Першы крок да перамогі апазіцыі Венесуэлы?

Венесуэльская апазіцыя дамаглася афіцыйнага абяцання ўладаў пачаць з ёй дыялог. Аднак далей абяцанняў справа можа і не прасунуцца.

Associated Press

Associated Press

Сапраўдная інфармацыйная бомба выбухнула прыкладна два тыдні таму. Тады дыпламаты ЗША, Канады і Еўрапейскага саюза заявілі, што іх краіны будуць гатовыя перагледзець свае санкцыі ў дачыненні да ўраду Мадура.
Гэтыя санкцыі, нагадаем, былі ўведзеныя ў 2019 годзе. Тады краіну ахапілі пратэсты супраць інаўгурацыі Нікаласа Мадура на другі прэзідэнцкі тэрмін. На іх фоне спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта. Пры гэтым шмат краінаў пагадзіліся прызнаць яго дыпламатычна. Мадура, у сваю чаргу, заявіў, што застанецца на сваёй пасадзе да заканчэння свайго другога тэрміну ў 2025 годзе.
У канфлікт імгненна ўключыліся знешнія гульцы. Злучаныя Штаты і ЕС увялі пакет санкцый, відавочна, у чаканні нейкай хуткай трансфармацыі, якую можна правесці з дапамогай Гуайдо. Аднак з-за лаяльнасці арміі і дзякуючы падтрымцы Кітая і Расіі той план так і не матэрыялізаваўся.
Наадварот, ініцыятыву перахапіў Мадура. Праз байкот апазіцыяй наступных парламенцкіх выбараў новы склад Нацыянальнай Асамблеі аказаўся цалкам прапрэзідэнцкім. У выніку ў студзені гэтага года Еўрапейскі саюз нават адмовіўся юрыдычна прызнаваць лідара венесуэльскай апазіцыі Хуана Гуайда законным кіраўніком Венесуэлы, паколькі той страціў пасаду кіраўніка парламента.
Нягледзячы на крызіс праекта Гуайдо, стабілізаваць сітуацыю, перш за ўсё ў сацыяльна-эканамічнай галіне, чавістам не ўдаецца. Таму пэўныя кансультацыі з Захадам ніколі не спыняліся. У рамках іх Каракасу і зрабілі згаданую вышэй суперпрывабную прапанову пра змякчэнне санкцый. У адказ Мадура павінен быў пагадзіцца на дыялог з апазіцыяй.
У выніку Каракас саступіў. На мінулым тыдні стала вядома, што прадстаўнікі ўрада Венесуэлы і апазіцыі збіраюцца сустрэцца ў Мексіцы ў пачатку жніўня для запуску новага раўнду перамоваў. Іх канчатковая мэта — спыненне зацяжнога глыбокага палітычнага крызісу ў паўднёваамерыканскай краіне.
Па словах крыніц, дыялог будзе адбывацца пры пасярэдніцтве міжнародных бакоў пад непасрэдным наглядам Нарвегіі, якая выступала ў якасці пасярэдніка ў мінулай спробе перамоваў у 2019 годзе. Менавіта Нарвегія ў цяперашні час падтрымлівае кантакты з абодвума бакамі для вызначэння парадку дня.
Пры гэтым аптымізму заходнім дыпламатам не займаць. Яны дапускаюць, што працэс грамадзянскага прымірэння стартуе ўжо ў лістападзе, калі ў краіне запланаваныя мясцовыя выбары. Калі выбарчая кампанія пройдзе сумленна і з абавязковым удзелам апазіцыі, можна будзе казаць пра вяртанне Венесуэлы да нормаў дэмакратыі.
Аднак пакуль такі сцэнар падобны да фантастыкі. Дыялог яшчэ не пачаўся, а візаві вылучылі адзін аднаму практычна невыканальныя ўмовы. Гуайдо заявіў, што яго дэлегацыя на перамовах будзе дамагацца выключна абмеркавання ўмоў для свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.
У сваю чаргу, Мадура сказаў, што гатовы весці перамовы з Гуайдо, але толькі пра адмену санкцый. Акрамя таго, ён патрабуе, каб палітычныя апаненты спачатку прызналі «канстытуцыйнасць і законнасць улады», а ўсе сектары апазіцыі «адмовіліся ад планаў гвалтоўных дзеянняў» па дэстабілізацыі ўрада. Нарэшце, патрабуецца ўключэнне ў дыялог усіх палітычных суб’ектаў, якія хочуць у ім удзельнічаць. Відавочна, што Мадура імкнецца да прысутнасці на перамовах сваёй кішэннай апазіцыі, якая будзе намагацца аспрэчыць у Гуайдо статус лідара апазіцыйных сіл.
Гэта яшчэ без уліку таго, што ў абодвух лагерах ёсць радыкальныя фракцыі. Так, 17 ліпеня Хорхе Радрыгес, спікер парламенту, заклікаў да арышту чальцоў апазіцыйнай палітычнай партыі «Народная воля», і дадаў: «Мы не збіраемся садзіцца за стол перамоваў, калі па іншы бок за ім сядзяць злачынцы, забойцы і тэрарысты».
Гэтыя пасажы выклікалі ў Вашынгтоне нават думку пра тое, ці дарэчны ўвогуле дыялог. Кевін О’Рэйлі, намеснік памочніка сакратара ЗША, заявіў, што арышты і пераследы ў Венесуэле «выклікаюць сумневы наконт сур’ёзнасці Мадура ў арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў».
З іншага боку, апазіцыя адразу падзялілася наконт таго, удзельнічаць у лістападаўскіх выбарах ці байкатаваць іх. Некаторыя лічаць неэтычным удзел у выбарчай кампаніі без папярэдняй шырокай палітычнай амністыі. «Мы патрабуем спынення рэпрэсій і пераследаў, неадкладнай свабоды ўсіх грамадзянскіх і ваенных палітычных зняволеных, а таксама поўных і безумоўных гарантый вяртання выгнаннікаў», — заявіў спікер адной з такіх партый. Каментуючы гэтую заяву, адзін з венесуэльскіх палітолагаў піша пра наяўнасць у адміністрацыі прэзідэнта стратэгіі па дэзарганізацыі і расколе апазіцыі напярэдадні выбараў.
З улікам усяго апісанага, нават пачатак перамоваў можна будзе лічыць прарывам. Зрэшты, нельга выключаць, што бакі проста ўздымаюць стаўкі. Дыялог у фармаце «апазіцыя-ўлада» — вельмі складаны працэс, дзе гульня ідзе па сваіх правілах. Так што будзем назіраць і вучыцца.