Беларусь — гэта ўжо не «ІТ-краіна» ў параўнанні з Украінай

Беларускі журналіст, які цяпер працуе рэдактарам украінскага рэсурса ЛІГА.Tech, распавёў, што яго здзівіла ў ІТ-Украіне.

20211006134535_4595.webp


Па беларускім дзяржтэлебачанні (лічы, прапагандысцкім) раней часта, як мантру, паўтаралі фразу: «Вы што, хочаце як ва Украіне?» — у кантэксце таго, як у Беларусі добра, а ў суседзяў — зусім не. Асабліва пасля 2014 года.
І так, у многіх тады складвалася менавіта такое адчуванне — кшталту і жывецца нядрэнна, і ежы дастаткова, і грошы на адпачынак у Турцыі ёсць.
Я як рэдактар раздзела пра тэхналогіі найбуйнейшага на той момант беларускага партала T*T.BY, заўважаў і іншае — з'яўленне стромкіх стартапаў (адзін MSQRD, прададзены Facebook за дзясяткі мільёнаў долараў, чаго варты), акселератараў, венчурных фондаў, падатковых ільгот для айцішнікаў у ПВТ (дзяржаўным парку высокіх тэхналогій), укараненне разлікаў праз мабільнікі і г. д.
Здавалася, Беларусь ідзе да светлай IT-будучыні.
Аднак здарыўся жнівень 2020-га, прайшлі ператрусы ў беларускіх офісах «Яндэкс» і «Google», супраць топ-менеджараў кампаніі «PandaDoc» была заведзеная крымінальная справа, у красавіку 2021-га без тлумачэння прычын закрылі стартап-хаб «Імагуру», больш за 10 000 праграмістаў і 50% стартапаў з'ехала з краіны, у траўні 2021-га партал T*T.BY быў проста разгромлены, 15 чалавек, звязаных з ім, арыштавалі, у тым ліку дырэктара і галоўнага рэдактара, 14 з іх дагэтуль знаходзяцца не на волі.
У траўні гэтага года я пераехаў у Кіеў, пагрузіўшыся ў мясцовае жыццё і побыт я зразумеў, што Украіна пайшла наперад па развіцці IT-сферы. Яшчэ больш гэтае меркаванне ўмацавалася, калі я стаў рэдактарам Liga.Tech, пачаў бліжэй знаёміцца з украінскай IT-тусоўкай і ўжо паспеў пабываць на экскурсіі ў інавацыйным парку UNIT.City.
Што ж мяне здзівіла ў IT-Украіне, які досвед я хацеў бы ўбачыць у Беларусі, а які — не.

COVID-паскарэнне, якога ў Беларусі не было

Першае, на што звяртаеш увагу, — гэта мегаразвітасць усіх відаў дастаўкі. Можа, мне пашанцавала, але я пакуль не сустракаў рэстарана або кафэ (ды і любой крамы наогул), які б не даставіў што заўгодна куды заўгодна.
Так, у Беларусі таксама ёсць дастаўка, але нават блізка няма аператараў такога ўзроўню, як «Новая пошта» ці «Rozetka» з развітой сеткай аддзяленняў і паштаматаў. Я замовіў сабе гульню для «Nintendo Switch» у Кіеў з крамы ў Дняпры, і ўжо на наступны дзень забраў яе ў 500 метрах ад дома.
Фантастыка для беларуса, таму што ў нас падобная перасылка ператварылася б у квэст, калі б наогул была даступная. Мой асабісты прыклад — я проста не магу замовіць дастаўку корму кату з Мінска ў раённы цэнтр.
Зразумела, што бустам для бурнага развіцця даставачных сэрвісаў паслужыў COVID-19. Але ж і ў Беларусі яго таксама ніхто не адмяняў. Хіба што замест таго, каб клапаціцца пра грамадзян і развіваць, у тым ліку, дастаўку, у нас прапаноўвалі лячыць каронавірус гарэлкай, лазняй, трактарам і хакеем.

Электронныя дакументы, якія замянілі папяровыя

Праз пару месяцаў пасля прыезду я назіраў такую карціну: мужчыну папрасілі паказаць пашпарт, ён дастаў смартфон і паказаў нешта на экране. Першая рэакцыя беларуса: ён, напэўна, прадэманстраваў захаванае раней фота пашпарта. Другая рэакцыя — шчырае здзіўленне ад таго, што ён паказаў электронны дакумент, а той, каму ён яго прад'явіў, счытаў QR-код.
Пашпарты, правы кіроўцы, студэнцкія, а зараз і COVID-сертыфікаты — усё гэта ў праграме на смартфоне. Што здзівіла з апошняга — гэта электронны бальнічны, які аўтаматычна трапляе працадаўцу. У Беларусі пра такі узровень дыджыталізацыі і аўтаматызацыі і не чулі, паверце.
Канстанцін Еўтушэнка, кіраўнік UNIT.City, распавёў мне, што шмат у чым тут заслуга Мінлічбы, якое адказвае за лічбавую трансфармацыю жыцця ва Украіне.
У Беларусі падобнага міністэрства няма і, мяркуючы па сітуацыі ў краіне, у бліжэйшы час не будзе.

Інтэрнэт і мабільная сувязь

Яшчэ ў далёкім 2004 годзе, упершыню прыехаўшы ў Кіеў, я быў уражаны, што SIM-карты можна купіць на любым куце. З тых часоў нічога не змянілася. Як і ў Беларусі, дзе для гэтага патрабуецца пацвярджэнне асобы.
Але я абяцаў пісаць пра тое, што ўразіла. А ўразіла хуткасць мабільнага інтэрнэту. Я ведаю, што гэта вельмі нясталая велічыня, якая залежыць ад мноства фактараў. Але ў сярэднім, у Кіеве хуткасць 4G знаходзілася на ўзроўні 40-50 Мбіт/с (нават у перагонах метро!) з пікамі да 90.
Што ў Беларусі? Адзін дзяржаўны 4G-аператар, які прадастаўляе сваю сетку тром астатнім. Як вы разумееце, нічога добрага з гэтага не выходзіць — у сярэднім можна атрымаць 10-15 Мбіт/с, і таму, як правіла, людзі сядзяць на больш хуткім 3G, які ў кожнага аператара свой.
Асобны дзякуй Украіне за хатні інтэрнэт. У маім доме-сталінцы ў Кіеве (не ў цэнтры) — 6 (!) правайдараў, за 1000 Мбіт/с я плачу ў месяц $11,3, і гэта яшчэ не самая танная прапанова.
У маім доме ў Мінску (амаль у цэнтры) — адзін правайдар, я плаціў за 200 Мбіт/с (гэта наогул максімум хуткасці для хатняга інтэрнэту) — $17,4.

«Ва Украіне з бабуляй за семечкі можна разлічыцца карткай»

Я заўсёды лічыў, што ў Беларусі ўсё добра з безнаяўнымі плацяжамі, — у нас пагалоўна прымушалі нават дробных прадпрымальнікаў купляць тэрміналы, карткі выдавалі пенсіянерам, з усіх сіл адвучвалі іх ад гатоўкі, запусцілі «Samsung» і «Apple Pay».
Але ўсё роўна я быў здзіўлены, як гэта працуе ва Украіне. Ужо ў першай кавярні (дзякуй, Кіеў, за іх колькасць) мне прапанавалі паглядзець меню па QR-кодзе (нідзе ў Беларусі), там жа зрабіць замову і адразу ж аплаціць праз «Apple Pay». Усё, афіцыянт ужо нясе капучына да майго століка!
Амаль на ўсіх сайтах ёсць магчымасць анлайн-аплаты, у тым ліку, праз «Apple Pay» або «Google Pay», асобная тэма для размовы — «банк без банка» monobank з вельмі зручным дадаткам (чаго ў Беларусі наогул няма).
Платформа «Кіеў лічбавы», якая дазваляе са смартфона папаўняць праязны, генерыць QR-квіткі на праезд, аплачваць паркоўкі — гэта тая зручнасць, якой не хапае беларусам.
У Мінску да гэтага карыстаюцца жэтонамі ў метро, папаўняюць праязныя ў цётак у касе, а для праезду ў грамадскім транспарце патрабуе ўводу ледзь ці не ўсіх пашпартных даных (я сур'ёзна).
У мяне было пару выпадкаў у Кіеве, калі ў невялікіх кіёсках не прымалі карту — я проста пераводзіў прадаўцу грошы на рахунак проста з дадатка (ніколі ў Беларусі). Як пажартаваў Канстанцін Еўтушэнка, кіраўнік UNIT.City, фінтэх ва Украіне развіты настолькі, што па картцы можна купіць семечкі ў бабулі каля метро (жарт з доляй жарту).

Стартап-росквіт

Як я пісаў у самым пачатку, Беларусь за апошні год пакінула больш за 50% стартапаў. Але, пасля таго, што я ўбачыў ва Украіне, думаю, што і да жніўня 2020 года стартап-тусоўка не магла параўнацца з украінскай, і справа нават не ў розніцы ў памерах краін.
Ва Украіне створаны велізарныя IT-хабы ў буйных гарадах, якія аб'ядноўваюць тысячы праграмістаў, праводзяцца ці ледзь не штодзённыя канферэнцыі, пітчы. Мясцовы фонд стартапаў аб'яднаў усю тэхналагічную тусоўку маленькіх кампаній. Яны ментараць, арганізоўваюць навучанне, адпраўляюць іх на міжнародныя выставы, напрыклад, CES у Лас-Вегасе.
Створаны велізарны інавацыйны парк UNIT.City  цэлы горад стартапаў у горадзе Кіеве, дзе штодня распрацоўваюцца новыя прадукты (для гэтага ёсць каворкінгі і розныя лабараторыі), праходзяць сустрэчы з інвестарамі, пастаянна ідзе навучанне, абмен вопытам, сустрэчы.

Што не спадабалася


Як сказаў мне адзін добры знаёмы, беларусы — гэта ўсходнееўрапейскія немцы, украінцы — усходнееўрапейскія італьянцы. І таму беларусаў часта раздражняе, калі яны робяць усё па правілах (Ordnung!), але гэта не працуе.
Напрыклад, мой электронны квіток у міграцыйную службу, які я зручна аформіў на сайце, аказаўся выпісаны на абедзенны час (і ў выніку мне прыйшлося страціць больш за паўтары гадзіны), а кансультант у адным з топавых украінскіх банкаў у краіне развітога фінтэха змог аформіць мне рахунак толькі з трэцяга візіту (праблемы ў маіх дакументах не было).
Асобная тэма, якая пастаянна абмяркоўваецца ва Украіне, — гэта паўсюдная карупцыя. Тут мне сказаць няма чаго (сам пакуль яшчэ не сутыкаўся), але я спытаў меркаванне на гэты конт у топ-менеджара UNIT.City.
«Ва Украіне карупцыю можна перамагчы толькі празрыстасцю. А празрыстасць вельмі моцна перасякаецца з лічбавай трансфармацыяй. Таму за карупцыю я не так перажываю, бо калі мы будзем рухацца так, як цяпер, то ўжо праз пяць гадоў яна не будзе прыкметная — ты не зможаш выдаткаваць гэтыя [несумленна заробленыя] грошы», — распавёў Еўтушэнка.

У заключэнне


Калі ў кагосьці склалася меркаванне, што я гляджу на тое, што адбываецца ва Украіне праз ружовыя акуляры, то гэта зусім не так. Я бачу, што тут, як і ў любой краіне свету, існуе мноства праблем, якія яшчэ трэба будзе вырашыць.
Але паверце чалавеку, які глядзіць на тое, што адбываецца пакуль яшчэ «збоку», — Украіна пайшла значна далей за сваю паўночную суседку і ў IT, і ў некаторых іншых сферах, а пасля жніўня 2020 года гэты разрыў, на мой жаль, яшчэ больш павялічыўся.