Калі людзі не баяцца выйсці на вуліцу

Наш уласны карэспандэнт у Кіеве пабывала на падзеях Дня Незалежнасці Украіны. І ў чарговы раз здзівілася здольнасці ўкраінцаў самаарганізоўвацца. Уладзімір Зяленскі адмяніў ваенны парад — і грамадзян краіны гэта абурыла. Настолькі, што ў выніку яны саматугам арганізавалі святочнае шэсце, якое шматкратна перасягнула афіцыйныя святкаванні.

img_20190824_113008_logo.jpg


У суботу ў цэнтры Кіева з мінімальнай разбежкай па часе прайшлі два мерапрыемствы ў гонар Дня Незалежнасці: «Шэсце Годнасці», арганізаванае камандай новага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, і «Марш абаронцаў Украіны», які правялі ветэраны, валанцёры, сем'і загінулых, проста актывісты.Так атрымалася, што галоўнае дзяржаўнае свята ператварылася ў першы — і вельмі крупны — вулічны палітычны выступ супраць новага прэзідэнта і ягонай партыі «Слуга народа». Хоць арганізатары «Марша» ўсяляк дыстанцаваліся ад палітыкі, само яго правядзенне стала вынікам ужо наспелага пратэсту супраць «Зе».

Каламутная гісторыя з парадам

Напачатку ліпеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што адмяніў парад да Дня Незалежнасці. Па яго словах, ён вырашыў, што грошы, якія штогод марнаваліся на правядзенне ваеннага параду, лепш выдаткаваць на выплату прэмій вайскоўцам. Прагучала сума ў 300 млн, і ўсё тут жа падлічылі, што на кожнага абаронцу Украіны прыйдзецца да тысячы грывен грашовай узнагароды (менш $40), якую тут жа пагардліва абазвалі «Вовкіна тысяча»). Тады ж найблізкі паплечнік прэзідэнта Сяргей Шэфір назваў ваенны парад папулізмам, больш прыдатным такой краіне, як Расія. Маўляў, Украіна іншая, і ўсё тут павінна быць «па-моднаму».

img_20190824_131533_logo.jpg


Гэта стала буйнай памылкай новай украінскай улады. Людзі пакрыўдзіліся, справядліва палічыўшы, што ваюючай краіне парад проста неабходны. Народная ініцыятыва - правесці парад насуперак Зяленскаму - уключылася тут жа, і ў той жа самы дзень у сацсетках у групах, прысвечаных «альтэрнатыўнаму параду», зарэгістраваліся дзясяткі тысяч чалавек. Неўзабаве нарадзілася назва «Марш абаронцаў Украіны», і стала зразумела, што за справу ўзяліся ветэраны баявых дзеянняў на Усходзе краіны і абаронцы Майдана — дзве сілы, здольныя супрацьстаяць любой уладзе.

img_20190824_130856.jpg


15 ліпеня з'явіўся прэзідэнцкі ўказ аб святкаванні 28-й гадавіны незалежнасці Украіны, у якім ніякага ваеннага парада не было. Але ў адміністрацыі Зяленскага неўзабаве зразумелі, што выпусцілі ініцыятыву. Ветэраны, валанцёры і тыя, каму расейская агрэсія не здаецца выдумкай зладзеяватых барыгаў, рыхтаваліся да правядзення ўласнага параду. На «Марш абаронцаў Украіны» людзі запісваліся тысячамі. І тут 10 жніўня каманда прэзідэнта паказвае новую праграму святкавання, з якой грамадства са здзіўленнем дазнаецца пра нейкае «Шэсце годнасці», які складаецца з медыкаў, настаўнікаў і іншых спартсменаў з дзецьмі. Апроч таго, прэзідэнцкая праграма прадугледжвала марш ветэранаў, хвіліну маўчання і музычны флэшмоб у цэнтры сталіцы.

img_20190824_131140.jpg


Усё гэта наводзіла на падазрэнні, што імправізаваная дэманстрацыя бюджэтнікаў задумваецца як альтэрнатыўная праходка для зрыву альтэрнатыўнага жа параду, арганізаванага ветэранамі расейска-ўкраінскай вайны. Адначасова ў інфармацыйную прастору пачала ўкідвацца інфармацыя, што, маўляў, «сапраўдныя ветэраны» альбо пойдуць з Зяленскім, альбо не пойдуць наогул, каб не апынуцца ў адной калоне з былым прэзідэнтам Парашэнкам. Сітуацыя пачала нагадваць страшны сон наркамана: дзейны прэзідэнт аказваецца ў апазіцыі да апазіцыі, якую атаясамліваюць выключна з прэзідэнтам былым. Гэта было занадта нават для Украіны, якая шмат чаго ўжо бачыла. У выніку ветэраны вырашылі, што нішто не перашкодзіць ім прайсці Храшчацікам. Парад дык парад. І нават тыя, хто планаваў застацца дома, напісалі заяўкі на ўдзел, каб падтрымаць ініцыятыўную групу альтэрнатыўнага шэсця.

img_20190824_133234.jpg


Агулам, атмасфера напальвалася. І раптам стала ясна, што, па-першае, у прэзідэнта скончыліся альтэрнатыўныя ветэраны. Усе сышлі на «Марш абаронцаў Украіны». Давялося загадам выклікаць дзеючых ваеннаслужачых, а бюджэтнікаў для масоўкі — звазіць аўтобусамі з рэгіёнаў, яшчэ і даплочвая ім за «вакацыі ў Кіеве». Нанялі прафесійных рэжысёраў: кліпмэйкера Алана Бадоева і харэографа Алену Калядэнка. Хутка высветлілася, што Зяленскі і Бадоеў раней разам былі ўласнікамі кінакампаніі «Гаўдзі Студыё». Падчас вайны Бадоеў шмат разоў наведваў Маскву, дзе ў 2016-м зняў кліп для Ані Лорак.

img_20190824_130758.jpg


Запахла карупцыяй, кумаўством, супрацоўніцтвам з ворагам і іншым непатрэбствам. У нейкі момант ісці на афіцыйнае святкаванне стала «не камільфо» нават для тых, хто некалькі месяцаў таму цалкам шчыра галасаваў за Уладзімира Зяленскага.

Мора людзей

У Кіеве на «Марш абаронцаў Украіны» выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Па ацэнцы паліцыі, толькі ў шэсці (не лічачы шматлікіх гледачоў) узялі ўдзел каля 50 тыс. чалавек. Вядома, галоўнымі героямі былі салдаты і ветэраны АТО, шматлікія байцы добраахвотніцкіх фармаванняў, медыкі, валанцёры, родныя загінулых падчас ваенных дзеянняў. Асобным строем прайшлі ваенныя капеланы. Было шмат інвалідаў — як на вазках, так і на сучасных пратэзах. Добраахвотнікі і штатныя вайскоўцы ішлі ўсе разам, ніяк не адлучаючыся адзін ад аднаго.Пры гэтым усе ўдзельнікі шэсця разбіліся па сваіх абласцях — і перад трыбунамі на Майдане прайшлі пехам прадстаўнікі ўсіх абласцей Украіны, якія ўдзельнічалі ў адбіцці расійскай агрэсіі. Адно толькі гэтае праходжанне заняло больш за паўтары гадзіны — афіцыйнае прэзідэнцкае «Шэсце Годнасці» на гэтым фоне выглядала чымсьці дробным і нязначным.

img_20190824_121946_logo.jpg


«Мы ўбачылі, па сутнасці, першы вулічны выступ людзей, якія пратэстуюць супраць Уладзіміра Зяленскага і яго каманды. Хай нават арганізатары максімальна паспрабавалі дыстанцавацца ад палітыкі - але сама нагода для мерапрыемства - гэта пратэст супраць дзеянняў новага прэзідэнта. Так што нядзіўна, што народ Украіны на сваё святкаванне гадавіны Незалежнасці новаабранага «слугу» не запрасіў, - пракаментаваў для НЧ падзеі суботы журналіст украінскага выдання «Люстэрка тыдня» Андрэй Палівода. — Гэтыя больш за 50 тысяч чалавек, якія арганізавана выйшлі на вуліцы Кіева, — яны зрабілі гэта без загада, без бюджэту і харэографаў. І атмасфера свята была вельмі эмацыйная пры нулявой агрэсіўнасці. Ніводнага п'янага, ніводнага эксцэсу, ніводнай правакацыі».

img_20190824_112919_logo.jpg


Але, мабыць, галоўнае было ў іншым. У людзях. На Марш кожны прыйшоў з нейкай сваёй асабістай гісторыяй, так ці інакш злучанай з абаронай Украіны, з 2014 годам і ўсім, што за ім рушыла ўслед.

img_20190824_121815_logo.jpg


Яшчэ калі ўдзельнікі мерапрыемства толькі збіраліся, жанчына ў парку Шаўчэнкі ў чарзе за кавай распавяла нам з мужам сваю гісторыю. Сама нарадзілася ў Бранску, але жыве ў Кіеве ўжо больш за 25 гадоў. Тут выраслі яе дзеці, а сёлета пойдзе ва ўкраінскую школу і ўнучка. Сын пайшоў добраахвотнікам на фронт.
Змаўкае. Відаць ёй цяжка. Не, не загінуў, не паранены. Але многіх з тых, з кім ішоў ваяваць разам, ужо няма. Цяпер ён даглядае аднапалкоўца з цяжкім раненнем. Потым раптам пачынае распавядаць, як ездзіла ў Лос-Анджэлес, ва ўкраінскую дыяспару. Дыяспара купіла ў пажыццёвае карыстанне, нягледзячы на дзікую дарагоўлю, кавалак зямлі ў самым цэнтры Лос-Анджэлеса і ўсталявала на ім помнік Галадамору. А яшчэ рэабілітуе ў мясцовых клініках за свой рахунак цяжкіх украінскіх хлопцаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.Ізноў маўчыць. І дадае, што ганарыцца сваёй краінай — Украінай.

img_20190824_112717_logo.jpg


Трэба сказаць, што мітынгу як такога і не было. Было ўзрушаючае шэсце калон ветэранаў па цэнтры Кіева з урачыстым праходам па Майдане, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых абаронцаў Украіны і змагароў за незалежнасць, а таксама выканалі гімн. На гэтым Марш Абаронцаў завяршыўся. Частка яго ўдзельнікаў накіравалася на Міхайлаўскую плошчу, дзе праходзіў малебен, — там да іх далучыўся Пётр Парашэнка.

img_20190824_112830_logo.jpg


Па ўсім шляху калоны ўдзельнікаў Марша Абаронцаў сустракалі апладысментамі і крыкамі «Дякуемо!», перад маці і жонкамі загінулых байцоў людзі станавіліся на калені.

img_20190824_112617_logo.jpg


Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што ў гэты дзень Уладзіміра Зяленскага таксама нельга было абвінаваціць у нястачы патрыятызму. Выступаючы на афіцыйным мерапрыемстве, ён сказаў: «Прадстаўце, што сусед адабраў у вас дваіх дзяцей. Першае дзіця проста скралі і далі новае пасведчанне пра нараджэнне. І вось прайшло 5 гадоў. І тыя, хто быў так занепакоены, кажа, што ўсё нармальна, і не моцна дзіця за вамі плача. Чаму яны так кажуць? Таму што гэта не іх дзіця. А іншае дзіця зачынілі ў дзіцячым пакоі і паставілі ўзброеную ахову. І вы чуеце, як ваша дзіця плача, але вы не можаце туды зайсці. Кожны дзень у кожнага з нас ірвецца сэрца, таму што наша сям'я няпоўная. Але наступіць дзень, калі мы абавязкова збярэмся разам.
Сёння на Майдане сабраўся наш гонар — гэта вайскоўцы, гэта сем'і загінулых, гэта валанцёры. Таксама тут тыя, хто вучыць, хто ратуе жыццё, наш навуковы і творчы патэнцыял. І нашы дзеці. Гэта не проста ўдзельнікі "Шэсця годнасці", гэта нашы тысячы прычын любіць Украіну».

img_20190824_112906_logo.jpg


Зрэшты, журналісты звярнулі ўвагу, што Зяленскі падчас свайго выступу на Майдане ні разу не прамовіў слоў: «Расія» і «агрэсар», у адрозненне ад былога кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі ў мінулым годзе. Ва ўрачыстай прамове лідар краіны часцей за ўсё ўжываў словы: «украінцы» і «мы» — па 22 разы. Па 9 раз былі вымаўлены словы: «незалежнасць» і «я». Усяго 3 разы прагучала «Еўропа» і вытворныя ад яе. Што жа датычыцца словаў «вайскоўцы» і «вайна», то яны прэзідэнтам былі згаданыя па адным разе.


Калі мы назіралі за парадам, у нейкі момант падумалася: а рызыкнулі б украінскія чыноўнікі ўсім гэтым людзям прад'явіць рахункі «за міліцыю», «за хуткую», «за ўборку смецця»? Вядома, не рызыкнулі б. Таму што ветэраны, якія спынілі расійскае войска на ўсходзе краіны… Ну, вы здагадваецеся, што б яны зрабілі з гэтымі чыноўнікамі.
Беларусам сказалі плаціць за масавыя мерапрыемствы — і яны пакорліва плацяць. Украінцам і ў галаву б не прыйшло б плаціць камусьці за натуральнае права публічна выказаць сваё меркаванне. Гэтым мы і адрозніваемся.
Фота аўтаркі