Алімпіяда без парада

Расійскі пісьменнік і публіцыст Віктар Шандаровіч аднойчы прызнаўся: «Па тэлевізары я гляджу толькі тое, што рухаецца, — пра жывёл і спорт». Пра спорт — гэта безліч тэлеканалаў па ўсім свеце, у якіх лёгка заблытацца і якія ў бліжэйшыя тыдні абавязкова ўздымуць свае рэйтынгі.


Моду дыктуе нагода: у сталіцы Японіі пройдуць 32-я Алімпійскія гульні. Пачатак — ужо сёння, апошні акорд — 8 жніўня. Кажуць, беларусы сваё тэлебачанне глядзяць мала і яшчэ меней яму давяраюць, але спартыўныя трансляцыі тут выключэнне з правіл — бо заўсёды жывы эфір і аніякіх маніпуляцый. Перамагае мацнейшы, хутчэйшы, спрытнейшы — за што спорт і любяць паўсюль, дзе можна ўключыць тэлепрыёмнік і ўтарашчыць позірк у блакітны экран.

Але што заўзятары — тут, так бы мовіць, налівай ды пі. Глядзі на тых, хто рухаецца, перажывай, спачувай і радуйся. Сапраўды сакральны сэнс Гульні маюць найперш для саміх спартсменаў. Бо гэта галоўны старт чатырохгоддзя — а ў нашым выпадку нават пяцігодкі, таму што сёлетняя Алімпіяда праз кавід адбудзецца са спазненнем на дванаццаць месяцаў. Бо гэта тое, дзеля чаго дзеці ідуць займацца спортам, марачы аднойчы выступіць пад шатамі пяці кольцаў. Бо гэта — як «Оскар» для кінаакцёраў, а былых алімпійскіх чэмпіёнаў, вядома, не бывае.

Менавіта з гэтай прычыны калі ў Беларусі год таму ўсчынілся пратэсты, то спартсмены хаця і далучыліся да іх, але пра байкатаванне Гульняў гаворкі не было. Бо нават самы прынцыповы прыхільнік перамен не кіне камень у атлета, які чатыры гады рыхтаваўся, каб у адзін цудоўны дзень паказаць свету ўсё, на што здатны. У антычныя часы Алімпіяды прыпынялі войны — зараз яны таксама служаць светлым ідэалам, хай сабе без двайных стандартаў часам не абыходзіцца.

Зрэшты, самы час тут прыглушыць ноткі патэтыкі, паколькі ў надта ж неардынарных абставінах даводзіцца МАК і японскаму ўраду праводзіць Гульні. Каронавірус, можа, і капітулюе перад сусветнай цывілізацыяй, аднак адступае неахвотна, кароткімі перабежкамі ды яшчэ і адстрэльваецца. То тут, то там уздымаецца чарговая хваля захворванняў, то тут, то там фіксуецца новы штам, які абавязкова больш небяспечны за папярэдні. Трэба сцерагчыся, і ў Токіа на прафілактыку кавіда завостраны амаль усе службы эпідэміялогіі і бяспекі. Фактычна ў японскай сталіцы будзе ўведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Дастаткова сказаць, што арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры ізаляцыі падчас сённяшняй цырымоніі адкрыцця. Яшчэ за тыдзень да пачатку Гульняў медыя распавялі, што МАК вырашыў адмовіцца ад галоўнай эстэтычнай фішкі ў першы алімпійскі дзень. А менавіта — ад традыцыйнага параду каманд. Ну, вы зразумелі — гэта ўрачысты выхад зборных пад сафіты ў поўным складзе і круг гонару па стадыёне пад авацыі перапоўненых трыбун. То цяпер, як падаецца, паўнавартаснага параднага шэсця не будзе — і ўсё дзеля пазбаўлення залішняй рызыкі распаўсюду інфекцыі.

Істотна абмяжуюць і прысутнасць гледачоў на трыбунах. Спачатку журналісты засмуцілі іншаземных заўзятараў: маўляў, няма чаго ім ехаць у Токіа, бо замежнікаў на арэны і стадыёны не пусцяць. А потым дзявятым валам пайшла інфармацыя, што прысутнасць і мясцовых аматараў спорту на спаборніцтвах вырашылі рашуча дазаваць.

Зразумела, што такія дэзынфекцыйныя захады не дадалі імпэту не толькі заўзятарам, але і спартсменам. Так, Гульні — гэта галоўны старт чатырохгоддзя, аднак праз усе гэтыя выключныя акалічнасці ад удзелу раптам пачалі адмаўляцца асобныя спартыўныя зоркі. Асабліва — у вялікім тэнісе, дзе спіс «адмоўнікаў» рос як на дражджах. Серэна Уільямс і Сафія Кенін, Рафаэль Надаль і Роджэр Федэрэр, Б’янка Андрэеску і Анжаліка Кербер…

Закранула гэтая хваля і беларускую зборную: напрыканцы мінулага тыдня «самаліквідавалася» з алімпійскага ростару і славутая наша суайчынніца, экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка. Яна патлумачыла свой учынак цьмяна: «...у мяне шмат цудоўных успамінаў, калі я выйгравала алімпійскі турнір у Лондане», маўляў, «з нецярпеннем буду чакаць Гульні-2024 у Парыжы», але ў Токіа «ўдзельнічаць не буду» і гэта «вельмі цяжкае рашэнне».

Сёй-той адразу пачаў шукаць сярод матываў алімпійскай чэмпіёнкі палітыку, але гэта наўрад ці. Хаця сваім дэмаршам Вікторыя, канешне, не ўзрадавала беларускіх спартыўных чыноўнікаў. Тыя традыцыйна праводзілі спартсменаў у Японію пафаснай рыторыкай, нібыта атлеты выправіліся ледзьве не на вайну, а тут такі легкадумны самаадвод. Тым больш і шанцы на медаль у пары з Арынай Сабаленка ў Азаранка былі рэальныя — і што ты цяпер зробіш… І з гэтымі страчанымі шанцамі, і ўвогуле са скептычнымі прагнозамі наконт выступлення беларусаў на Гульнях.

Дастаткова сказаць, што ў алімпійскім Токіа Беларусь будзе прадстаўлена найменшай колькасцю ўдзельнікаў за ўсю гісторыю. Адпаведна, і чаканні ад каманды зараз даволі песімістычныя.

Аднак нездарма кажуць: у Алімпіядзе галоўнае не перамога, а ўдзел. І тут самы час адзначыць, што сярод той сотні беларускіх спартсменаў, якія ўжо прыбылі на востраў Хонсю, ёсць і свабодныя атлеты — тыя, хто летась выступіў супраць гвалту і за новыя выбары. Гэта лёгкаатлеткі Вольга Мазуронак, Эльвіра Герман, Дар’я Барысевіч і Марыя Жодзік, плывец Яўген Цуркін, баксёр Дзмітрый Асанаў і лучніца Карына Казлоўская.
Будзем памятаць пра гэта, пакуль гарыць алімпійскі агонь. І зычыць удачы, і глядзець тэлевізар, і верыць у лепшае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: