Арыенцір у цяжкія часы

Ангела Меркель абвясціла пра свой намер у чацвёрты раз балатавацца ў канцлеры. Пра яе шанцы на выбарах, восенню 2017 года, «Новы Час» размаўляе з актывісткай нямецкай партыі «Левыя» Францыскай Віслер

1388148251_351506_27.jpg

Фота www.euromag.ru
— Ангела Меркель агучыла жаданне ў чацвёрты раз узначаліць федэральны ўрад. Наколькі нечаканым гэта было для нямецкай публікі?

— Напэўна, асаблівага сюрпрызу тут не было, бо пра такі сцэнар даўно казалі. Аднак некаторы прысмак сюрпрызу ў заяве Меркель прысутнічаў. Хапала крытыкаў такога кроку. Напрыклад, некаторыя палітолагі казалі, што чацвёрты тэрмін Меркель надае маральнае алібі Уладзіміру Пуціну балатавацца ў чацвёрты раз у прэзідэнты Расіі ў 2018 годзе.

— Ці паўплывала нядаўняя сенсацыйная перамога Трампа на рашэнне Меркель ісці на выбары?

— Думаю, так. Сенсацыйны поспех Дональда Трампа, які ў нямецкай палітычнай дыскусіі мае адмоўны статус папуліста і ледзь не рэінкарнацыі Гітлера, напужаў большасць немцаў. Узнікла пачуццё пагрозы, непрадказальнасці, разгубленасці. Натуральна, фігура Меркель, якая адстаяла амаль тры тэрміны каля дзяржаўнага стырна, сімвалізуе нейкую стабільнасць, надзею на заўтра. Гэта чытаецца і ў выбарчым лозунгу яе будучай кампаніі: «Арыенцір у цяжкія часы — за больш паспяховую Германію і Еўропу». І, у прынцыпе, першыя апытанні сведчаць, што фактар Трампа дапамог Меркель аднавіць свае пазіцыі ў рэйтынгах. Пакуль яна — абсалютны лідар выбарчай гонкі.

— Раней перспектыву чацвёртага прэм’ерства Меркель моцна крытыкавала кіраўніцтва Саюза хрысціянскіх сацыялістаў (CSU) — баварскіх партнёраў хрысціянскіх дэмакратаў (CDU). У Мюнхене не падабаліся занадта ліберальныя погляды канцлера на пытанне міграцыі. Зараз лідар баварцаў Хорст Зеехофер чамусьці гучна вітае яе канцлерскія амбіцыі...

— Відавочна, што Мюнхен і Берлін дасягнулі нейкай згоды. Я не выключаю, што наладзіць дыялог зноў жа «дапамог» Трамп. Яго поспех завоблачна ўзняў рэйтынгі еўрапейскіх правых папулістаў — асноўных канкурэнтаў у тым ліку і нашых кансерватараў. У такіх умовах пытанне мігрантаў часткова страціла прыярытэт. Першасная задача кансерватараў — не дапусціць, каб правы электарат міграваў у лагер папулістаў з AfD — «Альтэрнатывы для Германіі».

— А як «Альтэрнатыва для Германіі» рэагуе на рашэнне Меркель? Ці ёсць у іх шанец даць бой кансерватарам?

— Спікеры AfD характарызуюць рашэнне Меркель як «завочнае банкруцтва», паколькі, паводле іх словаў, нават перамога кансерватараў не дапаможа вырашыць балючыя праблемы краіны: міграцыю, падпарадкаванне дыктату ЕС, разбурэнне нацыянальнай ідэнтычнасці немцаў. Калі Меркель зноў стане канцлерам, тыя праблемы, маўляў, будуць намагацца не афішаваць, што на самай справе толькі пагаршае стан рэчаў. Што тычыцца супрацьстаяння AfD і блоку CSU-CDU, дык пакуль дыспазіцыя бакоў не зразумелая. Тут шмат што будзе залежаць ад вясенніх вынікаў выбараў у Нідэрландах і Францыі.

— Нямецкае выданне «Cicero» нядаўна апублікавала даследаванне, паводле якога толькі адзін нямецкі палітык можа скласці канкурэнцыю Меркель у барацьбе за пасаду канцлера. Гэта эсдэк Франк-Вальтэр Штайнмаер, які зараз ачольвае МЗС. Аднак нядаўна стала вядома, што Штайнмаер збіраецца на пасаду прэзідэнта ФРГ, і, быццам, яго кандыдатуру не супраць падтрымаць і Меркель. Атрымліваецца, што сацыял-дэмакраты ўжо зараз канстатуюць няздольнасць супрацьстаяць кандыдату ад кансерватараў?

— Хутчэй за ўсё, на выбары сацыял-дэмакраты пойдуць пад кіраўніцтвам свайго старшыні Зігмара Габрыэля. Цяжка ацаніць градус яго харызматычнасці, аднак трэба памятаць, што аўра Меркель таксама не такая яскравая, як раней. Пасля шэрагу правалаў CDU на апошніх зямельных выбарах, яна згубіла імідж «непераможнага палітыка».

— Прыкладна з кастрычніка Берлінам кіруе так званая «rot-rot-gruene» — кааліцыя эсдэкаў, «Зялёных» і «Левай». Калі левыя партыі атрымаюць большасць у Бундэстагу, ці магчымы федэральны варыянт «rot-rot-gruene»?

— Патэнцыйна так, аднак уявіць, як будзе працаваць такая канструкцыя ў рэальных умовах, не хапае фантазіі. Левыя партыі могуць знаходзіць адзінства на лакальным узроўні, дзе існуе свая спецыфіка праблемаў. У Берліне, напрыклад, яны прапанавалі вельмі добры праект вырашэння жыллёвага пытання за кошт будаўніцтва новых дамоў і выкупу аб’ектаў нерухомасці для таго, каб пасля рабіць з іх даступнае жытло. Аднак на федэральным узроўні — іншая тэматыка. Напрыклад, цяжка ўявіць усходнюю палітыку такой кааліцыі. «Зялёныя» актыўна крытыкуюць Маскву, эсдэкі прапануюць шукаць з ёй прагматычны дыялог, а «Левыя» — увогуле за стратэгічны альянс ФРГ з Расіяй. Сярод нізавога актыву «Левых» пануе татальнае негатыўнае стаўленне да эколагаў. Пра які блок можа ісці размова? Трэба быць рэалістам — хутчэй за ўсё, краінай і пасля 2017-га будзе кіраваць вялікая кааліцыя кансерватараў і сацыял-дэмакратаў.

— Ці зменіцца нешта ў Германіі па выніках выбараў? Зноў паўстане вялікая кааліцыя пад кіраўніцтвам Меркель?

— Ліберальныя выданні баяцца, што чацвёрты кабінет Меркель стане ўрадам не рэформаў, а стагнацыі. Аднак на фоне таго, што адбываецца ў свеце, наш бюргер менавіта за стагнацыю і гатовы галасаваць.