Дзень прэзідэнта — 3

Сёння Казахстан у трэці раз на афіцыйным узроўні святкуе Дзень прэзідэнта. Калі ўзгадаць, у што выліліся святочныя мерапрыемствы ў мінулым годзе, можна чакаць новых прарываў у станаўленні культу Назарбаева. 



1386579431_1_dekabrya_rk.jpg

У мінулым годзе, нагадаем, у Астане больш за 3 тысячы студэнтаў масава прызнаваліся ў любові да кіраўніка дзяржавы, пабудаваўшы сваімі целамі велізарную лічбу «1», якая сімвалізуе Дзень першага прэзідэнта. Флэшмоб арганізавала Упраўленне моладзевай палітыкі горада. Па словах яго прадстаўніка, «чыноўнікі нікога не прымушалі, прызнанне было добраахвотным». Таксама «добраахвотна» амаль кожны сталічны студэнт пакінуў 1 снежня ў сябе на старонцы ў сацыяльных сетках каментар з падзякай прэзідэнту за яго працу.

Але Астану пераплюнула Паўночна-Казахстанская вобласць. Там у адным з адміністрацыйных цэнтраў у гонар Елбасы (афіцыйны тытул Назарбаева, што значыць «лідар нацыі») адкрылі новы ўчастковы пункт паліцыі.

Гэтым разам 1 снежня, мяркуючы па ўсім, чакаюцца не менш маштабныя падзеі. Пакуль кіраўнік дзяржавы, паводле яго прэс-службы, атрымлівае вялікую колькасць віншаванняў (у тых віншаваннях падкрэсліваецца роля Першага прэзідэнта ў міжнароднай палітыцы і дынамічным развіцці Казахстана, дзякуючы чаму рэспубліка рэалізавала свой патэнцыял, стала квітнеючай краінай) чыноўнікі ламаюць галаву, думаючы, як лепш зрабіць заліковы «заліз».

Напрыклад, дэпутат парламенту Розакул Халмуразаў агучыў запыт на імя прэм’ер-міністра краіны Карыма Масімава, у якім адзначаў, што з пачаткам снежня ў краіне пачынаецца маштабная падрыхтоўка да святкавання Новага года: на будынкі вывешваюцца віншавальныя плакаты, усталёўваюцца ўпрыгожаныя елкі, уздоўж дарог іскрацца святочныя агеньчыкі. «Але да першага студзеня наша краіна адзначае іншае вялікае свята — Дзень першага прэзідэнта, пра які інфармацыю ўбачыць практычна немагчыма. Дзень першага прэзідэнта застаецца ў ценю Новага года. Калі мы — народ, то ў першую чаргу павінны надаць увагу гэтаму вялікаму святу», — падкрэсліў дэпутат і прапанаваў Карыму Масімаву ўвесці разумнае абмежаванне на падрыхтоўку да Новага года і на ўрадавым узроўні праводзіць поўнамаштабную падрыхтоўку да Дня першага прэзідэнта.

Відаць, у апараце ўраду зрабілі высновы з ліста Халмуразава. 1 снежня ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню першага прэзідэнта, чакаецца ўдзел прэзідэнта Казахстана ў цырымоніі запальвання галоўнай навагодняй ялінкі.

Праўда, большасць казахстанскіх чыноўнікаў не прыдумляюць веласіпед. У ход ідуць старыя прыёмы культу савецкіх правадыроў. Напрыклад, вельмі папулярны пошук людзей, якія па жыцці хоць неяк перасякаліся з Нурсултанам. Такіх людзей знаходзяць, каб 1 снежня калектыўна выслухаць іх успаміны пра сустрэчы з будучым гарантам, падчас якіх Назарбаеў дэманстраваў выбітныя якасці геніяльнай асобы. Вось тыповы фрагмент мемуараў аднаго з аднакласнікаў Елбасы: «Мы з дзяцінства дапамагалі бацькам касіць сена, капаць бульбу. І калі хто-небудзь з нас нядобрасумленна збіраў бульбу, шмат пакідаў, Нурсултан разграбаў зямлю рукамі, выцягваў адтуль пакінутую бульбу і казаў: «Ты чаму не да канца збіраеш?».

Звычайна ў выніку такіх успамінаў адкрываюцца невядомыя старонкі біяграфіі Елбасы. Напрыклад, цяпер высветлілася, што ў піянеры маленькага Нурсултана прынялі не ў трэцім класе, як усіх савецкіх школьнікаў, а ў другім за экстрадобрыя паводзіны.

Асацыяцыі з савецкімі часамі яшчэ больш відавочныя, калі пачытаць тэматычныя матэрыялы на сайце казахскага Мінадукацыі, якія рэкамендаваныя для арганізацыі класных гадзінаў (такія класныя гадзіны мусяць адбыцца ў кожнай казахскай школе напярэдадні 1 снежня). Акрамя ўсяго дзеці павінны зазубрыць наступныя звесткі: «Ён выйшаў з народа. Нурсултан Назарбаеў вырас у простай сельскай сям’і і добра знаёмы з патрэбамі простых людзей. Усе сацыяльна-эканамічныя рэформы ў краіне праводзяцца ў інтарэсах народа. У кожнай працоўнай паездцы па рэгіёнах Нурсултан Назарбаеў знаходзіць час для кантактаў з простымі грамадзянамі краіны».

Аднак ёсць у працы з моладдзю і ноў-хау. Адной з галоўных падзей 1 снежня будзе ўдзел гаранта ў адкрыцці чэмпіянату свету па варкауту — адной з разнавіднасцяў масавых фізкультурных заняткаў, якая складаецца з выканання розных практыкаванняў на вулічных спортпляцоўках. Калі верыць пастам у сацыяльных сетках, арганізацыяй турніру займаецца асабіста прэм’ер, а маштабы акцыі ўражваюць. Напрыклад, урад аплачвае ўсім удзельнікам пералёт туды і назад, хоць некаторыя квіткі каштуюць пад 10,000$. Атлеты будуць жыць у элітным гатэлі. Сілкаванне і пражыванне таксама аплачвае дзяржава.

«Усё, што табе засталося, — гэта аформіць візу, сабраць рэчы пацяплей, падрыхтавацца да выступу. Але памятай — гэта чэмпіянат свету, заяўкі падалі 75 краін, і ты будзеш выступаць перад вышэйшым кіраўніцтвам краіны, а гледачоў будзе каля 10 000... Гэта сапраўдны чэмпіянат свету. Ты павінен гэта разумець — гэта вялікая адказнасць. Табе выпаў шанец увайсці ў гісторыю», — гаворыцца ў рэкламнай аб’яве вярбоўкі ўдзельнікаў чэмпіянату, якая гуляе па сеціве.

Трэба прызнаць, што абсалютная большасць казахаў задаволеныя тым, што ў календары 1 снежня пазначанае чырвоным колерам — людзі атрымліваюць шанец адпачыць на дзень больш, а ў гэтым годзе ў Казахстане будуць адпачываць аж тры дні.

На фоне растучай нестабільнасці ў свеце Дзень прэзідэнта агаляе ахілесаву пяту казахскай мадэлі — моцна цэнтралізаваная сістэма ўлады ў Казахстане цалкам арыентаваная на канкрэтную асобу. Чым больш яе ўсхваляюць, тым больш не зразумела, як дзяржаўныя і грамадскія інстытуты будуць здольныя працаваць у выпадку адсутнасці Назарбаева, забяспечыўшы перш за ўсё механізм пераемнасці ўлады. Таму на гэты раз Дзень прэзідэнта ў Казахстане — трошкі сумнае свята.