Чым больш жорсткія меры захоча прыняць рэжым, тым карацейшым будзе яго існаванне

Спачатку існавала ўлада, якая балансавала паміж сілавікамі і палітычным блокам, потым яна цалкам даверылася сілавікам, а затым сілавікі падумаюць: «Навошта нам лідар, калі мы і самі кіруем краінай?» 



Фота ua.news


Фота ua.news

Гісторык-амерыканист, прафесар Еўрапейскага універсітэта ў Санкт-Пецярбургу Іван Курыла разважае ў каметары meduza.io пра тое, як могуць развівацца падзеі ў Расіі.

— З аднаго боку, тое, што пасадзілі Навальнага, — гэта чаканая рэч. Калі ён прыляцеў, людзі спадзяваліся, але наўрад ці хтосьці сур'ёзна чакаў, што яго пакінуць на волі.

Навальны прымушае сістэму праяўляць сябе з боку сілавога кіравання краінай. Ён быў прызнаны пацярпелым па ЕСПЧ, а яго тым не менш прысудзілі да рэальнага тэрміну. З пункту гледжання законнасці і справядлівасці ўсё парушана.

Навальны прымусіў сістэму павесці сябе так — ужо без прыкрыцця легальнасці, якой раней сістэма карысталася.

Сістэма агаліла рэчы, якія існавалі і раней, але яны сталі бачныя значна большай колькасці людзей, якія раней за гэтым не сачылі. Таму большы эфект будуць мець спадарожныя пратэсты і разгон людзей — а не тое, што Навальнага пасадзілі.

Яшчэ некалькі гадоў таму можна было сказаць, што дзяржава ў Расіі кіруецца палітычнымі метадамі. Можна было казаць, што гэта маніпулятыўная методыка, гібрыдны рэжым, электаральная дэмакратыя. Выбары, хай і выхалашчаныя, былі. Былі прадстаўнічыя органы, якія на нешта ўплывалі і прымалі законы.

Была аўтарытарная сістэма, але ў яе быў палітычны курс. Важна, што гэта была палітычная логіка. Цяпер — адчуванне, што палітычныя формы кіравання адкінутыя зусім і краінай пачынаюць кіраваць выключна сілавымі спосабамі. Ніякіх спробаў вырашыць крызіс палітычна няма.

Пытанне ў тым, ці вернецца палітыка ці яе цалкам заменяць сілавыя акты? Асцерагацца гэтага трэба і тым, хто за гэтым стаіць. Гібрыдныя рэжымы існуюць многія дзесяцігоддзі, а ваенныя — адносна кароткі час, меншы, чым жыццё аднаго пакалення.

Тое, што цяпер адбываецца, падобна на пераход ад мяккага аўтарытарызму да вайсковага рэжыму і хунты. У нашым выпадку гэта сілавікі, Расгвардыя, ФСБ, але ніхто з іх не ўмее кіраваць краінай палітычнымі метадамі, яны не ведаюць іх. Палітычны метад для іх — гэта разгон дубінкамі.

Таксама ёсць рызыка ў тым, што спачатку існавала ўлада, якая балансавала паміж сілавікамі і палітычным блокам, потым яна цалкам даверылася сілавікам, а затым сілавікі падумаюць: «Навошта нам лідар, калі мы і самі кіруем краінай?» Напрыклад, хто-небудзь з генералаў Расгвардыі скажа: «Навошта нам наогул абараняць кааператыў «Возера», калі мы і так улада?»

Наколькі доўга працягнецца мабілізацыя пратэставай актыўнасці — незразумела. Не ўпэўнены, што гэта будзе так доўга, як у Беларусі. Але грамадскі рух апошнія разы выходзіў не толькі за Навальнага — гэта не дзясяткі тысяч навальністаў. Навальны даў падставу мабілізавацца тым, каму не падабаецца, куды ідзе краіна.

І нават не ведаю, ці будуць у нас выбары хоць у нейкім сэнсе. Калі будуць, то партыі ўлады будзе нашмат цяжэй. Давер да ўлады падарваны вельмі моцна нават сярод лаяльных да яе людзей.

Я як аптыміст чакаю лепшага — вяртання дэмакратычных свабодаў. Якім чынам гэта адбудзецца, не ведаю — у выніку расколу эліт або Пуцін адумаецца — але нейкая з гэтых магчымасцяў ёсць. Аднак значна больш варта чакаць узмацнення жорсткасці — і некалькіх цяжкіх гадоў для Расіі.

Але чым цямней цяпер будзе сітуацыя, тым яна будзе карацейшай. Чым больш жорсткія меры захоча прыняць рэжым, тым менш гадоў гэты этап працягнецца.