Дасье ў карыкатурах: Палова кадэнцыі Зяленскага

На гэтым тыдні скончылася першая палова прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Зяленскага. Падвесці яе баланс дапаможа графіка.

zastavka_54.jpg

Зяленскі, як вядома, уварваўся ў вялікую палітыку дзякуючы серыялу «Слуга народа», дзе сыграў звычайнага настаўніка, які раптам стаў прэзідэнтам. Прычым вельмі паспяховым. Шмат хто лічыў тады, што шоу можа стаць рэальнасцю. На самай справе ўсё атрымалася крыху па-іншаму.
Пасля паловы кадэнцыі Зяленскага ў працэсе выканання застаецца 349 абяцанняў, з іх 45 былі прапісаныя яшчэ ў перадвыбарчай праграме, выкананых абяцанняў — 226.
Адно з галоўных нявыкананых абяцанняў Зяленскага за першую фазу прэзідэнцтва — рашэнне праблемы Данбаса. Хаця спачатку ўсё выглядала перспектыўна. Восенню 2019-га ўпершыню за некалькі гадоў у Парыжы прайшла сустрэча лідараў Украіны, Расіі, Францыі і Германіі. Тыя перамовы праілюстраваў аўстрыйскі мастак Мар'ян Камінскі.

1_485.jpg

Аднак потым працэс забуксаваў. Паступова Украіна вярнулася да пазіцыі Парашэнкі, патрабуючы ўвязаць прыняцце законапраектаў у рамках Мінскіх пагадненняў па часе з вяртаннем поўнага кантролю над мяжой. Прычым узаемнае напружанне па лініі Кіеў — Масква дасягнула такога градуса, што эксперты не выключаюць адкрытай канфрантацыі.
Сярод паспяховых рэформаў Зяленскага называюць прыняцце закона аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці. Дэпутат Вярхоўнай Рады даўно стаў ва Украіне сімвалам карупцыі, пра што таксама сведчаць шматлікія мясцовыя карыкатуры.

2_448.jpg

Да спрэчных рэформаў Зяленскага адносяць закон аб рынку зямлі, які быў прыняты 31 сакавіка 2020-га. Згодна з прынятым дакументам, юрыдычныя асобы змогуць набываць сельскагаспадарчую зямлю. Паколькі грошай ва ўкраінскіх фермераў не шмат, патэнцыйна зямля можа быць скупленая буйнымі замежнымі аграрнымі кампаніямі. На тэме продажу радзімы больш за ўсіх спекулюе Юлія Цімашэнка. Выданні, блізкія да Юлі, адпаведным чынам выяўляюць прэзідэнта.

3_402.jpg

Аднак куды больш моцны ўдар па іміджы Зяленскага нанесла пандэмія. Вясной 2020-га быў абвешчаны локдаўн, што прывяло не толькі да хаосу на месцах, але і крызісу дробнага бізнесу. Амаль трэці дробных прадпрымальнікаў да гэтага часу не ўдалося аднавіць узровень уласных даходаў, які быў да каранціну. Акрамя таго, частка грошай з фонду на барацьбу з інфекцыяй пайшла на будаўніцтва дарог — рэкламная фішка офіса Зяленскага. Відавочна, на Банкавай не чакалі новай хвалі, якая прыйшла ў краіну восенню 2021-га. Правалы на гэтым кірунку таксама натхняюць апазіцыйных карыкатурыстаў.

4_382.jpg


Узімку 2021-га Зяленскі нечакана ўспомніў пра Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (СНБА). Орган быў створаны ў 1996-м яшчэ Леанідам Кучмам і ў прынцыпе ні на што не ўплываў. Пры Зяленскім СНБА стаў уводзіць санкцыі, прычым без папярэдняй судовай працэдуры. Спачатку яго рашэннем былі закрытыя тры апазіцыйныя каналы і абмежаваныя ў правах шэраг апазіцыйных прарасійскіх палітыкаў. Цяпер не выключаюць, што пад рэпрэсіі СНБА хутка трапіць і празаходні Парашэнка. Такім чынам, СНБА па волі прэзідэнта ўзяў на сябе функцыі СБУ, МУС і Генпракуратуры. Нядзіўна, што яго старшыню Аляксея Данілава пачалі выяўляць як суровага палітыка, які сваімі метадамі наводзіць парадкі ва ўсёй краіне.

5_353.jpg


Праходжанне экватара першай кадэнцыі супала для Зяленскага з новымі выклікамі. Спачатку ён стаў фігурантам афшорнага расследавання Pandora papers. Аказалася, што «слуга народа» меў таемныя рахункі ў афшорах, праз якія, магчыма, таксама адмываліся грошы алігархаў. Прычым брытанскі The Guardian, які апублікаваў вынікі даследавання, праілюстраваў яго калажам менавіта з выявай Зяленскага. Гэта стала моцным ударам па яго іміджы на Захадзе.

6_244.jpg


Спробы Зяленскага апраўдацца за афшоры пакуль цяжка назваць эфектнымі. Інакш бы яго рэйтынг не ўпаў на 10 % за апошні месяц. Сёння ён складае прыкладна 20–23 %. Палітолагі лічаць, што гэта не мяжа, паколькі краіна аказалася не гатовай да ацяпляльнага сезона. Ужо цяпер у некаторых абласцях уведзены рэжым надзвычайнага становішча з-за недахопу газа і высокіх коштаў энергарэсурсаў. Многія прагназуюць рост тарыфаў.

7_168.jpg


Зрэшты, наўрад ці Уладзімір Зяленскі будзе пасіўна назіраць за падзеямі. Многія чакаюць, што ён будзе гуляць на апярэджанне і вось-вось абвесціць аб намеры пайсці на другі тэрмін. Адным словам, другая палова кадэнцыі Зяленскага сумнай не будзе.