Інтэрвенцыя? Якая інтэрвенцыя?

Калі верыць чэшскай апазіцыі і некаторым медыя, напярэдадні 50-й гадавіны падаўлення «Пражскай вясны» ў Чэхіі ўлада запусціла інфармацыйную кампанію. Яе мэта — рэвізія гісторыі тых трагічных падзей.

Фота www.news-front.info

Фота www.news-front.info

Роўна 50 гадоў таму адбылося кіраванае Масквой вайсковае ўварванне ў Чэхаславакію войскаў краін Варшаўскай дамовы, якое спыніла спробу чэхаў і славакаў пабудаваць сацыялізм з чалавечым тварам. Такая версія гісторыі, прынамсі пасля краху СССР, амаль нікім асабліва не аспрэчвалася.

Аднак напярэдадні цяперашняй гадавіны з’явіліся новыя трактоўкі. Аказваецца, што Чэхаславакію 50 гадоў таму атакавалі… украінцы! Маўляў, тагачасным лідарам СССР быў Леанід Брэжнеў, які паходзіць з Украіны. Украінцы складалі і большую частку кіраўніцтва КПСС. Іншыя яго сябры, у тым ліку адзін беларус, не змаглі затармазіць план інтэрвенцыі. Акрамя таго, большасць жаўнераў, якія ўдзельнічалі ва ўварванні, былі ўкраінцамі, паколькі служылі ў складзе фармаванняў Украінскай вайсковай акругі.

У прынцыпе, на падобныя спекуляцыі можна было б не звяртаць увагі. У прэсе, асабліва расійскай, сёння можна прачытаць і больш крутыя «сенсацыі», якія тычыцца тых падзей. Напрыклад, пра тое, што за чэхаславацкімі рэфарматарамі-камуністамі стаяла заходненямецкая разведка. Або пра тое, што ЦРУ наўмысна справакавала СССР і яго саюзнікаў на інтэрвенцыю, каб дыскрэдытаваць Савецкі Саюз.

Фішка ў тым, што тэзіс пра акупацыю Чэхаславакіі ўкраінцамі ў 1968 годзе агучыў не нейкі гісторык-маргінал, а лідар партыі, якая дэ-факта ўвахо­дзіць у склад цяперашняга чэшскага кабміна. Гаворка пра Войтэха Філіпа, правадыра Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак для сістэмнай палітычнай структуры.

У прынцыпе, ад камуністаў, напэўна, можна было такога чакаць. Аднак іншыя кіраўнікі Чэхіі паводзяць сябе не менш дзіўна. Напрыклад, прэзідэнт Мілаш Земан заявіў, што акупацыя ў жніўні 1968-га была злачынствам, аднак прэзідэнт (паводле слоў яго прадстаўніка) не мае намеру рабіць спецыяльную прамову з нагоды трагічнага юбілею.

Затое адмысловую прамову выдаў прэм’ер краіны і адначасова алігарх Андрэй Бабіш. Аднак, як мяркуюць некаторыя назіральнікі, у дадзеным выпадку лепш бы ён прамаўчаў. «Мы памятаем тое, калі мы былі акупаваныя, калі мы гулялі ў хакей і, вядома, Палаха і ўсё такое. Такім чынам, гэта вельмі негатыўная рэч», — сказаў Бабіш сярод іншага, і гэтым шакаваў публіку. На думку шмат каго, гэта быў нейкі здзек са спадчыны 1968-га або нават тролінг тых, хто ўзгадвае яе абставіны.

Такія паводзіны з боку цяперашняй эліты выклікаюць раз’юшанасць ліберальнай апазіцыі, якая вуснамі Іржы Паспішыла, аднаго з яе лідараў, кажа пра «грэбаванне (кіраўнікамі краіны) канстытуцыйнымі абавязкамі». У сваёй заяве палітык нагадвае, які кошт заплаціла краіна за тую інтэрвенцыю: каля сотні збітых і 200 тысяч эмігрантаў.

Між тым, некаторыя журналісты — напрыклад, Давід Клімеш — ідуць далей, і кажуць пра пачатак сістэмнага перагляду падручнікаў гісторыі. На думку Клімеша, наўрад ці Войтэх Філіп правакаваў бы чэхаў версіяй пра ўкраінцаў-акупантаў, калі б не разумеў, што яму ўсё сыдзе з рук.

Справа ў тым, што папулісцкая кааліцыя з удзелам камуністаў, якая прыйшла да ўлады ў мінулым годзе, так ці інакш супрацьпастаўляе сабе ліберальным папярэднікам, якія вядуць свой летапіс з вясны 1968-га. Для гэтага лагеру Аксамітная рэвалюцыя 1989-га шмат у чым была позняй рэдакцыяй «Пражскай вясны», якая мае абсалютна сакральны статус. Між тым, для шматлікіх чэхаў пагроза вяртання камунізму даўно страціла актуальнасць. Ім больш цікавыя тэмы той жа карупцыі або міграцыі, якія актыўна эксплуатуюць папулісты. Такім чынам можна казаць пра барацьбу светапоглядаў.

Цікава, што сярод цяперашніх аматараў «Пражскай вясны» шмат хто крытыкуе ліберальную апазіцыю. Як піша калумніст Апалена Рыхлікава, сённяшняя апазіцыя з 1989-га была пры ўладзе, і менавіта яна адказная за тое, што ідэі «Пражскай вясны» апынуліся ў маргінэзе. «Палітыкі і чыноўнікі пачалі ігнараваць думку дзеячаў культуры, сацыяльныя праблемы перасталі цікавіць уладу, крытэрам поспеху стаў прыбытак, а не супрацоўніцтва і прагрэс», — піша Рыхлікава. Праўда, журналістка спадзяецца, што «вопыт 1960-х гадоў з іх унікальнай дынамікай яшчэ можа быць крыніцай натхнення для краіны».

Што да будучага месца жніўня 1968 года ў падручніках Чэхіі, то яно сапраўды непрадказальнае. Не праз тое, што палітыкі накшталт Войтэха Філіпа з відавочнай дапамогай расійскіх медыя актыўна прасоўваюць рэвізіянісцкія канцэпты. Проста на змену цяперашнім генерацыям чэхаў ідзе новая. Яе прадстаўнікам, гледзячы па сацыялогіі, абсалютна абыякава, што было ў тым жа 1968-м. Так, у чэрвені агенцтва «Market Research» падзялілася вынікамі даследавання, паводле якога амаль палова маладых чэхаў не ведаюць, што адбылося ў ключавыя для лёсу краіны гады — 1938-м, 1948-м і 1968-м.