Хто будзе рускім Берні Сандэрсам?

Шмат для каго нечакана атрымаў працяг заклік левага антыпуцінскага дысідэнта Сяргея Удальцова, які на днях выйшаў з турмы, пасля 4 гадоў за кратамі па «балотнай справе».

Сяргей Удальцоў

Сяргей Удальцоў

Адразу пасля вызвалення Удальцоў прапанаваў правесці праймерыз адзінага левага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2018-га.

Ідэю, натуральна, дружна віталі, аднак яе рэалізацыя ад пачатку выклікала сумневы, паколькі левы спектр расійскага палітычнага поля вельмі мазаічны.

Аднак факт ёсць факт — у незалежнай прэсе з’явіліся першыя спісы прэтэндэнтаў на пасаду адзінага кандыдата ад левых сілаў, складзеныя па выніках апытанняў чытачоў і экспертаў. Большасць імёнаў у гэтых спісах наўрад ці нешта скажа беларускаму чытачу. Хіба, магчыма, ён нешта чуў пра эканамістаў Міхаіла Дзялягіна і Сяргея Глазьева або прафсаюзнага актывіста Алега Шэіна, які нарабіў шмат праблемаў «Адзінай Расіі» на выбарах мэра Астрахані.

Цікава, што ў спісе таксама шмат незалежных журналістаў. А вось лідары вядучых левых партый Генадзь Зюганаў (Кампартыя) і Сяргей Міронаў (Справядлівая Расія) увогуле не цікавяць публіку.

Застаецца пачакаць, ці будзе ў ініцыятывы Удальцова наступная серыя. Між тым, палітолагі згодныя, што ў Расіі — краіне антыліберальных поглядаў, — незалежны левы кандыдат здольны сапсаваць нервы прадстаўніку партыі ўлады.

Паводле расійскай прэсы