Які курс уральскага франка?

Наступствам нядаўніх пратэстаў у Екацярынбургу стала вяртанне ў расійскую грамадскую дыскусію тэмы пагрозы ўральскага сепаратызму — ідэі стварэння на Урале аўтаномнага суб’екта федэрацыі, або нават незалежнай дзяржавы.

Фота www.afterempire.info

Фота www.afterempire.info

Апошні раз пра ўральскую дзяржаўнасць так шмат дыскутавалі, напэўна, у далёкім 1993 годзе, калі Свярдлоўскай вобласцю кіраваў харызматычны і амбіцыйны Эдуард Росель. Зрэшты, за феноменам уральскага сепаратызму стаяў не толькі фактар асобы.

Мясцовыя эліты задумаліся пра аўтаномію пад ціскам абставінаў. 31 сакавіка 1992 года была прынятая Федэральная дамова, якая стала часткай Канстытуцыі РСФСР. Гэтая дамова давала магчымасць нацыянальным рэспублікам у складзе РСФСР прымаць уласныя законы, абіраць кіраўнікоў выканаўчай улады і весці самастойную знешнеэканамічную дзейнасць.

У шматлікіх аблвыканкамах, у тым ліку свярдлоўскім, тую дамову палічылі дыскрымінацыйнай у дачыненні да краёў і абласцей, і вырашылі дамагацца такіх жа правоў, як у нацыянальных аўтаномій. Як заяўляў сам Росель: «Нам не патрэбны суверэнітэт, але вельмі патрэбныя эканамічная і заканадаўчая самастойнасць». Дарэчы, з гэтым была згодная большасць насельніцтва краю. Паводле апытання, якое было праведзенае ў рэгіёне 25 красавіка 1993 года, 83% з тых, хто прынялі ў ім удзел, выступілі за тое, каб «Свярдлоўская вобласць па сваіх паўнамоцтвах была раўнапраўная з рэспублікамі ў складзе Расійскай Федэрацыі».

Зыходзячы з вынікаў згаданага плебісцыту, 1 ліпеня 1993 года абласным парламентам была абвешчаная Уральская Рэспубліка. Зрэшты, існаваў не прадугледжаны Канстытуцыяй Расіі суб’ект нядоўга. 9 лістапада таго ж года ўказам Ельцына аблсавет быў распушчаны, а Росель адхілены ад пасады кіраўніка адміністрацыі. Лічыцца, у Крамлі спалохаліся, што антыельцынскі супраціў пасля расстрэлу ў кастрычніку Вярхоўнага Савета можа замацавацца на ўзроўні абласных цэнтраў. Пазней, у 1995 годзе, Росель зноў быў абраны губернатарам Свярдлоўскай вобласці, і перыядычна пераабіраўся на гэтую пасаду аж да 2009 года. Аднак да ідэяў рэнесансу Уральскай Рэспублікі ён больш не вяртаўся.

Але за некалькі месяцаў існавання незвычайнай рэспублікі ў 1993 годзе Росель і кампанія здолелі закласці міф уральскай дзяржаўнасці. Была прынятая Канстытуцыя Уральскай Рэспублікі, распрацаваная навукоўцамі Уральскага аддзялення РАН; надрукаваныя правобразы ўральскіх франкаў — валюты Уральскай Рэспублікі; нарэшце, быў прыдуманы дызайн сцяга аўтаномнага Урала — бела-зялёна-чорны трыкалор.

Менавіта гэты, здавалася, забыты сцяг нечакана стаў з’яўляцца на акцыях пратэсту на Урале з 2012 года. Адначасова паўсталі групы ўральскіх рэспубліканцаў. Гэтую хвалю сепаратыстаў улады хутка задушылі, сфабрыкаваўшы ў 2014 годзе справу аб спробе арганізацыі «Майдана на Урале». Аднак падчас нядаўніх масавых выступаў супраць будаўніцтва храма ў цэнтральным скверы Екацярынбурга бела-зялёна-чорны сцяг зноў з’явіўся на маніфестацыях. Відавочна, што латэнтныя аўтанамісцкія або сепаратысцкія тэндэнцыі ў рэгіёне прысутнічаюць, і пры пэўным раскладзе адразу ж праяўляюцца.

Па змесце сепаратысцкіх рэсурсаў відавочна, што база руху змянілася. У адрозненне ад 1993 года, драйверамі ўральскага праекта выступаюць не «чырвоны дырэктарат» і рэгіянальная бюракраты, а моладзь і прадстаўнікі сярэдняга класа. Гэта адбілася і на праграмных устаноўках. Патрабаванне шырокай аўтаноміі Урала ў складзе Расіі саступіла месца канцэпцыі поўнай незалежнасці ад Масквы. «Праект Уральскай Рэспублікі павінен быць заснаваны як сустрэчны ход грамадзянскай супольнасці на маскоўскую цэнтралізацыю разам з фактычным замацаваннем каланіяльнага статусу Сібіры і Далёкага Усходу», — піша адзін з ідэолагаў праекта.

А некаторыя з сепаратыстаў нават мараць пра будучае сяброўства Урала ў Еўрасаюзе. Тут гаворка, хутчэй, ідзе не пра Свярдлоўскую вобласць, а пра так званы Вялікі Урал — прапанаванае аб’яднанне поясу расійскіх рэгіёнаў ад Арктыкі да Казахстана з насельніцтвам больш за 30 мільёнаў чалавек.

Такія пражэкты гучаць крыху інфантыльна, а іх аўтары, хутчэй, звычайныя тусоўшчыкі, сацыяльныя аўтсайдэры. Напрыклад, адзін з лідараў уральскіх рэспубліканцаў апынуўся жрацом «царквы пастафарыянцаў» (вера ў звышнатуральнага стваральніка, падобнага да макароніны), а таксама правадыром «Руху за адраджэнне гусараў». Не кажучы ўжо пра галоўную праблему — уральская самаідэнтыфікацыя на сёння не азначае прыналежнасці да пэўнага этнасу.

Аднак адмаўляць высокі ўзровень незадаволенасці палітыкай цэнтральных уладаў у Екацярынбургу нельга. Сталіца Урала — мегаполіс з высокай колькасцю адукаваных людзей, шматлікімі ВНУ, развітым бізнесам і досыць высокай грамадзянскай свядомасцю. Толькі ў Екацярынбургу мэрам горада ў часы Пуціна прымудрыўся стаць несістэмны грамадскі актывіст Яўген Ройзман. Таму наўрад ці ідэю Уральскай рэспублікі атрымаецца ператварыць у хімеру.

Застаецца агучыць самы незвычайны сцэнар наконт перспектыў уральскай дзяржаўнасці аўтарства журналіста Алега Лур’е. На яго думку, бліжэйшым часам трэба чакаць новай серыі акцый за выхад Урала са складу Расіі. Прычым, адначасова грамадству будзе навязвацца тэма, што лідарам незалежнай Уральскай Рэспублікі павінен стаць Аляксей Навальны.