Патрабуюць толькі раззбраення…

Дональд Трамп заявіў, што дапускае перагляд санкцый у дачыненні да Расіі, і звязаў гэтае пытанне са скарачэннем расійскага ядзернага арсеналу. Пра анексію Крыму ўжо не згадваецца...

rakety.jpg

Далей падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе дарадца Трампа па сувязях з бізнесам Энтані Скарамучы трохі канкрэтызаваў гэта па тэрмінах: «магчыма, праз год». 

У свой час заходнія эканамічныя санкцыі былі ўведзеныя супраць Савецкага Саюза — за ўварванне ў Афганістан. У спалучэнні з падзеннем цаны на нафту гэта дужа балюча адбілася на савецкай эканоміцы. Аналітыкі часцяком называюць гэта адной з галоўных прычынаў, чаму камуністычнае кіраўніцтва мусіла распачаць перабудову: каб замірыцца з Захадам.

Заходнія эканамічныя санкцыі супраць пуцінскай Расіі былі ўведзеныя не з прычыны яе ядзернай зброі, а за ўварванне ва Украіну, за анексію Крыма ды «гібрыдную вайну». І яны гэтаксама дужа балюча адбіліся на эканоміцы, як бы расійскае кіраўніцтва не казырылася, сцвярджаючы, что санкцыі толькі на карысць.

Але пра Украіну Трамп чамусьці не прыгадаў. Пра розныя там парушэнні нейкіх правоў ды свабодаў у самой Расіі — тым больш (ды й дзіўна было б гэтага чакаць ад Трампа).

Праблема ядзернага раззбраення, натуральна, была з найвастрэйшых для ЗША і Заходняй Еўропы ў стасунках з СССР — тым больш, што савецкі арсенал быў куды мацнейшым за цяперашні расійскі. І Міхаіл Гарбачоў уводзіў мараторый на ядзерныя іспыты, падпісваў дагаворы ОСВ-2 (аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў, РСМД (аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці) і іншыя. Аднак дзеля нармалізацыі адносінаў з Захадам давялося мала што вывесці войскі з Афганістану, а яшчэ і адмовіцца ад утрымання камуністычных рэжымаў на савецкіх штыхах ва ўсходнееўрапейскіх краінах (то бок, ад сацлагеру). А ўнутры Саюза — выпусціць палітвязняў, пайсці на дэмакратызацыю і галоснасць, якая хутка перарасла ў свабоду слова.

1218reagan_russia_star_wars_program.jpg

Надалей пайшлі ўжо ўнутраныя цантрабежныя працэсы, заканамерныя для нежыццяздольнай сістэмы, для грувасткай імперыі (непазбежныя, па маім перакананні, і для РФ, але гэта асобная тэма).

Тады прэзідэнтам Злучаных Штатаў быў Рональд Рэйган, таксама, як і Трамп, рэспубліканец. Але ж Рональда ад Дональда адрознівае далёка не толькі першая літара імя. Рэйган быў паслядоўным змагаром з савецкім таталітарызмам, кіраваўся ў сваёй дзейнасці не толькі інтарэсамі, але і каштоўнасцямі, і прынцыпы дэмакратыі ды правоў чалавека не былі для яго пустым гукам.

 «Няма таго, што раньш было». Нездарма на апошняй у сваім прэзідэнцтве прэсавай канферэнцыі Барак Абама панаракаў: «Рональд Рэйган пераварочваецца ў труне, бачачы, што рэспубліканцы ўхваляюць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна».  

Крэмль ніяк не дапамагаў Рэйгану выйграць прэзідэнцкія выбары — наадварот, савецкая прапаганда вельмі на яго наязджала (пуцінская да Трампа ставіцца пакуль прыхільна). У Рэйгана, крый Божухна, не было і быць не магло ніякіх бізнэс-інтарэсаў, звязаных з Крамлём, а Трампа падазраюць менавіта ў гэтым, чым і тлумачаць яго паблажлівае стаўленне да Пуціна.

Апроч іншага, медыі распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Трамп нібыта атрымаў 19,5% акцый кампаніі «Роснефть» за абяцанне зняць з РФ санкцыі. Непацверджаную, ясна, інфармацыю (была б яна пацверджанай, тут ужо і імпічментам не абыйдзешся). Як бы там не было, наўрад ці ад новай адміністрацыі варта чакаць крокаў па накірунках, дзе непасрэдна амерыканскія інтарэсы не закранутыя наўпрост.

Скарачэнне расійскага ядзернага арсеналу інтарэсам бяспекі ЗША адпавядае. Таму абраны прэзідэнт гатовы ісці на саступкі, абмяжоўваючыся толькі гэтым патрабаваннем. Прынамсі, пакуль што.