Як польскія шпіёны пад носам НКУС працавалі

З 1924 года ў Мінску працавала Генеральнае консульства Польшчы. Установа размяшчалася ў двухпавярховым будынку (былым гатэлі), амаль у цэнтры горада па вуліцы Савецкай, 84. Там, пад прыкрыццём дыпламатычнай недатыкальнасці, былі і супрацоўнікі Другога аддзела Галоўнага штаба Войска Польскага (выведкі).

Падчас манеўраў у Бабруйску, 1929 год

Падчас манеўраў у Бабруйску, 1929 год

Гэтыя людзі збіралі інфармацыю пра ваенна-палітычную сітуацыю і грамадскае жыццё савецкай Беларусі.

Адсачыць манеўры РСЧА

Польская дыпмісія займала другі паверх будынку: там былі дзесяць пакояў, кухня, прыбіральня і ванная. На першым паверсе знаходзіліся прыватныя кватэры. У 1931 годзе польскім дыпламатам дазволілі заняць частку першага паверху. Уладам Другой Рэчы Паспалітай давялося плаціць за арэнду 6 тысяч рублёў на год (у 1928 годзе).

Супрацоўнікі польскага консульства ў Мінску

Супрацоўнікі польскага консульства ў Мінску

У перыяд з 1927 па 1930 гады ў Генконсульстве Польшчы працавала выведвальная «пляцоўка» «U-6», якой кіраваў ротмістр Гжэгаж Даліва-Дабравольскі (псеўданім «Юзаф»). Галоўнай мэтай яе дзейнасці быў збор і аналіз перыядычнага друку БССР. У 1928 годзе «U-6» атрымала заданне назіраць за ваеннымі аб’ектамі, вывучаць месцы дыслакацыі падраздзяленняў РСЧА, складаць падрабязныя мапы дарожных камунікацый. Паездкі па тэрыторыі Савецкай Беларусі дыпламаты абгрунтоўвалі арганізацыяй нагляду за польскімі пахаваннямі. Варта адзначыць, што ў 1920-я на тэрыторыі БССР была эксгумаваная і вывезеная ў Польшчу значная колькасць парэшткаў польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях супраць бальшавікоў у 1919–1920 гадах. Да таго ж на Радзіму вярталіся парэшткі і цывільных асобаў. Таму польскім дыпламатам сапраўды даводзілася шмат ездзіць па розных абласцях БССР. Пры гэтым дыпслужбоўцы карысталіся цягнікамі і легкавым аўтамабілем.

Найбольш важным заданнем для «U-6» быў збор інфармацыі пра манеўры Чырвонай Арміі пад Бабруйскам у 1929 годзе. У іх удзельнічалі войскі Беларускай, Маскоўскай, Ленінградскай, Украінскай і Паўночна-Каўказскай ваенных акругаў. Тады савецкае войска ўпершыню маштабна выкарыстала танкі і авіяцыю.

Гэты выведвальны орган знаходзіўся на сувязі з Экспазітурай польскай выведкі №1 у Вільні.

Савецкая вуліца, Мінск.

Савецкая вуліца, Мінск.


Агент за 15 баксаў

Са жніўня 1931 года па красавік 1935 года ў Мінску працавала выведвальная «пляцоўка» «B-17». Яе супрацоўнікі павінны былі вывучыць тылавыя раёны дыслакацыі РСЧА ў Беларускай ваеннай акрузе, а таксама аналізаваць розныя аспекты сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Савецкай Беларусі. Нарэшце, агенты «B-17» павінны былі збіраць і адпраўляць у Варшаву ўзоры савецкай паперы, канвертаў, запалак, жаночага і мужчынскага адзення. Кіраваў гэтай «пляцоўкай» ваенны пілот, капітан Багдан Ялавецкі, карыстаўся псеўданімамі «Юліюш Ведых» і «Марцэлі Маліноўскі». Афіцыйна ён быў віцэ-консулам Польшчы (1931–1932 гады), а потым і консулам у сталіцы БССР.

У склад «B-17» уваходзілі «пляцоўкі» «U-15», «F-16», «M-31». Першая была створаная ў сакавіку 1932 года для вывучэння дыслакацыі падраздзяленняў РСЧА ў памежных з Польшчай раёнах. Рэзідэнтуры «F-16», «M-31» засяроджваліся на вывучэнні савецкага перыядычнага друку і падрыхтоўцы аналітычных матэрыялаў. Сувязь «B-17» з рэзідэнтурай ажыццяўлялася пры дапамозе саветнікаў польскага МЗС. «Пляцоўка» пад кіраўніцтвам Ялавецкага трымала кантакт з калегамі ў Ленінградзе, Маскве і іншых гарадах СССР. За перыяд сваёй дзейнасці «B-17» атрымала на выдаткі 940 долараў ЗША і каля 13 тысяч польскіх злотых. На вярбоўку агентаў з ліку мясцовых жыхароў супрацоўнікі польскай рэзідэнтуры ў Мінску атрымлівалі па 15 долараў у месяц. У склад гэтай выведвальнай групы акрамя кіраўніка Ялавецкага ўваходзілі Ян Карш (шафёр), Мацей Мадэйскі, Матэвуш Маховіч.

Стражніца КАП

Стражніца КАП

Схованкі ў Парку Чалюскінцаў

Агентам адной «пляцоўкі» забаранялася кантактаваць з калегамі з іншай. Іх справаздачы перадаваліся кіраўніцтву і з дыпламатычнай поштай дасылаліся «на вялікую зямлю». Польская выведка ў Мінску карысталася схованкамі для перадачы інфармацыі, якія назваліся «паштовымі скрынямі».

У чэрвені 1936 года кіраўнік выведкі КАП, дыпламаваны маёр Тадэвуш Скіндэр атрымаў паведамленне ад супрацоўніка аддзела «W» (Усход) Другога аддзела Генштаба Войска Польскага (Двуйкі) паручніка Яна Ур’яша.

Там пісалася: «Паштовая скрыня знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне горада Мінск у "Парку культуры і адпачынку" (Чалюскінцаў)... Парк знаходзіцца ў месцы, дзе пачынаецца шаша Мінск–Барысаў, якая з’яўляецца працягам вуліцы Савецкай (галоўнай вуліцы горада). Даехаць да парку з цэнтра горада можна з дапамогай трамваяў №№ 1, 3, 5, 7. […] Дэталёвае апісанне: пасля ўваходу ў парк трэба павярнуць налева і ісці ўздоўж плота каля 20 метраў. Трэба дайсці да канца парку, дзе плот ідзе ў правы бок. Павярнуць направа і ісці ўздоўж плота, там дарога ператвараецца ў лясную сцежку. У адлегласці на 150 метраў будзе першы тэлеграфны слуп, які стаіць за плотам, у полі. Ідзем далей, […] бачым слуп, а сцежка раздвойваецца. На 14 крокаў ад плота і двух крокаў ад развілкі знаходзіцца сасновы пень вышынёй у 25 сантыметраў, амаль цалкам струхнелы. У гэтым пні з паўночна-ўсходняга боку ёсць дзірка каля 20 сантыметраў. У яе можна ўлезці далонню. Менавіта гэта і ёсць «паштовая скрыня» № 1. Карыстацца ёй вельмі зручна. Можна легчы на траву побач (знаходжанне на траве дазволенае і гэтым карыстаюцца ўсе, хто адпачывае ў парку). [...] Улічваючы, што ў святочныя дні ў парку шмат людзей, раю не карыстацца паштовай скрыняй № 1 у гэты час. Найлепшым часам з’яўляецца час, калі заходзіць сонца...».

Пасведчанне НКУС БССР

Пасведчанне НКУС БССР


Праз месяц той жа Ур’яш інфармаваў начальніка выведкі КАП, што ў «Парку культуры і адпачынку» створаная «другая паштовая скрыня», якая знаходзілася ў… мужчынскай прыбіральні, дзе было тры кабінкі. У першай з іх, у бэльцы над уваходам, польскім выведнікам прапанавалася пакідаць матэрыялы і паведамленні. «У прыбіральні досыць брудна і вельмі кепскі пах, таму людзі там надоўга не затрымліваюцца. Карыстанне ёю бясплатнае і не выклікае вялікай увагі з боку людзей у парку. Наколькі першая «паштовая скрыня» падыходзіць да выкарыстання ў буднія дні, настолькі скрыняй № 2 лепей карыстацца ў выходныя дні», — паведамляў Ур’яш.

Мінск, 1930-я гады

Мінск, 1930-я гады


Пошук надзейных людзей

З красавіка 1935 года ў Мінску працавала «пляцоўка» «Е-13», якую ўзначальваў супрацоўнік польскага консульства Станіслаў Наўроцкі (псеўданім «Марыян Макавецкі»). Тады польскія выведнікі звярнулі вялікую ўвагу на працу савецкіх партыйных і дзяржаўных органаў. «Е-13» актыўна вербавала інфарматараў з ліку жыхароў БССР. «У дадатку дасылаю прозвішчы сямі асоб, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Гэта палякі, якіх асабіста ведае наш інфарматар. Яны надзейныя людзі. [...] Яны былі абраныя з думкай, каб пляцоўка мела людзей, якім можна давяраць і якіх можна выкарыстаць для выведвальнай працы.[...] Усе абраныя асобы лічаць, што польскія ўлады дапамогуць ім выехаць у Польшчу. Гэтыя людзі знаходзяцца ў больш-менш цяжкіх матэрыяльных умовах. Нарэшце, усе яны маюць у Польшчы сем’і. Гэтыя моманты, а асабліва два апошнія, павінны выкарыстоўвацца агентамі пры наладжванні кантактаў з імі», — адзначалася ў дакуменце польскай выведкі.

Апошняй польскай выведвальнай пляцоўкай у Мінску была «L-19», якая дзейнічала ў перыяд з 1935 па 1938 гады. На яе чале стаяў Уладзіслаў Вольскі (псеўданім «Мацей Манкевіч»). Польскія выведнікі цікавіліся дыслакацыяй РСЧА ў Беларусі, памежнымі ўмацаваннямі (у прыватнасці, Мінскім умацаваным раёнам), чыгуначным камунікацыямі.

У 1936 годзе на тэрыторыю БССР прыехаў агент выведкі КАП Жыгімонт Гурскі. Афіцыйна ён працаваў практыкантам у консульстве, але на самай справе ён збіраў інфармацыю пра савецкае войска. У 1938 годзе ў будынку Генконсульства Польшчы ў Мінску была змантаваная спецыяльная падслухоўваючая станцыя «Х».

Мінск

Мінск


Караючы меч пралетарыяту


АДПУ-НКУС, зразумела, змагалася супраць польскіх выведнікаў. Чэкісты сачылі амаль за кожным супрацоўнікам польскай дыпустановы. Калі дыпламат выходзіў з будынку консульства, за ім ішло «знешняе назіранне». Як паведамляў у 1935 годзе Станіслаў Наўроцкі, «савецкія агенты хадзілі за дыпламатамі не ў адлегласці ў 10–15 метраў, як было раней, а літаральна адразу за імі». Насупраць будынку консульства знаходзілася чэкісцкая «канспіратыўная кватэра», з якой адбывалася назіранне за «польскім домам». Там пастаянна былі чатыры чалавекі. Калі яны бачылі, што нехта выходзіць з консульства, адразу інфармавалі сваіх калег.

Памежнікі КАП на мяжы з БССР

Памежнікі КАП на мяжы з БССР


«Колькасць агентаў, якія праводзяць назіранне за консульствам, ад 7 да 9 чалавек. У асноўным мужчыны. Кожныя тры месяцы ў групе змяняюцца людзі. Змена адбываецца на працягу 2–3 тыдняў. [...] Звычайна за адной асобай ходзіць адзін агент, часта адзін за двума. Агент амаль заўсёды ідзе па супрацьлеглым баку вуліцы. Пры сустрэчы з тым, за кім назірае, пачынае доўга выціраць нос хусткай, каб яго твар не быў бачны, ці рэзка збочвае», — адз­началася ў адной са справаздач з Мінска.

Каб абмежаваць выезды польскіх дыпламатаў на аўто, савецкія ўлады ўвялі ліміты на паліва. У другой палове 1930-х НКУС нават правакаваў аварыі з удзелам машын замежных дыпламатаў, даючы ім зразумець, што яны «лезуць, куды не трэба». Напрыклад, у кастрычніку 1937 года на 23-м кіламетры дарогі Кіеў–Адэса грузавік пратараніў машыну польскага консульства, якая спрабавала абагнаць «палутарку». Легкавік, у якім ехалі саветнік польскага консульства Яцкоўскі і чыноўнік Міхалоўскі, быў цалкам разбіты.

Дакумент КАП пра затрымку дыппошты ў Негарэлым

Дакумент КАП пра затрымку дыппошты ў Негарэлым

Правакацыі ў дачыненні да польскіх дыпламатаў здараліся і на савецка-польскай мяжы. У снежні ўсё таго ж 1937-га да памежнікаў КАП звярнуўся супрацоўнік польскага консульства ў Манчжурыі Анджэй Павежа, у якога савецкія ўлады на памежнай станцыі Негарэлае рэквізавалі кур’ерскі ліст са спісам дыпламатычнай пошты.

Бальшавіцкім спецыяльным органам атрымалася арыштаваць і шэраг інфарматараў «U-6». Праз некалькі гадоў НКУС трапіла на след «B-17». Падчас сталінскіх рэпрэсій у 1937–1938 годзе ў рукі НКУС трапілі і інфарматары польскай выведкі. Напрыклад, у жніўні 1937 года ў Мінску была арыштавана савецкая грамадзянка Ганна Апознанская. 14 кастрычніка 1937 года Камісія НКУС СССР і Пракуратура СССР асудзіла жанчыну як агента польскай выведкі да вышэйшай меры пакарання, і 26 кастрычніка яе расстралялі.

У пачатку верасня 1939 года выведка КАП і консульствы ў Кіеве і Мінску адсочвалі актыўнасць Саветаў «на польскім кірунку». Ад агентаў з БССР і УССР прыходзіла інфармацыя пра канцэнтрацыю савецкіх войскаў на мяжы з Польшчай (паведамленні пачалі прыходзіць 7–8 верасня 1939 года). Аднак польскае кіраўніцтва ўспрымала гэта як «адказ на вайну, што адбываецца на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай».

Пасля 17 верасня 1939 года польскае консульства ў Мінску было атакаванае «мясцовымі працоўнымі масамі». Дыпламатам на чале з консулам Вітальдам Аконьскім дазволілі выехаць з Мінску.

Пастанова ЦК КПББ пра польскае консульства

Пастанова ЦК КПББ пра польскае консульства

У сакавіку 1940 года на пасяджэнні Бюро ЦК КП­(б)Б было вырашана пера­даць будынак, які раней займала польскае консульства, Народнаму камісарыяту ўнутраных спраў БССР.


Фота з уласнага архіва аўтара