Літоўскі рынак нерухомасці рыхтуецца да наплыву беларусаў

Беларусы ў асноўным шукаюць жыллё для арэнды, паколькі Вільня для іх — часовае месца жыхарства. У Літве папулярнасць набірае калівінг, таму ў сталіцы з'яўляюцца новыя аб'екты, прымальныя для беларусаў, піша Дэлфі.

vilnius_1570452_1280.jpg


Нядаўна стала вядома, што беларуская кампанія Wargaming набыла ў Вільні 76 кватэр (коштам 2800-3200 за кв. м), кампанія будзе здаваць іх сваім работнікам. Але паводле экспертаў, гэта выключная з'ява, якая не адлюстроўвае сітуацыю ўсіх беларусаў. Па даных “Інвестуй у Літве", у гэтую краіну за год перабраліся поўнасцю або часткова 30 беларускіх кампаній, якія плануюць каля 2000 свабодных працоўных месцаў. Магчыма, частка кампаній зойме офісы ў цэнтры сталіцы, таму і жыллё для работнікаў шукаюць паблізу. Паколькі даходы ў сектары ІТ немаленькія, шукаюць жыллё сярэдняга класа, А прапаноў тут няшмат. Высвятляецца, што на рынку больш за ўсё не хапае 3-4-пакаёвых кватэр: у аб'явах можна знайсці 200-300 такіх аб'ектаў, а спатрэбіцца як мінімум у два разы больш.
Але ёсць і іншыя складанасці. Паводле агенцтва, беларусы хочуць арандаваць жыллё, якое можна пазначыць як месца жыхарства для атрымання дазволу на працу і жыццё ў Літве. Але каля траціны арэндадаўцаў не прадастаўляюць жыхарам такую магчымасць. Мала таго, частка сем'яў хоча прыехаць з хатнімі гадаванцамі, а гэта яшчэ больш звужае выбар.
Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі развіцця нерухомасці Міндаўгас Статулявічус мяркуе, што і сёлета ў Літву прыедзе нямала беларусаў. Але не ўсе яны работнікі такіх буйных кампаній, як Wargaming, у некаторых усяго 10-15 работнікаў. Старшыня праўлення Hanner Арвідас Авуліс пацвердзіў, што для многіх беларусаў Літва — часовы прыпынак: "Адны адразу пачынаюць вучыць літоўскую, мабыць, хочуць застацца тут надоўга. А некаторыя ясна кажуць: "Навошта арандаваць, калі можна адразу купіць". Па логіцы, нерухомасць даражэе, яе каштоўнасць павялічваецца, вось мы і прапаноўвалі, купіць, пажыць 1-3 гады, а потым прадаць і будзе даход, а не страты. Многім такая схема падыходзіць. Яны шукаюць жыллё на той час, пакуль не скінуты дыктатар".
Па словах Статулявічуса, літоўскі рынак рыхтуецца да прыходу беларусаў, і гэта не толькі продаж жылля, але і будаўніцтва дамоў для арэнды, уключаючы праект калівінг — гэтыя аб'екты прызначаныя для работнікаў з Беларусі і Украіны. Паводле яго слоў, некаторыя беларусы нават гатовыя чакаць, калі ў Літве пабудуюць новае жыллё.
Аб'ект тыпу калівінг з'явіцца ў хуткім часе на вул. Кальварыя. Першы аб'ект такога тыпу — Liv in Vilnius — з'явіўся восенню мінулага года. Кіраўнік праекта Liv in Vilnius Віта Жутаўтайтэ сказала, што 40% яго жыхароў — замежнікі, у іх ліку і беларусы. Дагаворы аб арэндзе заключаюць як людзі, так і кампаніі. Кампанія Eriadas плануе рэканструкцыю будынка ў Науямесцісе, дзе з'явіцца яшчэ адзін аб'ект тыпу калівінг. Пачатак работ намечаны на восень 2021 года, а канчатак — у 2023 г. Інвестыцыі складуць 11 млн. еўра. Спадзяюцца, што гэты аб'ект прыцягне беларусаў. "Я думаю, што беларусы, як і іншыя жыхары, ацэняць наяўнасць агульных зон, спартзалы, зоны кіно, lobby, дзе можна прымаць гасцей і працаваць. Думаю, яны цэняць калівінг за тое, што атрымліваюць не толькі жыллё", — патлумачыла Жутаўтайтэ.
Мяркуецца, што гутарка ідзе пра сотні беларусаў і іх сем'і, якія вырашацца на пераезд у Літву. Таму вырасце і патрэба ў жыллі, і гэта будзе сур'ёзным сігналам для рынку.