Расія без інтэрнэту

Па чутках, Крэмль збіраецца адключыць Расію ад Інтэрнэту. Сама ідэя застацца без усякіх сацсетак, халяўных фільмаў, гульняў і лайкаў падаецца шмат каму з расіян кашмарам. Але  такая перспектыва цалкам рэальная.  



328364b_1337160540.jpg

Магчыма, упершыню пасля пачатку ўкраінскага крызісу крытыкаў Крамля ў рунэце стала відавочна больш, чым прыхільнікаў. Сама ідэя застацца без усякіх сацсетак, порна, халяўных фільмаў, гульняў і лайкаў падаецца шмат каму з расіян кашмарам.

Між тым, такая перспектыва цалкам рэальная ў выпадку працягу новай халоднай вайны. Пра гэта, напрыклад, сведчыць украінскі вопыт. Кіраўніцтва Мінабароны Украіны паскардзілася, што адной з прычын катла пад Ілавайскам стала выкладанне ў сеціва жаўнерамі інфармацыі пра месца сваёй дыслакацыі, салдацкі быт, зброю і г.д. Таксама дасталася простым юзерам, якія ўсю гэтую інфармацыю актыўна распаўсюджвалі.

Акрамя таго, тэхнічна адключыць расіянам інтэрнэт магчыма. Першы варыянт — стварэнне «вялікага сеткавага экрана» на вобраз і падабенства кітайскага, які будзе блакаваць непажаданыя рэсурсы. Другі — гэта фізічнае адключэнне расійскага сеткавага сегмента. Для гэтага дастаткова выдаць прадпісанне дзясятку федэральных аператараў. Прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак, дарэчы, справіўся з задачай адключэння інтэрнэту па ўсёй краіне за адзін дзень.

Непасрэдна пра магчымую забарону інтэрнэту ў Расіі пачалі казаць пасля інтэрв’ю журналіста Якавенкі нямецкай радыёстанцыі "Deutsche Welle", падчас яго журналіст сказаў: «Яна (расійская дзяржава) гатовая на самыя крайнія меры, у тым ліку і на поўную ізаляцыю ад свету. Адна за адной ідуць меры, якія могуць па-сапраўднаму зачыніць краіну». Гэта тычыцца і электроннай абароны. Якавенка таксама дадаў: «Ніякага татальнага кантролю (за інтэрнэтам — рэд.) быць не можа. Пракантраляваць сотні мільёнаў паведамленняў паміж дзясяткамі мільёнаў людзей немагчыма. Тут адзіны варыянт — зачыніць краіну ад глабальнага інтэрнэту. Гэта вельмі проста».

Ідэю адключэння інтэрнэту можна было спісаць на фантазію журналіста, які хоча зрабіць сенсацыю. Аднак алея ў агонь дадалі самі ўлады. На паведамленне Якавенкі адрэагавалі і ў Крамлі. Магчымасць адключэння Расіі ад сусветнага павуціння там, з аднаго боку, абверглі, але, з другога, заявілі пра неабходнасць адказваць на пагрозы для нацыянальнай бяспекі. Таксама стала вядома, што 1 кастрычніка Саўбез РФ абмяркуе пытанне, што рабіць з рунэтам.

Пасля гэтага некаторых юзераў папросту ахапіла паніка. На форумах сустракаюцца суіцыдальныя паведамленні, накшталт: «Хутка інтэрнэт адключаць. Людзі, ведайце, я вас люблю!» або «Пішыце сваё меркаванне, абурайцеся распілам краіны, прапануйце пакараць смерцю чыноўнікаў. Хутка гэта будзе ў лепшым выпадку толькі для ўнутранага ўжывання, таму што нават праз інтэрнэт ва ўсім свеце праўду пра гаротны стан нашых спраў ніхто не даведаецца. Будуць толькі спецыяльна падрыхтаваныя перадачы 1-га канала пра тое, які ў нас тут ураджай». Самыя вялікія панікёры ўвогуле клянуцца, што інтэрнэт вырубяць якраз 1 кастрычніка, адразу пасля пасяджэння Саўбезу. Узгадалі і пра Беларусь, якая ўжо дапамагае расійскім гурманам абыходзіць эмбарга еўрапрадуктаў. Адзін з блогераў піша: «Нічога страшнага. У нас жа ёсць яшчэ краіны СНД, тая ж Беларусь. Будзем туды ездзіць».

Не прайшлі міма падзеі і аматары прыколаў: «Непарадак! Калі ў Расіі адключаць інтэрнэт, хто ж будзе паведамляць недасведчаным украінцам, што іх краіны не існуе».

Лідары апазіцыі лічыць сцэнар адключэння інтэрнэту рэальным. Сябра штаба Пірацкай партыі Расіі Павел Рассудаў пракаментаваў чуткі пра забарону інтэрнэту наступным чынам: «У адзін момант увесь інтэрнэт адключыць, вядома ж, не атрымаецца — Расія занадта вялікая краіна, занадта шмат правайдэраў. Тым не менш, ускладніць камунікацыі магчыма. Але ўлады павінны разумець, што, адключаючы інтэрнэт, яны не пакідаюць людзям нічога іншага, акрамя як выйсці на вуліцу».

Аднак у самым ідыёцкім стане з-за гэтай гісторыі аказаліся ватнікі, якія, па логіцы, павінны падтрымліваць любыя ізаляцыйныя меры. Каб захаваць твар, яны кажуць, што Масква нічога забараняць не збіраецца. Быццам, ідэя адключэння інтэрнэту ў РФ належыць каварным супастатам, а Расія папросту вымушана трымаць удар. «У ЗША ёсць усе магчымасці адключыць нам інтэрнэт. Для РФ гэта будзе мець даволі цяжкія наступствы, паколькі мы завязалі шмат крытычна важных працэсаў на інтэрнэт-інфраструктуру. Напрыклад, праз сеціва працуюць расійскія банкі і аказваюцца паслугі насельніцтву. Акрамя таго, на інтэрнэт завязаны велізарны пласт расійскай камерцыі. А адключыць усё гэта амерыканцы могуць вельмі лёгка», — разважае выданне «Русская линия». Іншымі словамі, не выключана, што закрыццё інтэрнэту спішуць на янкі.

Іншыя намагаюцца супакоіць публіку. «Гаворкі пра абмежаванне для расіян не ідзе, сцвярджае наша крыніца ў Дзярждуме. Паводле яе слоў, абмяркоўваюцца пытанні тэхнічнага рэгулявання, у тым ліку тое, каб больш актыўна пераносіць на тэрыторыю Расіі DNS-серверы. Фармальна, яны знаходзяцца пад кантролем міжнародных арганізацый, але мы разумеем, што па факце гэта амерыканскія арганізацыі», — піша Газета.Ру. Праўда, выданне прызнае, што гайкі ўсё ж будуць закручваць: «Але ў бліжэйшы час могуць пашырацца магчымасці ўладаў па блакаванні і закрыцці экстрэмісцкіх сайтаў — гэтая тэма абмяркоўваецца, асабліва ў кантэксце пачатку падрыхтоўкі да выбараў у Дзярждуму 2016 года».

Ваенны эксперт Анатоль Эль-Мюрыд лічыць: «Расія можа і сама адключыць «знешні» інтэрнэт у выпадку, напрыклад, пагрозы ўзнікнення «каляровай» рэвалюцыі. У гэтым выпадку групы з «каляровых» актывістаў, якія каардынуюць сваю дзейнасць па сацсетках, будуць на нейкі час дэзарганізаваныя. Каб пераналадзіць сістэму, ім спатрэбіцца час. А фактар часу ў перыяд любой рэвалюцыі гуляе найважнейшую ролю. Калі расійскія ўлады перакрыюць інтэрнэт, яны на некалькі дзён дэзарганізуюць замежныя структуры і ўнясуць хаос у «каляровы» пратэст».

Застаецца ўзгадаць самую неверагодную версію. Некаторыя лічаць, што Крэмль наўмысна дэзінфармуе публіку, каб апазіцыя заклікала людзей выходзіць на вуліцу на знак пратэсту. У такім выпадку лібералаў-антыпуцінцаў будуць спрабаваць падаваць у медыя як аматараў дзіцячага порна.