Ці дадуць партыям пакіраваць?

Лукашэнка абяцае падняць статус партый ледзь не шляхам пераходу на выбары па партыйных спісах. Аднак, па некаторых ацэнках, нельга выключаць, што ў выніку мы атрымаем хутчэй шматпартыйную сістэму, якая практыкавалася ў былых краінах сацыялізму.

20181106141649.jpg

«Сёння партыйная сістэма ў Беларусі знахо­дзіцца ў каматозным стане. Па сутнасці, яе давядзецца ствараць з нуля», — прызнаўся днямі адзін з афіцыёзных палітолагаў. Ідэя наўрад ці належыць аўтару цытаты — з улікам таго, што раней Лукашэнка асабіста абяцаў перарэгістрацыю ўсіх існуючых партый. Гэта дазваляе дапусціць, што дзесьці ў нетрах сістэмы спее план стварэння цалкам праўладнага партыйнага пейзажу. Такія сістэмы сёння існуюць у Азербайджане і Узбекістане, дзе ўсе партструктуры, нягледзячы на нейкія супярэчнасці, абавязаныя быць лаяльнымі кіраўніку.

Аднак найбольш комплексна мадэль лаяльнай шматпартыйнай сістэмы была адбудаваная ва ўсходнееўрапейскіх краінах — сатэлітах СССР з 1945 па 1989 год. Неабходнасць стварэння такой схемы была прадыктаваная аб’ектыўнымі выклікамі. Пачаць можна з таго, што мадэль, дзе ёсць толькі адна партыя накшталт КПСС, не пасавала лакальнай палітычнай культуры.

Па-другое, на першых этапах будаўніцтва сацыялістычнай дзяржаўнасці камуністы ў многіх краінах не ўяўлялі сабой дамінуючую грамадскую сілу. «Элегантна» намаляваць сабе на выбарах велізарную лічбу было рызыкоўна. А вось перамога шырокай шматпартыйнай кааліцыі з удзелам камуністаў выглядала не такім ужо дзівам.

Таму пасля вайны ва Усходняй Еўропе ішло актыўнае фарміраванне падобных блокаў. Напрыклад, у савецкай зоне акупацыі Германіі любая зарэгістраваная партыя была абавязаная ўступіць у Антыфашысцкі дэмакратычны блок, дзе ўсім кіравалі камуністы. У той блок у выніку нават запісалі мясцовых хрысціянскіх дэмакратаў і лібералаў, якія ў заходняй Германіі лічыліся ваяўнічымі антыкамуністамі.

Пасля замацавання камуністаў ва ўладзе гэтыя так званыя «партыі па блоку» не ліквідавалі. Хаця б для падтрымання антуражу наяўнасці дэмакратыі ў вачах заходніх бюргераў. Таму падобным «апазіцыянерам» быў забяспечаны стабільны выезд за мяжу. Як вынік, на нейкім этапе трапіць у кіраўніцтва такіх партый у чымсьці было вельмі прэстыжна. Кар’ерны ліфт тут быў прасцейшы, чым у партыі камуністаў, хаця б праз малую колькасць сябраў. Аднак пры гэтым чалавек, які ішоў у «партыі па блоку», павінен быў ясна разумець: доступу да рэальнай улады ў краіне яму ўжо не бачыць.

Відавочна, што ніякай ролі ў прыняцці палітычных рашэнняў такія партыі не адыгрывалі. На выбарах кандыдатаў ад такіх арганізацый уключалі ў агульны спіс кандыдатаў ад блока. Больш за тое, часта гэтыя фарміраванні на ўзроўні праграмных дакументаў нават адмаўляліся ад канкурэнцыі з камуністамі, завочна прызнаючы іх кіруючую ролю ў грамадстве. У той жа ГДР быў кур’ёзны выпадак, калі камуністу даручылі кіраваць хрысціянскімі дэмакратамі.

Цікава, што дзе-нідзе такія партыі дапускалі ва ўрад. Напрыклад, у той жа ГДР звычайна адну з 45 міністэрскіх пасадаў займаў «апазіцыянер». Зрэшты, яго прысутнасць у Саўміне ні на што не ўплывала, бо ўрад падпарадкоўваўся рашэнням Палітбюро кампартыі. Затое ў парламенце Усходняй Германіі квота ад «партый па блоку» часам складала да 40 працэнтаў. Зрэшты, з улікам дэкаратыўнай прыроды сацыялістычнага парламентарызму, гэта ўсё было «пацёмкінскай вёскай».

Цікава, што сяброўства ў блок-партыях таксама разглядалася як легальны спосаб выка­заць сваю нязгоду з дыктатурай. Падаючы заяву ў такую партыю, грамадзянін фактычна адкрыта дыстанцыяваўся ад кіруючай партыі. Не дзіўна, што такія канторы былі нашпігаваныя агентамі спецслужбаў, якія часам займалі высокія партыйныя пасады.

Нарэшце, наяўнасць «партый па блоку» дазваляла інтэграваць у існуючую сістэму групы насельніцтва, якія традыцыйна былі як мінімум асцярожна настроеныя да рэжыму камуністаў. Напрыклад, у Польшчы прысутнасць у Сейме каталіцкай партыі легітымізавала дзяржаўны лад у вачах вернікаў. У ГДР для таго, каб сацыялізаваць экс-нацыстаў і былых салдат Вермахта, дапусцілі існаванне партыі нацыянал-дэмакратаў. У Кітаі даводзіцца дапускаць у парламент партыю Гаміньдан, з якой у свой час змагаўся Маа Цзэдун. У дадзеным выпадку такім чынам, хутчэй, прызнаецца гістарычная роля Гаміньдана ў Сіньхайскай рэвалюцыі 1911–1913 гадоў — важнай частцы агульнага камуністычнага міфа.

Дарэчы, у камуністычным Кітаі аж восем «апазіцыйных» партый. Больш за тое, дзейнічаюць яны і ў КНДР — самай таталітарнай краіне свету. Акрамя афіцыйнай Партыі Працы, у выбарах удзельнічаюць эсдэкі, партыя грамадзян КНДР, якія жывуць у Японіі, і экзатычная Партыя маладых сяброў нябеснага шляху, якая складаецца з паслядоўнікаў рэлігіі чхандагё.

Як бачым, сістэма шматпартыйнасці з «партыямі па блоку» дасюль існуе. Аднак для аматараў перанесці гэты вопыт у Беларусь трэба нагадаць адзін важны момант. Пры найменшых адзнаках дэстабілізацыі сітуацыі падобныя партыі вельмі хутка здраджваюць і пачынаюць гуляць аўтаномна. Напрыклад, у Чэхаславакіі падчас Аксамітнай рэвалюцыі чальцы Хартыі атрымалі прытулак у офісах Нацыянальна-сацыялістычнай партыі. У 1989-м у Польшчы фракцыя Сялянскай партыі нечакана здрадзіла камуністам і падтрымала кабінет ліберала Мазавецкага.

Таму аўтарам анансаванай партыйнай рэформы ў Беларусі лепш не выдумляць ровар. Даражэй атрымаецца.