Newsweek: Газ — апошняя і найлепшая зброя Пуціна супраць Еўропы

Вайна паміж украінскай арміяй і паўстанцамі ў Данбасе перайшла ў далікатны «пат», але з набліжэннем зімы фармуецца новы фронт у ўскоснай сутычцы Масквы з Захадам, сцвярджае ў сваім артыкуле, апублікаваным у Newsweek, журналіст Оўан Мэццюз.



gas08.jpg

Калі Крэмль вырашыць скарыстацца пастаўкамі газу, каб «даць здачы» у адказ на санкцыі ЕС, будуць створаныя перадумовы для сур’ёзнай газавай вайны.

Крэмль «цвёрда ўпэўнены, што [газ] — наша апошняя і наша лепшая зброя, тая, якой Еўропа больш за ўсё баіцца», сказаў неназваны журналіст крамлёўскага пула, спаслаўшыся на свае прыватныя размовы з вышэйшымі чыноўнікамі ў апошнія тыдні.

«Пры павярхоўным поглядзе сапраўды здаецца, што ў Расіі ўсё козыры на руках», — каментуе аўтар. Рэйтынг Пуціна ўсё яшчэ перавышае 80%, хоць санкцыі Захаду абрынулі рубель, паўплывалі на інфляцыю і пакінулі многія галіны і банкі без фінансавання.

Наадварот, у Еўропе працяглае адключэнне газу акажа неадкладны і драматычны эфект. «У дэмакратычных краінах людзі звяртаюць увагу на свае рахункі за энергію. Яны не патрываюць адключэння энергіі. Відавочна, [заходнім] палітыкам прыйдзецца гэта ўлічыць», — сказаў у інтэрв’ю неназваны вышэйшы заходні дыпламат. «Таму мы пакуль не чапаем «Газпром», — дадаў ён.

Аднак адключэнне газу можа нашкодзіць Расіі не менш, чым краінам ЕС, лічыць аўтар.

Першая прычына — тэхнічная. «Нельга проста адключыць газавую свідравіну, не прычыніўшы сур’ёзнай шкоды», — кажа былы кансультант «Газпрома» Леў Смірноў. Захоўваць вялікія аб’ёмы газу таксама няпроста.

Другая і самая сур'ёзная прычына — фінансавая. Па словах кансультанта Бруса Джэймса, «пазыкадаўцы моцна нервуюцца з-за «трэцяй стадыі» (пагрозы трэцяй хвалі санкцый) і «Газпрому» амаль гэтак жа цяжка прыцягнуць капітал, як іншым расійскім кампаніям». Без замежных крэдытаў у «Газпрома» ёсць толькі плацяжы, 60% якіх — даходы ад паставак у Еўропу. У бліжэйшай будучыні «Газпром» мае патрэбу ў сваіх еўрапейскіх кліентах ніяк не менш, калі не больш, чым мы ў «Газпроме», заявіў заходні дыплямат.

Такім чынам, пакуль паміж «Газпромам» і еўрапейскімі пакупнікамі існуе крохкае перамір’е.

Але ёсць непрадказальны фактар — Украіна, лічыць аўтар.

«Газпром» спыніў пастаўкі газу ва Украіну, але працягнуў прапампоўку газу праз украінскую ГТС еўрапейскім кліентам. У энергетычнай галіне мала хто сумняваецца, што ўкраінцы прысабечваюць газ з гэтых патокаў, якія ідуць у Еўропу», — гаворыцца ў артыкуле. У дадатак некаторыя пакупнікі «Газпрома» пастаўляюць расійскі газ ва Украіну па рэверсных пастаўках.

«У выніку «Газпром» становіцца закладнікам беспрынцыповых кіеўскіх палітыкаў. Калі пахаладае, Украіна, магчыма, вырашыць адбіраць яшчэ больш газу і тым самым пакіне без газу Цэнтральную Еўропу, але віна ляжа на «Газпром», — піша аўтар. Акрамя таго, Крым атрымлівае з Украіны 80% электрычнасці і вялікую частку вады. Магчыма, Кіеў прыйдзе да мудрагелістага бартэру: электрычнасць для Крыму ўзамен на расійскі газ.

Тым часам Еўропа змянілася. «Дзеянні Расіі ў Крыме і таемная падтрымка паўстанцаў на Усходняй Украіне ператварылі калісці асцярожную падтрымку, якую ЕС аказваў Украіне, у цвёрдае абяцанне партнёрства і садзейнічання», — лічыць аўтар. Акрамя таго, вайна і асабліва гібель малайзійскага борта MH17, («збітага паўстанцамі, якіх падтрымлівае Расія», — сцвярджае аўтар) у беспрэцэдэнтнай ступені з’ядналі Еўропу супраць Расіі. «Інакш кажучы, доўгае памяншэнне паставак газу (альбо шляхам свядомага адключэння іх «Газпромам», альбо з-за адбору газу Украінай) зараз неадкладна ператворыцца ў сур’ёзны паядынак з усёй Еўропай і створыць рызыку яшчэ больш паралізуючых санкцый», — гаворыцца ў артыкуле.

Ісціна ў тым, што здабытчык і пакупнік газу ўзаемазалежныя. Брусэль ставіць на тое, што Пуцін не схільны да самагубства, заключае аўтар.