Беларусы на Чорным моры: ад Альгерда да «гарачых тураў» у Коблева

Беларусь і Украіна былі звязаныя ў сваёй гісторыі тысячамі нітак. Сярод іх — такія водныя артэрыі, як Дняпро і рэкі Прыпяцкага басейна. Але сёння не ўсе памятаюць, што і берагі Прычарнамор'я ў свой час былі ў нас агульнымі.

Не патрэбны нам бераг турэцкі?

У гэтым сезоне, у сувязі з закрыццём шматлікіх турыстычных напрамкаў з-за пандэміі і адпаведным падаражэннем тураў у Турцыю і Егіпет, адпачынак ва Украіне стаў ці не самым папулярным у жыхароў Беларусі. Пабываў там і аўтар гэтага артыкула. І яшчэ раз пераканаўся: мінулае Прычарнамор'я пераплятаецца з беларускай гісторыяй куды больш цесна, чым многія думаюць.

Але спачатку — пра сэрвіс. Цэны ва Украіне ў гэтым сезоне таксама высокія, але ўсё ж адпачынак тут значна больш бюджэтны. У гэтым жніўні цана дзесяцідзённага адпачынку ў Турцыі ў гатэлі «тры зоркі» на сям’ю з чатырох чалавек вагалася ў межах дзвюх тысяч еўра і вышэй.

Купіць больш танную «гарачую» пуцёўку ў Турцыю ці Краіну пірамід стала больш складана: з-за цяжкасцяў з аператыўным прахаджэннем тэсту на Сovid-19.

11 дзён у Коблева з усімі выдаткамі, уключаючы дарогу, харчаванне і турыстычны збор, для сям’і з чатырох чалавек можа абысціся «ўсяго» ў 1300 долараў.

Але наша база ў Коблева была досыць нядрэнная. Многія з такіх аб’ектаў захавалі свае ранейшыя назвы, ад якіх патыхае вытворчай рамантыкай позніх пяцігодак: «Меліяратар», «Паліграфіст», «Сувязны». У адрозненне ад многіх турэцкіх гатэляў аналагічнага класа, украінскія постсавецкія базы маюць вялікую тэрыторыю. На нашай базе адпачынку былі дзве спартыўныя пляцоўкі, адна з іх — з абсталяваннем для варкаўта і «кача» з абцяжарваннямі. Знайсці ж нават адзінкавы турнік у замежным гатэлі — часцяком праблема. Трэнажорныя «джымы», як правіла, могуць сабе дазволіць толькі гатэлі «пяць зорак».


Яшчэ тут прадугледжаны такія блізкія нашаму чалавеку рэчы, як драўляныя ажурныя альтанкі — «пасядзець» для дарослых. А для дзяцей была вялікая гульнявая пляцоўка і асобны басейн. Дарэчы, дзіцячая анімацыя па вечарах праводзілася вельмі на ўзроўні. Пара аніматараў з Мікалаева кожны вечар запальвала з дзецьмі, змяняючы прафесійныя касцюмы казачных персанажаў і выкладаючыся на ўсе сто. У абед для дзятвы яны ж праводзілі майстар-класы па розных відах творчасці.

На нашай базе адпачынку працавала кавярня «Боршч». Яна цалкам апраўдвала сваю назву — наварысты ўкраінскі боршч, як і многія іншыя стравы, у ім рыхтавалі па традыцыйных тэхналогіях, са свежага мяса, а не паўфабрыкатаў, як бывае ў многіх турэцкіх гатэлях. Каштаваў трохразовы «комплекс» для дарослых 300 грыўняў на дзень, для дзяцей — 150. Маленькіх кармілі бясплатна. За 450 грыўняў можна было купіць «шведскі стол».


Да паслуг адпачывальнікаў тут прапануюцца розныя забавы. Усё залежыць ад напоўненасці вашага кашалька. Аквапарк ад 300 да 500 грыўняў для дарослага, у два разы танней — для дзіцяці. Дэльфінарый — 350 грыўняў. У малых бурлівае захапленне выклікае «Дзінапарк», дзе за 100 грыўняў даросламу і 50 грыўняў з дзіцяці, можна нагледзецца на тыраназаўраў, плезіязаўраў і іншых старажытных яшчураў. Але аўтара цікавілі сапраўдныя старажытнасці і адпаведныя экскурсіі.

Можна трапіць, а можна «патрапіць»

Хадзіць за экскурсіямі далёка не трэба — яе вам прапануюць проста на пляжы: арганізатары зазываюць на іх разам з прадаўцамі пахлавой і кукурузай. У Коблева прапануюцца ў асноўным экскурсы ў суседнюю Адэсу — начную, крымінальную, марскую, з дэгустацыяй вінаў і гэтак далей. Я ж абраў паездку на востраў Беразань, што недалёка ад месца ўпадзення ў мора Дняпра і Паўднёвага Буга. Ён жа — Барысфен, старажытнае грэцкае пасяленне ў паўночным Прычарнамор’і. Кажуць, менавіта Беразань паслужыла прататыпам Пушкінскага вострава Буяна. Яшчэ арганізатарамі экскурсіі былі абяцаныя «антычныя руіны, турэцкая крэпасць і катакомбы».

Апрануўшы выратавальныя камізэлькі, мы імчалі па моры на востраў. Трэба сказаць, што паўгадзінная дарога на хуткаходным кацеры — вельмі цікавая. Пасля высадкі вы па калена ў вадзе выходзіце на бераг. А рулявы-матарыст мяняе ролю на экскурсавода. Афіцыйна экскурсія займае паўгадзіны, але гід лаканічны: «Вось тут былі грэкі, тут туркі, там немцы, а тут — вайна». Самае каштоўнае з яго аповеду — у адной з ямінаў тут утрымлівалася рабыня Раксалана, будучая Хюрэм-Султан і зорка турэцкага серыяла «Цудоўнае стагоддзе». Затым усім даецца гадзіна вольнага часу. З антычнасці на востраве Буян нам удаецца выявіць толькі падмурак храма Афрадыты ды некалькі археалагічных ям-раскопаў. Каля адной з іх, побач з выкапанай керамікай, ляжаць і чалавечыя косткі.

Кераміка трыпольскай культуры Нікалаеўскі абласны краязнаўчы музей

Кераміка трыпольскай культуры Нікалаеўскі абласны краязнаўчы музей

Ані турэцкай крэпасці, ані катакомбаў мы не бачым. Відавочна, пад тым і другім меліся на ўвазе казематы з падземнымі капанірами, пабудаваныя ў часы Расійскай імперыі ў пачатку XX стагоддзя — у якасці мішэні для выпрабаванняў марскіх гармат і берагавых умацаванняў. Адзін з экскурсантаў, зваршчык з Умані Слава ходзіць у сутарэннях, і, разглядаючы жалезабетонныя канструкцыі капаніраў, не верыць інфармацыі гіда-матарыста: «Цю, якісь грэкі? Ды хіба яны такое таўро зробылы б?» Папоўніць свае веды пра антычны Беразань-Барысфен атрымліваецца толькі трохі паслухаўшы экскурсію, якая праходзіла побач. Яе падрабязна вёў пісьменны экскурсавод, верагодна — навуковы супрацоўнік.

Але самі старажытныя грэкі вельмі ўмела асвойвалі Прычарнамор'е. У адрозненне ад іншых народаў, яны не навязвалі «элінскі мір» выключна сілай зброі, хоць і валодалі ёю хватка. Археолагі знайшлі непадалёк ад вусця Дняпра слановыя рэбры. Сланы ў тыя часы ва Украіне ўжо не вадзіліся. Хутчэй за ўсё, старажытныя эліны прывезлі вэнджаны бачок гэтай жывёлы з Афрыкі — Егіпту — у якасці пачастунку для мясцовага правадыра.
Абвешваючы эліту карэнных народаў падарункамі і прасоўваючы паступова сваю культуру, грэкі выбудоўвалі сетку выгаднага гандлю, вывозячы галоўную «энергетычную» сыравіну таго часу — збожжа. Хлеба гарыстай Грэцыі моцна не хапала, а ў скіфаў-аратых ва ўрадлівых чарназёмных стэпах яго было дастаткова. У абмен ішлі грэчаскія вырабы, менавіта адсюль уверх па Дняпры-Барысфену антычны імпарт трапляў і на сучасную падняпроўскую Беларусь.

Яшчэ на востраве былі расстраляныя знакаміты лейтэнант Пётр Шмідт і яго таварышы, якія паднялі паўстанне на крэйсеры «Ачакаў» супраць неабмежаванай аўтаркіі, за дэмакратыю і Устаноўчы сход. Сам лейтэнант Шмідт не быў бальшавіком, лічыў сябе беспартыйным сацыялістам, але шанаваўся ў савецкі час. А шматлікія аферысты 1920-х, якія выдавалі сябе за яго «дзяцей», трапілі на старонкі несмяротнага рамана «Дванаццаць крэслаў».

Сапраўдныя сваякі Пятра Шміта пачалі будаваць на Беразані капліцу ў яго памяць, яе паўразбураныя сцены захаваліся да гэтага часу. У жаласным стане знаходзіцца і стэла, пастаўленая на востраве лейтэнанту Шмідту і іншым пакараным маракам ужо ў савецкі час.
Руіны капліцы ў памяць лейтэнанта Шмідта

Руіны капліцы ў памяць лейтэнанта Шмідта

Паездка на Беразань каштуе 600 грыўняў з чалавека. Таму абіраючы экскурсію, будзьце ўважлівыя — можна трапіць на кваліфікаванага гіда, а можна — проста «патрапіць».

Нікалаеў — жамчужына ў лімане

Коблева знаходзіцца паміж двума буйнымі партовымі гарадамі — Адэсай і Нікалаевым. Пра Адэсу, жамчужыну Чорнага мора, сказана шмат. Але недаацэненым застаецца Нікалаеў, які знаходзіцца побач. Па багацці старадаўніх будынкаў і паўднёвага каларыту Нікалаеў — гэта амаль Адэса. Хіба што не хапае Опернага тэатра і Прыморскага бульвару, затое ёсць Флоцкі бульвар і заапарк, у які возяць дзяцей з усіх мясцовых курортаў.

Наогул жа гісторыю гэтага краю лепш пачынаць з археалагічнага гарадзішча «Дзікі сад». Больш за тры тысячы гадоў таму тут, на месцы зліцця Паўднёвага Буга і Інгула, стаяла самае старажытнае паселішча-порт на паўночным узбярэжжы Чорнага мора.

Археолагі, якія працуюць на гарадзішчы, ужо збіраліся сыходзіць, але даведаўшыся, што я з Беларусі, затрымаліся і нават ласкава правялі для «сябра» кароткую экскурсію. На гэтым месцы жылі кімерыйцы — легендарны народ, апісаны першым гісторыкам Герадотам. Гарадзішча было па тых часах вельмі вялікім — пяць гектараў, мела валы і два ровы. Пасярэдзіне была плошча для агульных сходаў і храм. Каму пакланяліся старажытныя кімерыйцы — дакладна невядома, але археолагі сцвярджаюць, што на плошчы стаяла статуя фаласа. Тут жа раскапаны каменны мост — першы ва Украіне, і, магчыма, ва ўсёй Усходняй Еўропе. І знойдзеная костачка вінаграду — таксама першая ва ўсім рэгіёне.

Самы старажытны мост ва Украіне

Самы старажытны мост ва Украіне

Кімерыйцы пакінулі гарадзішча з загадкавай паспешнасцю: як распавядаюць археолагі, нават забыліся ў гліняным чыгуне толькі што звараны боршч.

Археалагічнае гарадзішча Дзікі сад

Археалагічнае гарадзішча Дзікі сад

Археалагічнае гарадзішча Дзікі сад


Магчыма, сыходзілі перад апісаным у Герадота нашэсцем грозных скіфаў? Але як бы там ні было, знаходка першай стравы на гарадзішчы «Дзікі сад» можа значна падоўжыць гісторыю ўкраінскага баршчу.

Качавыя народы на працягу тысячагоддзяў запаўнялі гэтыя стэпы, змятаючы адзін аднаго і земляробаў, якія спрабавалі зачапіцца за добрыя чарназёмы. Але ў 1362 армія Вялікага князя Літоўскага Альгерда ўшчэнт разбіла крымскіх і падольскіх татараў Кутлуг-бея на рацэ Сінія Воды, прытоку Паўднёвага Буга. Літоўска-беларуская дзяржава выйшла да берагоў Чорнага мора. У 1397 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага прарвалася ў Крым і ўзяло Херсанэс (цяпер — Севастопаль).

Неўзабаве на месцы татарскай вёсачкі Хаджыбей быў заснаваны порт Кацюбееў (Качукленаў), які стаў галоўнымі марскімі варотамі ВКЛ. Цяпер гэта — Адэса. У 1415 годзе на месцы цяперашняга Ачакава была закладзена літоўска-беларуская крэпасць Дашаў або Чорны горад. Пасля Ачакаў быў аддадзены Нагайскай Ардзе, якая была ў той час на службе ВКЛ.

Скіфскі акінак

Скіфскі акінак

У краі для абароны важных гандлёвых шляхоў і стратэгічных напрамкаў быў пабудаваны шэраг умацаваных апорных пунктаў ВКЛ. У XV стагоддзі тут існавалі наступныя літоўска-беларускія крэпасці і гарады, згаданыя ў летапісе — Сакалец (Вазнясенск), Чорны горад (Ачакаў), Хаджыбей (Адэса), Маяк-Каравул у лімане Днястра, Нарока на Днястры, Арыга (Аргееў), Тэгіня (Бендэры), Туборча (Чабруча), Усьця на Днястры і Белгарад-Днястроўскі. Таксама існавалі ўмацаванне Чарчаклей (Балыклей) на Паўднёвым Бугу, замкі Гебердыеў Рог (Вагарда), Місурым (Мішурын Рог), Кочкас (Кічкасы) і Тавань на Дняпры. У замках стаялі літоўска-беларускія воінскія гарнізоны з цяжкай рыцарскай і лёгкай конніцы і пяхоты, якія вялі пастаянную барацьбу з татарамі і нагаямі. Пад іх прыкрыццём у паўднёвых землях Украіны-Русі ўпершыню за некалькі стагоддзяў стаў адраджацца і паспяхова развівацца гандаль і караванныя зносіны. Па Днястры хлеб сплаўляўся да Белгарада і далей мог вывозіцца ў парты Міжземнамор’я.

Хлеб і іншыя тавары з Украіны-ВКЛ актыўна перакуплялі генуэзскія купцы. У 1415 годзе некалькі караблёў з хлебам з Гаджыбея-Адэсы выратавалі ад голаду візантыйскі Канстанцінопаль. На Дняпры каля Таванскага перавозу стаяла каменная мытня («Вітаўтава лазня»), у якой пошліну з купцоў літвіны збіралі сумесна з татарамі.

Рэшткі старадаўніх умацаванняў у прычарнаморскіх стэпах, па сведчанні гісторыка Міхаіла Літвіна, яшчэ доўга называлі «Гедымінавымі» ці «Вітаўтавымі равамі».

Многія ўнікальныя артэфакты тых легендарных часоў можна ўбачыць у Мікалаеўскім абласным краязнаўчым музеі, першыя калекцыі якога былі сабраныя яшчэ да рэвалюцыі. Гэты музей лічыцца адным з найлепшых ва Украіне. Тут выстаўлена і размаляваная Трыпольская кераміка, і мячы-акінакі скіфаў, і антычныя манеты з Ольвіі, і заклікі атаманаў грамадзянскай вайны. У стэпах тагачаснай Таўрыі дзейнічалі атрады атамана Грыгор’ева, блізкага да ўкраінскіх левых эсэраў, і паўстанцкае войска анархіста-камуніста Нестара Махно.

Універсал атамана Грыгор

Універсал атамана Грыгор'ева

Сярод розных народаў, што прымалі ўдзел у асваенні краю пасля вызвалення ад улады Асманскай Порты, былі і беларусы. Але калі грэкам, балгарам, малдаванам, немцам, габрэям, чэхам і палякам у музеі прысвечаныя асобныя вітрыны, то беларускай экспазіцыі тут, на жаль, няма. Але тое ж суднабудаванне, дзякуючы якому ў 1788 годзе і з’явіўся Нікалаеў, у прамым і пераносным сэнсе мела карані ў беларускіх лясах. У стэпавай Украіне дрэў мала, і тут успомнілі пра беларускія пушчы ў вярхоўях Дняпра. З 15 караблёў, спушчаных на ваду ў 1780-1790-х гадах у Херсоне і Нікалаеве 9 былі пабудаваныя з лесу, нарыхтаванага на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, і сплаўленага па Сожы, Бярэзіне, Прыпяці і Дняпры.

Пано савецкага часу каля суднабудаўнічага завода

Пано савецкага часу каля суднабудаўнічага завода

Адсюль жа пастаўлялі і смалу для апрацоўкі карабельных карпусоў і аснасткі, а з канопляў, якая добра расце ў паўднёвай Беларусі, выраблялі парусіну і ліны. А ў 1784 годзе ў Крычаве на Дняпры таксама была закладзена верф, на якой вырабілі мноства судоў для Чарнаморскага флоту. Па некаторых даных, ваенныя караблі для Чорнага мора будавалі і ў Гомелі.

Нікалаеў у савецкі час быў найбуйнейшым цэнтрам суднабудавання на Чорным моры, тут працавала тры суднабудаўнічыя заводы. Пра гісторыю флоту і суднабудавання можна даведацца ў спецыялізаваным музеі.

Верфі ў Нікалаеве

Верфі ў Нікалаеве

Верагодна, што гістарычныя сувязі ўкраінскага Прычарнамор'я і беларускага Падняпроўя яшчэ чакаюць свайго сур'ёзнага даследавання. Але сёння любы турыст з Беларусі можа атрымаць на берагах Чорнага мора самае галоўнае — сонца, мора, зарад бадзёрасці і энергіі на ўвесь наступны год. А пры жаданні і ўзбагаціць свой кругагляд знаёмствам з унікальнымі культурнымі помнікамі мінулых эпох.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: