрафным ізалятары. Пазней Хоміч быў вывезены ў Ленінградскую турму, а пасля гэтага этапаваны ў лагер у Камсамольску-на-Амуры. У 1935-м ксяндза Паўла вярнулі ў Салавецкі лагер, а праз год вызвалілі з забаронай жыць у 12 буйных гарадах СССР і памежных тэрыторыях. Аднак у жніўні 1939 года святар прыехаў у Ленінград. У ліпені 1942 года Павал Хоміч быў арыштаваны НКУС і абвінавачаны ў «паражэнчай прапагандзе». Нагадаю, гэта быў самы цяжкі час блакады Ленінграда. 1 верасня 1942 года беларуса расстралялі.

ksjondz_paval_homicz._zdymak_sa_sledczaj_spravy.jpg

Ксёндз Павел Хоміч — здымак са следчай справы
У 1927 годзе быў арыштаваны настаяцель касцёла ў Лагойску Язэп Ібянскі. Яго прысудзілі да пяці гадоў лагерных прац. Ксяндза накіравалі на Салаўкі, дзе той і памёр у 1929-м.
У гэты ж перыяд на Міншчыне быў арыштаваны ксёндз Уладзіслаў Жаўняровіч. Першапачаткова яго прысудзілі да пяці гадоў турмы. Ксяндза накіравалі ў Салавецкі лагер, адкуль у траўні 1930-га ён быў выпушчаны па амністыі. З верасня 1930 года Жаўняровіч знаходзіўся ў Томскім краі. У 1933 годзе яго вызвалілі, але з абмежаваннем (забаронай на жыхарства ў 12 вялікіх гарадах і памежнай зоне). У жніўні 1937-га НКУС зноў арыштаваў яго і абвінаваціў у контррэвалюцыйнай дзейнасці. У верасні 1937-га Жаўняровіч быў расстраляны.
Такі ж лёс напаткаў іншых святароў: Івана Жаўрыда ў Бабруйску, ураджэнца Аршанскага павета Магілёўскай губерні, святара з Ніжняга Ноўгараду Антонія Дземяшкевіча, магілёўскага ксяндза Язэпа Белагаловага, віцебскага ксяндза Адольфа Філіпа і шмат каго яшчэ…

Мянялі, як Тарашкевіча

Толькі некаторым каталіцкім святарам з тэрыторыі СССР атрымлівалася ўратавацца з дапамогай абмену палітзняволенымі паміж СССР і Другой Рэччу Паспалітай. У 1927 годзе быў арыштаваны магілёўскі біскуп, латыш Баляслаў Сласкан, якога асудзілі на тры гады. У 1919-м ён быў настаяцелем касцёла Святой Кацярыны ў Петраградзе, у 1924-м служыў у Маскве, потым у Ленінградзе. Пазней пераехаў у Віцебск, а пасля гэтага быў прызначаны на Магілёўскую кафедру. Яму ўдалося выехаць за мяжу і пазней ён быў арцыбіскупам Магілёўскім у… Бруселі.

Польскі памежнік дае воду пасажырам Транссібірскага экспрэсу

Польскі памежнік дае воду пасажырам Транссібірскага экспрэсу

У 1926 годзе АДПУ арыштавала ксяндза Чэслава Федаровіча, які служыў на тэрыторыі савецкай Украіны. Ён прайшоў праз Салаўкі, турмы ў Харкаве, Яраслаўлі, Маскве пакуль у 1932 годзе не быў абменены на савецкага шпіёна.

Польскія чыноўнікі ля кс. Ч. Федаровіча. Станцыя Стоўбцы

Польскія чыноўнікі ля кс. Ч. Федаровіча. Станцыя Стоўбцы

У 1933 годзе быў абменены і выехаў у Літву ксёндз Вітальд Пашкевіч з Магілёва. Ён быў арыштаваны ДПУ ў 1930-м. Святара абвінавацілі ў «распальванні варожых да савецкай улады настрояў» і накіравалі ў лагер на пяць гадоў. «Добры ксёндз, мае моцны і рашучы характар», — адзначалася ў дакуменце КАП. У ліпені 1932-га Пашкевіча зноў арыштавалі і абвінавацілі ў «стварэнні антысавецкай групоўкі», а таксама ў перадачы шпіёнскіх звестак аб палажэнні католікаў у СССР за мяжу. Пашкевіч быў вывезены ў Бутырскую турму ў Маскве.Пасля вызвалення Пашкевіч жыў у Латвіі, у Краславе, аднак летам 1941 года быў арыштаваны і забіты.Адзначу, што абмен усіх палітзняволеных у 1930-я гады адбываўся на памежнай станцыі Коласава. Там, дзе мянялі і Тарашкевіча на Аляхновіча.

Польскі паліцыянт і жаўнер КАП ля Транссібірскага экспрэсу

Польскі паліцыянт і жаўнер КАП ля Транссібірскага экспрэсу

У сярэдзіне 1930-х гадоў выведка КАП інфармавала Варшаву, што касцёлы і цэрквы на тэрыторыі БССР закрытыя, і часцей за ўсё выкарыстоўваюцца як склады для збожжа. Аднак ні польскія памежныя выведнікі, ні жыхары паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай у той час нават не здагадваліся, які жах іх чакае ў пачатку Другой сусветнай вайны. У верасні 1939 года бальшавіцкія ўлады пачалі рэалізоўваць сваю антырэлігійную палітыку ўжо на тэрыторыі новых заходніх абласцей БССР.