Паліцыя Венесуэлы расследуе крадзяжы жывёл з заапарку. Магчыма, іх з'елі

Улады Венесуэлы расследуюць крадзеж жывёл з заапарка ў штаце Сулія на захадзе краіны. Паліцыя мяркуе, што жывёл выкралі, каб з'есці.

REUTERS

REUTERS



Адзін з супрацоўнікаў паліцыі сказаў, што два ашыйнікавыя пекары — млекакормячыя, вонкава падобныя на дзікоў — у выхадныя былі скрадзеныя з заапарка горада Маракайба, размешчанага недалёка ад мяжы з Калумбіяй, піша reuters.com.
"Мы мяркуем, што іх (скралі), каб з'есці", — сказаў супрацоўнік венесуэльскай паліцыі Луіс Маралес.
Крах эканомікі краіны прывёў да хранічнага дэфіцыту харчавання, у выніку чаго людзям даводзіцца шукаць харч усюды, дзе гэта магчыма, у тым ліку ў смеццевых баках.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура лічыць, што ў гэтай сітуацыі вінаватыя пратэсты апазіцыі, падчас якіх блакуюцца вуліцы і шашы, а таксама "эканамічная вайна", якую з дапамогай Вашынгтона вядуць праціўнікі Каракаса.
Аднак кіраўнік заапарка Леанарда Нуньес сказаў, што хваля выкраданняў, якая ў апошнія тыдні закранула 10 відаў, зрэжысавана "наркадзялкамі", якія крадуць жывёл для продажу.
"Яны ўсё тут забіраюць! Жывёл скралі не для таго, каб з'есці", — сказаў ён у сераду.
Маурысіа Касціла, былы дырэктар заапарка, сказаў, што злодзеі выкралі двух тапір — траваедных, якія таксама нагадваюць свіней і згодна Міжнароднаму саюзу аховы прыроды, знаходзяцца пад пагрозай вымірання.
Заапаркі таксама сутыкнуліся з недахопам корму для жывёл. Паводле аднаго з лідараў прафсаюза супрацоўнікаў нацыянальных паркаў Венесуэлы, у 2016 годзе ў заапарках Каракаса ад голаду памерла каля 50 жывёл. Улады краіны гэта адмаўляюць, кажучы, што з жывёламі абыходзяцца "як з членамі сям'і".