«Вялікія ўцёкі». Эпізод Другой сусветнай, пра які не ведалі ў СССР

У 1963 годзе на сусветныя экраны выйшаў галівудскі фільм «Вялікія ўцёкі», прысвечаны масавым уцёкам пілотаў авіяцыі саюзнікаў з нацысцкага палону.  

Пахаванні брытанскіх вайскоўцаў 1940 г.

Пахаванні брытанскіх вайскоўцаў 1940 г.

Калі я ўпершыню паглядзеў гэты фільм у пачатку 2000-х гадоў, у вочы кінулася, што сярод тых, хто арганізоўваў уцёкі са шталага «Люфт ІІІ» было шмат польскіх пілотаў, якія ваявалі ў складзе брытанскіх ВПС. Пазней мяне чакала яшчэ адно адкрыццё, звязанае з гэтым фільмам. Аказалася, што рэальныя ўцёкі пілотаў адбыліся на тэрыторыі Польшчы, а тыя, хто быў схоплены і расстраляны нацыстамі, пахаваныя ў Познані.

Брытанцы ў руках НКУС

Калі я трапіў на вайсковыя могілкі брытанскай садружнасці ў познаньскай цытадэлі (там пахаваныя не толькі жаўнеры Другой сусветнай, але і Першай сусветнай вайны), то адразу ўбачыў, што шэраг брытанскіх палонных, якія там пахаваныя, загінулі ў 1940 годзе. Брытанскія вайскоўцы траплялі ў рукі немцаў падчас ваенных дзеянняў у Францыі летам таго ж 1940-га, а пілоты Royal Airforce (RAF) ажыццяўлялі баявыя вылеты не толькі над Францыяй, але і над Германіяй, і там іх часта збівалі.
Сярод іншых летам-восенню 1940 года ў нямецкім палоне на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Польшчы загінулі і пахаваныя ў Познані брытанскія вайскоўцы Тэйлар, Брукер, Арчэр, Трымінгс ды іншыя. Другая сусветная вайна толькі пачыналася, і шмат каму з брытанскіх палонных хацелася працягваць барацьбу супраць нацыстаў, а дзеля гэтага трэба было збегчы з палону. Уцёкі праз тэрыторыю Германіі, дзе пранацысцкія настроі ў пачатку вайны былі дастаткова моцнымі, былі асуджаныя на правал. Заставаўся шлях на Усход — у СССР.
У свой час я знайшоў савецкія архіўныя дакументы 1941 года, у якіх згадваліся брытанскія вайскоўцы, якія ў той час знаходзіліся ў савецкіх лагерах і турмах. Так, у справаздачы Лаўрэнцію Берыя начальнік Упраўлення НКУС па справах ваеннапалонных Пётр Сапруненка ў 1941 годзе адзначаў, што ў Казельскім лагеры для ваеннапалонных знаходзяцца французскія і брытанскія вайскоўцы, якія абвясцілі галадоўку.
Па словах брытанцаў і французаў, калі яны знаходзіліся ў савецкіх турмах у Беластоку, Мінску і Маскве, то пісалі лісты ў свае абмасады, аднак гэтая карэспандэнцыя не дайшла да адрасата. Замежнікі патрабавалі сустрэчы са сваімі дыпламатамі, аднак адміністрацыя лагера заявіла, што ніякіх патрабаванняў да НКУС палонныя выказваць не могуць. А хутка з Масквы прыйшло ўказанне ўзмацніць рэжым утрымання гэтых людзей і завербаваць у іх шыхты інфарматараў. Усяго на той момант у руках савецкіх спецорганаў знаходзілася 92 французскіх, 11 брытанскіх, 1 бельгійскі вайсковец. Сярод іх было 72 шарагоўца, 2 капітана, 2 лейтэнанта, больш за 20 сяржантаў і капралаў. Ва ўспамінах вязня савецкага ГУЛАГу польскага грамадзяніна Ежы Главалы ёсць таксама згадка пра брытанцаў. З вайскоўцамі з «Туманнага Альбіёна» паляк сядзеў у… мінскай «Валадарцы» і адзначаў, што трымаліся яны вельмі цвёрда і мужна.
На жаль, сёння дакладна не вядома, што стала з гэтымі «палоннымі», якія аказаліся ў руках НКУС у перыяд «мядовага месяцу» дыктатараў. Магчыма, падчас жудаснай эвакуацыі мінскіх турмаў у чэрвені 1941-га нехта з брытанцаў стаў ахвярай людзей у «валошкавых фуражках».

Падрыхтоўка легендарных уцёкаў

Магілы ўдзельнікаў вялікіх уцёкаў

Магілы ўдзельнікаў вялікіх уцёкаў

У 1942 годзе на тэрыторыі Трэцяга Рэйху ў мястэчку Жагань у Сілезіі быў створаны нямецкі шталаг для ўтрымання палонных пілотаў з краін антыгітлераўскай кааліцыі. Месца было абранае невыпадкова. Да нейтральнай Швейцарыі адтуль было 600 кіламетраў, а да Балтыйскага мора — каля 300 кіламетраў. Шталаг знаходзіўся на германскай тэрыторыі, а значыць, спачування вязням ад мясцовага насельніцтва чакаць не даводзілася. Лагер уяўляў сабой драўляныя баракі, вакол якіх быў плот з калючага дроту. Да таго ж нацысты змантавалі мікрафоны, каб сачыць за любой падазронай актыўнасцю палонных пілотаў.
Камендантам Шталагу «Люфт ІІІ» быў палкоўнік Люфтвафэ Фрыдрых фон Ліндайнэр-Вільдаў. Кантынгент вязняў складаўся ў асноўным з тых, хто раней спрабаваў збегчы, але паўторна трапляў у рукі нацыстаў. Першапачаткова ў «Люфт ІІІ» накіроўвалі ў асноўным брытанскіх пілотаў, а потым да іх дадаліся аўстралійцы, новазеландцы, канадцы і, зразумела, амерыканцы. Таксама там знаходзіліся і вязні з еўрапейскіх краін, якія змагаліся супраць нацыстаў. Нарэшце, у верасні 1944 года ў лагер прывезлі палонных пілотаў РСЧА з ліквідаванага ў Лодзі шталагу «Люфт ІІ». Увосень 1944 года ў лагеры ў Жагані размяшчалася каля 10 тысяч ваеннапалонных з краін антыгітлераўскай кааліцыі.
У 1944 годзе вайна ў Еўропе ішла да свайго лагічнага заканчэння. Адчувалі гэта і вязні, якія хацелі вырвацца з рук нацыстаў і помсціць ім. Вязні шталагу «Люфт ІІІ» пачалі рыхтаваць «вялікія ўцёкі». Вялікія яшчэ і таму, што бегчы рыхтавалася каля 600 чалавек! У адрозненне ад савецкіх ваеннапалонных, пілоты з Вялікабрытаніі і іншых краін атрымлівалі пасылкі ад Чырвонага Крыжа. У іх, сярод іншага, таемна дасылаліся падробленыя дакументы, цывільная вопратка і іншыя, неабходныя для ўцёкаў рэчы. Акрамя гэтага, рыхтаваць уцёкі вязням дапамагалі амерыканскія выведнікі са спецыяльнага аддзела, які знаходзіўся ў Форце Хант у Вірджыніі. Перадача неабходных матэрыялаў і інфармацыі рабілася праз карэспандэнцыю, якую вязні дасылалі дадому і адкуль атрымлівалі рэчавыя пасылкі.
У падрыхтоўцы акцыі ўдзельнічаў і шэраг польскіх пілотаў «RAF». Сярод іх трэба ўзгадаць паручніка-навігатара 301-га бамбавальнага дывізіёна Паморскай зямлі Уладзімера Каланоўскага. Ён падрыхтаваў 3 тысячы копій карт, патрэбных для арыентацыі на мясцовасці тым, хто пабяжыць з лагеру ў Жагані. Пры гэтым рабіліся карты для груп, якія пабягуць у бок Балтыйскага мора і Швецыі, для тых, хто вырашыць рухацца праз акупаваную нацыстамі Чэхаславакію і Аўстрыю, і тых, хто адважыцца бегчы праз Рэйх у бок Францыі. Таксама Каланоўскі ўдзельнічаў у стварэнні лесвіц для спуску ў тунэлі-падкопы.

«Адрыў»

Палонныя пілоты падрыхтавалі тры падземныя тунэлі, якія атрымалі назвы «Том», «Гары» і «Дзік». Аднак хутка немцы знайшлі «Тома», а выхад на паверхню з «Дзіка», у выніку перабудовы перыметру лагера, апынуўся на тэрыторыі шталагу. Тунэль «Гары» быў 111 метраў даўжынёй. Было прынята рашэнне, што праз яго пабягуць некалькі соцень зняволеных, а «шчасліўчыкаў» выбіралі па жэрабю. У выніку, у ноч з 24 на 25 сакавіка 1944 года «ў адрыў» пайшоў 81 чалавек. Уваход у тунэль знаходзіўся ў адным з баракаў. Аказалася, што ён заканчваўся дастаткова далёка ад лесу, і да дрэў трэба было бегчы па адкрытай мясцовасці. Праз тунэль паспелі прайсці 76 чалавек, калі ўцекачоў заўважыла ахова шталагу.
У сакавіку-красавіку 1944 года нацысты злавілі амаль усіх, хто паспрабаваў уцячы са шталагу «Люфт ІІІ». Уратаваліся толькі нарвежскія пілоты Петэр Бергсланд і Енс Мюлер, а таксама галандскі лётчык Брам ван дэр Сток. Гітлер выдаў асобны загад, паводле якога ўсіх, хто спрабаваў уцячы з Жагані, павінны былі расстраляць. Праўда, Герынг потым яго «змякчыў», і ў выніку нацысты забілі 50 чалавек са складу ўцекачоў.
Сярод тых, хто ўдзельнічаў у «вялікіх уцёках» на брытанскіх вайсковых могілках у Познані пахаваныя: грэчаскі пілот самалёта «Харыкейн», падпаручнік Сацірыс Сканзікас з 336-га дывізіёна ВПС Грэцыі; чэхаславацкі пілот, капітан 311-га дывізіёна Арност Валента, палякі: маёр Антоні Кеўнарскі, паручнік-навігатар Уладзімеж Каланоўскі, паручнік Ежы Мондшайн, паручнік Павал Табольскі, паручнік Казімеж Паўлюк, падпаручнік Станіслаў Круль і яшчэ 40 удзельнікаў той гераічнай, але няўдалай аперацыі.

Магіла польскага пілота Табольскага

Магіла польскага пілота Табольскага

Перад уваходам на могілкі знаходзіцца адмысловы сейф, дзе ляжыць сшытак з указаннем імёнаў усіх, хто пахаваны на гэтых могілках. Акрамя гэтага там ёсць кніга водгукаў, у якую кожны, хто наведае мемарыял, можа напісаць усё, што думае і адчувае. Абавязкова наведайце гэтае месца і пакланіцеся памяці жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі.