Прэзідэнт Германіі: будаўніцтва Берлінскай сцяны — «сведчанне правалу» ГДР

Сцяна з'яўлялася прыкметай «несправядлівай дзяржавы, якая ў вачах яе грамадзян не была легітымнай», заявіў прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у 60-гадовую гадавіну ўзвядзення сімвала «халоднай вайны».
Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер на мерапрыемстве з нагоды 60-годдзя будаўніцтва Берлінскай сцяны

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер на мерапрыемстве з нагоды 60-годдзя будаўніцтва Берлінскай сцяны

Узвядзенне Берлінскай сцяны стала «сведчаннем безнадзейнага правалу», паведамляе www.dw.com. З такой заявай прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер выступіў у Берліне ў пятніцу, 13 жніўня, у 60-гадовую гадавіну ўзвядзення гэтага збудавання. Сцяна з'яўлялася «беспамылковай прыкметай несправядлівай дзяржавы, якая ў вачах уласных грамадзян не была ні суверэннай, ні легітымнай», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён назваў Берлінскую сцяну «пачаткам канца, якога давялося чакаць доўга».

Узвядзенне Берлінскай сцяны пачалося ў ноч на 13 жніўня 1961 года. Гэты дзень стаў «фатальным для нас, немцаў, і для ўсяго свету — днём, які разбурыў мары і надзеі, разлучыў дзяцей з бацькамі, унукаў з бабулямі і дзядулямі і хваравіта ўмяшаўся ў жыццё незлічонай колькасці людзей», — адзначыў Штайнмаер. Сцяна «была пабудавана дзяржавай, якой давялося замкнуць сваіх грамадзян у сваёй краіне, каб мець магчымасць функцыянаваць яшчэ нейкі час», — адзначыў прэзідэнт Германіі. 

Абараняць свабоду і дэмакратыю

Разам з тым, кіраўнік дзяржавы асабліва вылучыў значнасць свабоды і дэмакратыі. Іх немагчыма «дасягнуць раз і назаўсёды», за свабоду і дэмакратыю трэба змагацца, а затым — абараняць і захоўваць іх, падкрэсліў Штайнмаер. Свабода і дэмакратыя патрабуюць «рашучай прыхільнасці і страсці», якія пачынаюцца з удзелу ў дэмакратычных выбарах, рэзюмаваў прэзідэнт — і нагадаў пра хуткае абранне новага Бундэстага.

Агульная даўжыня Берлінскай сцяны склала 155 кіламетраў, з іх 45 кіламетраў пралягалі ў межах горада. Збудаванне падзяляла горад на Заходні і Усходні Берлін да 9 лістапада 1989-га. Спіс загінулых непасрэдна ля сцяны пры спробе нелегальна перасекчы яе і збегчы на Захад налічвае 140 чалавек. Сцяна стала адным з самых вядомых сімвалаў «халоднай вайны».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: