Талібы назвалі галоўнага партнёра Афганістана

Рух «Талібан» назваў Кітай сваім галоўным замежным партнёрам. Пра гэта заявіў прадстаўнік талібаў Забіула Муджахід у інтэрв'ю італьянскай газеце «La Repubblica».

Фота Reuters

Фота Reuters


Паводле слоў Муджахіда, Кітай з'яўляецца вельмі важным партнёрам, паколькі выявіў жаданне інвеставаць у Афганістан. Акрамя гэтага Пекін зможа дапамагчы талібам у аднаўленні краіны пасля ваенных дзеянняў, а таксама аднаўленні горназдабыўной вытворчасці. У прыватнасці, гэта тычыцца мадэрнізацыі медных радовішчаў.
Муджахід таксама падтрымаў кітайскую эканамічную праграму «Адзін пояс, адзін шлях», якая накіравана на адраджэнне гандлёвага «Шаўковага шляху», што яшчэ больш цесна звяжа Кітай з Еўропай. Для гэтага неабходна, каб уздоўж усяго маршруту была ўстойлівая геапалітычная сітуацыя.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка, каментуючы вывад войск ЗША і іх хаўруснікаў з Афганістана, заявіў, што ЗША пацярпелі ў Афганістане фіяска, але перакананы, што Вашынгтон хоча выкарыстоўваць сітуацыю для падагравання сітуацыі ў Расіі праз Цэнтральную Азію, а таксама ў Кітаі, Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён якога мяжуе з Афганістанам.
— Кітай — галоўны вораг для Амерыкі. Трэба ціснуць з Афганістана: месца зручнае, — адзначыў ён.
Талібы захапілі ўладу ў Афганістане ў сярэдзіне жніўня на фоне вываду з краіны амерыканскага кантынгенту. Прэзідэнт Ашраф Гані склаў з сябе паўнамоцтвы і ўцёк з краіны.