Дасье ў карыкатурах: Выбары ў Расіі

19 верасня ў Расіі праходзяць выбары ў Дзяржаўную думу. Падзею не абмінулі ўвагай і шматлікія мастакі.


На першы погляд, гэтыя выбары — дзяжурныя. Як заўсёды, чакаецца перамога кандыдатаў «Адзінай Расіі» (АР), фракцыя якой у выніку атрымае абсалютную большасць мандатаў у Думе. Чаканую вікторыю АР, актывістаў якой у народзе называюць «мядзведзямі», візуальна адлюстраваў мастак Аляксей Мерынаў.

Зразумела, што для трыумфу АР будуць задзейнічаны вядомыя прыёмы — прымус выбаршчыкаў, маніпуляцыі пры падліках і г. д. Гэтым спрадвечным спадарожнікам расійскіх выбараў прысвечаны многія карыкатуры.

Таксама прадказальна, што прахадны бар'ер пераадолеюць партыі, якія хутчэй з'яўляюцца сімулякрам апазіцыі. Адсутнасць альтэрнатывы сярод кандыдатаў — яшчэ адна з папулярных тым у працах графікаў.

Зрэшты, цяперашнія выбары ўсё ж нельга назваць абсалютна падобнымі на папярэднія. Падчас кампаніі паўстаў незвычайны нефармальны альянс камуністаў і прыхільнікаў Навальнага. Апошнія часта рэкламавалі кандыдатаў-камуністаў у рамках т. зв. «Разумнага галасавання» — платформы, якая дазваляе арганізаваць кансалідаваную падтрымку найбольш моцнага апазіцыйнага кандыдата. У адказ у пракрамлёўскіх СМІ нават была арганізавана кампанія супраць «Разумнага галасавання» і камуністаў. Прыцягнулі да яе і мастакоў.

Цяперашнія выбары праходзяць і, хутчэй за ўсё, пройдуць без вулічных пратэстаў. Асноўная прычына — маштабная зачыстка актывістаў радыкальнай апазіцыі, як правіла, звязаных з праектамі Навальнага. Пасля таго, як іх запісалі ў «экстрэмісты», шмат хто з іх вырашыў эміграваць. Хапун праілюстраваў мастак Deutsche Welle.

Выбары 19 верасня, дарэчы, вельмі турбуюць афіцыйны Кіеў. Упершыню на тэрыторыі некантраляванай Украінай часткі Данбаса будуць працаваць выбарчыя ўчасткі для тых, хто атрымаў расійскія пашпарты. Не ў захапленні ад гэтага і расійская апазіцыя. Усім зразумела, што праз адсутнасць кантролю над выбарамі ў Данбасе ўсе галасы пойдуць у скарбонку пуцінскай партыі. Тэматычная карыкатура мастака «Радыё Свабода».
Што тычыцца лаяльных уладзе карыкатурыстаў, то яны спрабуюць сваімі творамі матываваць выбаршчыка наведаць участак, што ўскосна кажа пра праблему яўкі і апатыі грамадзян. У прынцыпе, нават праўладныя медыя прызнаюць — людзі не адчуваюць, што іх голас нейкім чынам паўплывае на прыняцце дзяржаўных рашэнняў, на іх уласны лёс. Зрэшты, пакуль альтэрнатыву шоу пад назвай «выбары» расійскае грамадства не прапануе.
 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: