Не гуляйце з мігрантамі!

Калі назіраеш за падзеямі на беларуска-літоўскай мяжы, міжволі ўспамінаецца аналагічны канфлікт з-за мігрантаў паміж ФРГ і ГДР, які здарыўся 35 гадоў таму.
© AP Photo / Lionel Cironneau

© AP Photo / Lionel Cironneau


Прыкладна з сярэдзіны 1980-х гадоў іміграцыя замежнікаў у Заходнюю Германію стала адыгрываць заўважную ролю ў палітычнай барацьбе паміж ГДР і ФРГ. Справа ў тым, што ўлады ГДР пачалі правозіць на Захад усё больш і больш тых, хто прасіў прытулку, з краін «трэцяга свету» праз аэрапорт Шэнефельд ва Усходнім Берліне.

Знешне, дарэчы, усё было законна, паколькі Берлін меў адмысловы прававы статус, які юрыдычна дазваляў усім ахвочым з Усходняга сектара горада трапляць у Заходні. Гэта, праўда, на практыцы не тычылася ўсходніх немцаў, якім было трэба атрымаць ад адпаведных органаў дазвол на выезд.

А атрымаць яго было няпроста. У дадатак любая спроба перасекчы мяжу нелегальна магла мець фатальныя наступствы. Памежнікі атрымалі загад страляць па парушальніках мяжы ГДР з Усходу. Паводле гісторыкаў, за час існавання мяжы больш за тысячу чалавек загінулі пры спробе пераадолець «жалезную заслону». Цікава, што сярод забітых за спробу збегчы на Захад былі і савецкія жаўнеры, не кажучы пра два дзясяткі нямецкіх падлеткаў.

Ахвярамі мяжы сталі і некалькі ўсходнегерманскіх памежнікаў, прычым частка з іх была памылкова забітая сваімі ж салдатамі: іх прынялі за ўцекачоў, якія спрабавалі перайсці мяжу на Захад. А вось мігрантам з краін перыферыі лёс трапіць пад стрэлы памежнікаў не пагражаў. Улады ГДР далі ім права вольна пераходзіць мяжу.
Першымі праз Шэнефельд у Заходні Берлін прыкладна ў 1983 годзе масава заехалі ўцекачы са Шры-Ланкі. Калі верыць сучасным публіцыстам, гэта адбылося трошкі хаатычна. Толькі тады кіраўніцтва ГДР даўмелася, што на гэтай тэме можна рабіць бізнес.

Мігрантам з «трэцяга свету» прапаноўвалася за пэўную суму адпаведная паслуга па перапраўцы на Захад. Пакет паслуг уключаў нават прамы аўтобусны трансфер з Шэнефельда на станцыю Фрыдрыхштрасэ, адкуль мігранты маглі лёгка дабрацца па чыгунцы да Заходняга Берліна. Паколькі «трэці свет» заўжды быў багаты на этнічныя канфлікты і грамадзянскія войны, у жадаючых трапіць на Захад дэфіцыту не назіралася.

Неўзабаве ўлады ФРГ зразумелі, што сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай. Колькасць просьбаў прытулку ў краіне павялічылася з 19 737 да 35 278 у перыяд з 1983 па 1984 год. І больш за 60 працэнтаў тых, хто прасіў прытулку, заехалі праз Усходні Берлін — пры ветлівай падтрымцы ўладаў ГДР. Хадзілі чуткі, што на гэтым усходненямецкія камуністы зарабілі 32 мільёны нямецкіх марак.

Аднак у Заходнім Берліне ніхто не ведаў, як закрыць «дзірку» на станцыі Фрыдрыхштрасэ. Любыя змены парадку памежнага кантролю патрабавалі згоды краін-пераможцаў у Другой сусветнай вайне. Пры гэтым было зразумела, што знайсці паміж імі кансенсус практычна нерэальна. У дадатак, як тады высветлілася, Канстытуцыя ГДР дзіўным чынам надавала грамадзяніну любой краіны права на вольны транзіт праз яе тэрыторыю.

Акрамя таго, у дэмакратычнай традыцыі ФРГ права любога чалавека на палітычную міграцыю нават не абмяркоўвалася. Менавіта з колаў палітычных мігрантаў-антыфашыстаў пасля 1945 года фарміравалася палітычная эліта новай дэмакратычнай Германіі. А Вілі Брант, які ў часы нацызму хаваўся ад рэпрэсій у Скандынавіі, нават стаў канцлерам. Таму крытыкаваць міграцыю з ГДР доўгі час лічылася палітычна некарэктным.

Між тым, набліжаліся федэральныя выбары 1987-га, на якіх праблема міграцыі з Усходу хвалявала 75 працэнтаў выбаршчыкаў. Менавіта на гэтай тэме кансерватараў вырашылі абысці эсдэкі. У выпадку абрання іх кандыдата на пасаду канцлера, яны выказалі намер прызнаць пашпарты ГДР як дакументы нямецкіх грамадзян.

Рэалізацыя такога рашэння была б гістарычнай і прававой перамогай стваральнікаў праекту ГДР. У такім выпадку Федэратыўная Рэспубліка Германія павінна была адмовіцца ад многіх пастулатаў сваёй Канстытуцыі. Напрыклад, прызнаць ГДР у прававым плане роўнай сабе нямецкай дзяржавай. Сама ж схема аб’яднання Германіі павінна была выглядаць інакш.

Занепакоіліся пытаннем перамоваў эсдэкаў і ўсходніх камуністаў і хрысціянскія дэмакраты. Прызнанне пашпартоў ГДР для іх выбаршчыкаў было непрымальным. А вось фінансавую і тэхналагічную дапамогу на адрас ГДР у якасці кампенсацыі за блакаду трафіку мігрантаў Бон дапускаў.

Не дзіўна, што рэакцыя Усходняга Берліна на прапанову эсдэкаў і абяцанні кансерватараў была неадкладнай. Адразу ж абвясцілі, што ў будучыні толькі тыя мігранты, якія маюць візу ў Федэратыўную Рэспубліку, могуць выкарыстоўваць транзіт праз Шэнефельд.

Усё гэта адразу ж адбілася на статыстыцы: у 1987 годзе колькасць тых, хто прасіў прытулку ў ФРГ, значна ўпала. Аднак джокер пад назвай «міграцыя» дапамог ГДР толькі ў сярэднетэрміновай перспектыве.

І справа нават не ў тым, што эсдэкі прайгралі федэральныя выбары ў 1987 годзе. Аказалася, што гульня ў міграцыю кепска паўплывала на градус лаяльнасці ўнутры ГДР. Санкцыянаваны ўладамі вольны выезд для мігрантаў на Захад выклікаў крыўду сярод усходніх немцаў, якім такія падарожжы былі недаступныя. Масавы нелегальны выезд з ГДР на Захад стаў галоўным каталізатарам пратэставага руху.

З часам патрабаванне права на наведванне ФРГ стала адным з чыннікаў рэвалюцыі 1989-га, якая і пахавала «першую нямецкую дзяржаву рабочых і сялян». Прычым людзі, якія зламалі Берлінскі мур, па заканадаўстве ФРГ, як ні дзіўна, таксама былі нелегаламі. Аднак гэтым разам усе віталі такіх «нелегалаў». Ноч з 9 на 10 лістапада 1989-га, калі быў разбураны Берлінскі мур, таксама называюць «ноччу сустрэчаў».
Інструменталізацыя мігрантаў у палітычных мэтах — справа вельмі рызыкоўная.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: