Названы Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру

Нобелеўскую прэмію міру 2019 года атрымаў прэм'ер-міністру Эфіопіі Абій Ахмед Алі.

nlobel_za_mir.jpg


Абій Ахмед Алі ўганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі.

Ён стаў лаўрэатам за намаганні па вырашэнні памежнага канфлікту з суседняй Эрытрэяй.

Абій Ахмед быў абраны прэм'ер-міністрам краіны ў мінулым годзе, нагадвае сайт Праваабарончага цэнтра "Вясна". Ён пачаў сваю працу на пасадзе кіраўніка ўрада з таго, што вызваліў з турмаў палітвязняў. Таксама ён адмяніў забарону на стварэнне новых палітычных партый і дазволіў судовы пераслед чыноўнікаў, абвінавачаных у парушэнні правоў чалавека. З моманту прыходу да ўлады Ахмед таксама адстойваў ролю жанчын у палітыцы: ён прызначыў жанчын на палову з 20 міністэрскіх пастоў ўрада, уключаючы першую жанчыну — міністра абароны краіны.

Але на Нобелеўскую прэмію міру яго вылучылі за тое, што ён падпісаў мірную дамову з прэзідэнтам Эрытрэі Ісаяй Афрыкі, паставіўшы кропку ў дваццацігадовым канфлікце паміж дзяржавамі з-за памежных тэрыторый.

Прэмія міру з'яўляецца адной з пяці, якія завяшчаў у самым канцы XIX стагоддзя шведскі прамысловец і вынаходнік Альфрэд Нобель. У адрозненне ад іншых нобелеўскіх узнагарод і паводле завяшчання яе заснавальніка, цырымонія ўручэння прэміі міру адбываецца ў Осла ў той жа дзень, што і ў Стакгольме, — у дзень смерці заснавальніка Нобелеўскіх прэмій 10 снежня.

Сума кожнай з Нобелеўскіх прэмій у 2019 годзе складае 9 мільёнаў шведскіх крон (каля 900 тысяч даляраў).

14 кастрычніка будзе названы апошні сёлетні лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы.