Тэрарысты ЛНР і ДНР знішчаюць расійскія войскі

Задэклараванае тэрарыстамі «аб’яднанне ўзброеных сіл Наваросіі» на практыцы не назіраецца. Пра гэта 25 верасня паведаміў у Facebook лідэр гурта «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук.



terarysty.jpg

Як піша Тымчук, па ягоных дадзеных «у выніку «дружалюбнага агню» з боку баевікоў у Данецкай вобласці зафіксавана знішчэнне расійскай станцыі перашкод Р-330Ж «Жытэль» разам з экіпажам з вайскоўцаў РФ». Яшчэ адна расійская станцыя РЭБ пашкоджана ў выніку абстрэлу, гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, на Луганшчыне зафіксавалі стральбу паміж групамі мясцовых баевікоў з выкарыстаннем 120-мм мінамётаў.

«У выніку страляніны паміж тэрарыстамі загінулі некалькі «палявых камандзіраў» баевікоў і значная колькасць «шэраговых» тэрарыстаў», — паведаміў Тымчук.

Ён адзначыў, што кіраўніцтва «ЛНР» распаўсюджвае сярод мясцовых баевікоў загад аб забароне марадзёрства пад пагрозай расстрэлу. «Аднак гэта не стрымлівае рост бандытызму з боку баевікоў, якія засяродзіліся на рабаванні ацалелых крам у Луганску і іншых населеных пунктах вобласці», — рэзюмуе лідэр «Інфармацыйнага супраціву».

У зоне АТА чакаюць узмацнення актыўнасці баевікоў праз падрыхтоўку Расіяй чарговага «гуманітарнага канвою».

Па дадзеных Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, Расія не выводзіць войскі з Украіны, а праводзіць ратацыю падраздзяленняў.

На працягу апошніх сутак пазіцыі сіл АТА абстралялі 22 разы.

Тиждень.ua