Царква і каранцін

Надыходзячы Вялікдзень ужо падзяліў хрысціянскую супольнасць на дзве фракцыі. Першыя, якіх большасць, падчас святаў гатовыя заставацца дома, каб не даць вірусу ані шанцу. Другія, насуперак пагрозе, верныя традыцыям.

Фота www.bobr.by

Фота www.bobr.by

Вірус не шкадуе нікога, у тым ліку святароў і вернікаў. Выпадак каронавіруса пацверджаны ў манахаў на Святой гары Афон. У Бялградзе ад яго памер біскуп Сербскай праваслаўнай царквы. У адной з пратэстанцкіх цэркваў у штаце Ілінойс заразілася большасць вернікаў. На мінулыя выходныя ў Ватыкане зарэгістравалі шосты выпадак хваробы.

Нягледзячы на сумны баланс і відавочную рызыку, частка вернікаў адмаўляецца пайсці ў самаізаляцыю. «Царкоўныя службы ад Масквы да Рыа-дэ-Жанейра працягваюцца непасрэдна ў храмах, святары грэбуюць небяспекай распаўсюджвання каронавіруса», — адзначае брытанскі The Guardian.

Напэўна, пальму першынства тут утрымлівае Грузінская праваслаўная царква. Яе Сінод напрыканцы сакавіка пастанавіў, што пандэмія не з’яўляецца дастатковай падставай для змены шматвяковых традыцый, і тым больш для спынення масавых набажэнстваў.

Пастанова Сінода нават супярэчыць закліку Сусветнага патрыярха Варфаламея пра часовае спыненне масавых набажэнстваў. На думку грузінаў, іх царква «не абавязаная прытрымлівацца ніякіх рашэнняў, акрамя ўласных». Што ўжо казаць пра прадстаўніка мясцовага ўраду, які напярэдадні намагаўся распавесці Сіноду пра небяспеку вялікай колькасці людзей у закрытым памяшканні. Яго аргументы проста праігнаравалі. Дарэчы, раней ГПЦ настойвала на тым, што вера абароніць паству нашмат лепш, чым рэкамендацыі медыкаў.

Беручы пад увагу тое, што ў Грузіі для падтрымання каранціну задзейнічаныя войскі і нават абвешчана каменданцкая гадзіна, можна прагназаваць, што Вялікдзень, які грузіны святкуюць 19 красавіка, будзе напружаным. Хаця аўтарытэт царквы ў Грузіі такі моцны, што пакуль не зразумела, як сілавікі змогуць спыніць масавыя мерапрыемствы. Тое ж тычыцца Грэцыі, Сербіі, Украіны і Румыніі — дзяржаў з моцнай праваслаўнай традыцыяй.

Да канца не высветленай застаецца пазіцыя Рускай Праваслаўнай Царквы. 29 сакавіка Патрыярх Кірыл прызнаў, што існуе «вельмі вялікая пагроза эпідэміі», ды заклікаў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў. Ледзь не адразу прэс-служба заявіла, што «храмы РПЦ працягнуць працаваць падчас пандэміі і праводзіць набажэнствы, а таксама ў некаторых выпадках пускаць вернікаў». Гэта не ўратавала кіраўнікоў РПЦ ад крытыкі кансерватараў. «Самаўхіленне патрыярха ў найбольш крытычныя для яго паствы дні, якія не маюць прэцэдэнтаў у царкоўнай гісторыі, азначае добраахвотную здачу знешнім сілам», — пішуць праціўнікі. А ў Піцеры нейкі святар нават адмовіўся ад сану на знак пратэсту супраць апошніх заяваў Патрыярха.

Цікава, што ў асяроддзі пратэстантаў не так шмат галасоў супраць новых санітарных нормаў. Увогуле, на першым этапе некаторыя нават віталі вірус як пакаранне «кітайскага бязбожнага камуністычнага ўрада, які пераследуе хрысціян». Гэтую думку агучваў у студзені пастар Рык Вайлс. Цяпер, як правіла, у большасці пратэстанцкія цэнтры падтрымліваюць каранцін, што можна растлумачыць сітуацыяй у бедным Трэцім свеце. Тут шмат пратэстантаў, якім ігнараванне правілаў медычнай бяспекі пагражае больш за ўсіх.

Што да Касцёлу, то заклікі супраць самаізаляцыі царквы таксама гучаць, аднак не так моцна. Напрыклад, за Бугам рух за наведванне храмаў у часы каранціну ўзначаліў Славамір Свяржынскі, які раней быў зоркай мясцовай дыска-сцэны. «Мужчыны, бацькі, бабулі і дзядулі, хадзем у царкву супраць забаронаў (…) Паляк абавязаны абараняць каталіцкую веру. Толькі пад Крыжам, толькі пад гэтым знакам Польшча — гэта Польшча», — піша музыка. З іншага боку, нават і ён прызнае, што каранцін — не так кепска. Як мінімум, палякі ў большай ступені прытрымліваюцца нормаў Вялікага посту, адмаўляюцца праз рэжым каранціну ад забаваў, больш думаюць пра глабальныя тэмы.

Найбольш паслядоўна ў Касцёле выступае супраць каранціну каталіцкі кардынал Рэйман Берк, які заявіў, што доступ да імшы не можа быць забаронены, нават калі свет сутыкаецца з пандэміяй. «Разглядаючы тое, што трэба для жыцця, мы не павінны забываць, што найважнейшымі з’яўляюцца нашы адносіны з Богам», — лічыць ён.

Сапраўдным маніфестам каталікоў-кансерватараў стаў артыкул «Скажы "не" дамінаванню смерці» публіцыста Р. Рэно, які ледзь не прамым тэкстам піша, што каранцін прыдумалі прыслужнікі Сатаны. «Страх смерці і страх перад прычыненнем смерці распальваецца матэрыялістычным поглядам на выжыванне любым коштам (…) Пакуль мы дазваляем страху правіць, гэта прывядзе да таго, што амаль усе вернікі пацерпяць няўдачу», — піша ён.

Вельмі эмацыйныя тэзісы давялося аператыўна пракаментаваць самаму мэру Нью-Ёрка, дзе ўжо зафіксавана больш за 67 тысяч выпадкаў заражэння, а колькасць памерлых ад наступстваў хваробы перасягнула 1,3 тысячы чалавек. Біл дэ Блазіа паабяцаў не толькі штрафаваць рэлігійныя арганізацыі за парушэнне правілаў каранціну, але і ўвогуле забараняць іх.