«Ты не можаш пярэчыць трыццаці аўтаматчыкам…»

На расійскім Паўночным Каўказе «зачышчаюць» праваабаронцаў: пад прэсінг уладаў патрапіў вядомы праваабаронца Магамед Муцольгаў.



9d8483b3_e0cc_4762.jpg

Paweł Pawlica/Polskie radio

Пакуль увага сусветнай супольнасці скіраваная на Сірыю і Данбас, на расійскім Паўночным Каўказе ўзмацняецца ціск на праваабаронцаў.

«Машр» — адна з самых вядомых арганізацыяў Інгушэціі, атрымала паведамленне пра тое, што яна ўнесена ў спіс «замежных агентаў». Супраць яе дырэктара Магамеда Муцольгава збіраюцца ўзбудзіць дзве крымінальныя справы.

З чым звязаны ціск на праваабаронцаў і да чаго прывядзе «зачыстка» праваабарончых арганізацыяў на Паўночным Каўказе? Пра гэта з вядомымі расейскімі праваабаронцамі Магамедам Муцольгавым і Ігарам Каляпіным размаўляе Аляксандар Папко.

«Праваабаронцам працаваць у Інгушэціі небяспечна. Улады заплюшчваюць вочы на злачынствы сілавікоў. А свабода слова ў нас звязаная з рызыкай для жыцця», — так сітуацыю ў сваім рэгіёне апісаў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Машр» Магамед Муцольгаў у інтэрв'ю, якое ён даў Польскаму радыё два гады таму.

На працягу некалькіх гадоў Магамеду ўдавалася супраціўляцца спробам сілавікоў унесці яго арганізацыю ў спіс «замежных агентаў». Праваабарончы цэнтр «Машр» аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу людзям, якія сутыкнуся з незаконнымі затрыманнямі і катаваннямі сілавікоў, дапамагае адшукаць і вызваліць тых, каго скралі спецслужбы.

6 лістапада, пасля некалькіх пракурорскіх праверак, якія не выявілі парушэнняў, сілавікі ўварваліся ў дом Магамеда Муцольгава і канфіскавалі ўсю электронную апаратуру.

М. МуцольгаўПасля чарговага судовага працэсу, 6 лістапада а 7 раніцы наш офіс і мой дом атачылі і забралі ўсе нашы дакументы — на падставе абсалютна надуманых абсурдных абвінавачанняў. Нас абвінавацілі ў тым, што мы з'яўляемся прадстаўнікамі замежных дзяржаваў — Амерыкі, Грузіі і краінаў Еўрасаюза — на Паўночным Каўказе і праводзім экстрэмісцкія семінары: распальваем міжнацыянальную і рэлігійную варажнечу. Нам да сённяшняга дня не выдалі копіі пастановы аб правядзенні вобшуку, ніякіх копіяў дакументаў. Абвінавачанні абсурдныя, але ты не можаш пярэчыць трыццаці аўтаматчыкам. Асабліва, калі побач з табой пад гэтымі аўтаматамі стаяць твая жонка і малы сын, твае пажылыя бацькі, жонка брата і яго двое дзяцей...

Ужо 8 лістапада Міністэрства ўнутраных справаў Расеі ўнесла арганізацыю «Машр» у спіс «замежных агентаў». Акрамя таго, МУС звярнуўся ў Следчы камітэт, каб завесці на Магамеда Муцольгава дзве крымінальныя справы. Адну — па падазрэнні ў падтрымцы экстрэмізму, а другую... па падазрэнні ў распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі!

Кампанія па ачарненні праваабаронцы пачалася тры гады таму, калі Муцольгаў адкрыта адмовіўся «супрацоўнічаць» з новапрызначаным кіраўніком Інгушэціі Юнус-Бекам Еўкуравым. Муцольгаў не пагадзіўся замоўчваць злачынствы сілавікоў, каб «палепшыць імідж» уладаў.

М. МуцольгаўРэгіянальныя ўлады патрабуюць вельмі «простых рэчаў»: не пісаць пра катаванні, забітых, выкрадзеных. У дадатак мне прыгадвалі пра тое, што мой брат узначальвае аддзел партыі «Яблоко» ў Інгушэціі. Мяне прасілі, каб я ўгаварыў яго адмовіцца ад кіраўніцтва гэтай партыяй і аддаў яе чалавеку, якога прызначыць кіраўнік рэспублікі.

Абмежаванне поля дзейнасці праваабарончых арганізацыяў і ўнясенне іх у спіс «замежных агентаў» ужо прайшло ў Цэнтральнай Расиі. Цяпер настала чарга Паўночнага Каўказу — канстатуе кіраўнік міжнароднай арганізацыі «Камітэт па супрацьдзеянню катаванням» Ігар Каляпін. Магамэд Муцольгаў патрапіў пад каток уладаў, бо яго арганізацыя — самая актыўная ў Інгушэціі, зазначае праваабаронца.

У апошнія гады сусветныя СМІ перанеслі сваю ўвагу на Сірыю і Данбас. Пра расійскі Паўночны Каўказ кажуць значна менш, аднак гэта не значыць, што сітуацыя там палепшылася. Каўказ па-ранейшаму застаецца зонай этнічных і рэлігійных канфліктаў, карупцыі ды беззаконня сілавікоў.

Самая жахлівая сітуацыя склалася ў Чачні — падкрэслівае Ігар Каляпін. У гэтай рэспубліцы правяць не расійскія законы, а воля жорсткага аўтакрата Кадырава. Падпарадкаваныя Кадыраву паліцыя і спецслужбы знішчаюць кожнага, хто адважыцца яго крытыкаваць. Пагрозы, збіццё і выкраданні грамадскіх актывістаў даўно сталі ў Чачні звычайнай з'явай. Таму ўсе недзяржаўныя агранізацыі смяротна баяцца агучваць хоць нейкія праблемы ў публічнай прасторы.

Расійскі Следчы камітэт не мае сілаў нават на тое, каб выклікаць на допыт чачэнскіх сілавікоў. І з кожны годам сітуацыя становіцца ўсё горшай — зазначае Ігар Каляпін.

І. КаляпінКалі раней людзі прынамсі не баяліся да нас звяртацца, пісаць заявы, удзельнічаць у следчых дзеяннях, то цяпер людзі прыходзяць да нас, расказваюць сваю гісторыю і кажуць: «Толькі мы вам сваю заяву пісаць не будзем. Вы там як-небудзь Пуціну раскажыце, а пісаць заявы, хадзіць на допыты, удзельнічаць у апазнаннях мы не будзем. Нас заб’юць, у нас дзеці, у нас родныя, якія могуць пацярпець, калі Кадыраў даведаецца!»

Інгушэція — складаны рэгіён, але там праваабаронцы, прынамсі да нядаўняга маглі працаваць.

І. Каляпін: У Інгушэціі пакуль не практыкаваліся жорсткія рэпрэсіі. Тое, што адбываецца з Муцольгавым — гэта эксцэс. Я думаю, што такім чынам мясцовая ўлада выконвае ўказанне па выяўленню хоць нейкіх «замежных агентаў». Я думаю, гэты загад паступіў з федэральнай акругі, а не з ўзроўню рэспублікі.

Грамадскія арганізацыі найбольш актыўныя ў шматэтнічным Дагестане. Аднак і сітуацыя там самая канфліктная — падкрэслівае расейскі праваабаронца.

І. КаляпінУ Дагестане вельмі многа «жывых» арганізацыяў, якія не баяцца крытыкаваць мясцовыя ўлады. З іншага боку, там і ўзровень насілля і жорсткасці ў адносінах да грамадзянаў вельмі высокі. Там ідзе «кіпучая барацьба» з рознымі радыкальнымі ісламскімі рухамі. Там зачыняюць мячэці, фальсіфікуюць крымінальныя справы супраць імамаў, аднак людзі пакуль не баяцца пра гэта расказваць і абурацца.

Да чаго можа прывесці «зачыстка» праваабарончых арганізацыяў у такім напружаным рэгіёне, як Паўночны Каўказ? Да росту канфліктаў — папярэджвае Магамед Муцольгаў.

М. МуцольгаўМы прадстаўляем людзям шанец вырашаць свае праблемы праз суды, а не метадам «вока за вока», сыходам у незаконныя ўзброеныя фармаванні ці неяк яшчэ. Мы дапамагаем людзям бясплатна, што вельмі важна ў рэспубліцы, дзе палова людзей беспрацоўныя. Мы дапамагаем выпусціць тую напружанасць, якая ствараецца з-за беззаконня ў рэспубліцы.

Праваабаронцы на Паўночным Каўказе дапамагаюць людзям знайсці справядлівасць у судзе — гэта значыць мірным шляхам, а не шляхам кроўнай помсты ці партызанскай вайны. Аднак мясцовыя чыноўнікі і сілавікі гэтага не разумеюць. Ім не падабаецца, што праваабаронцы агучваюць факты карупцыі і бяспраўя, псуюць ілюзію паспяховай барацьбы з рэлігійным экстрэмізмам і сепаратызмам.

Пры гэтым агульнавядома, што менавіта карупцыя і беззаконне чыноўнікаў і сілавікоў як раз і з'яўляюцца адной з прычынаў тэрарызму. Аднак замест таго, каб змагацца за закон, расійскія ўлады розных узроўняў настойліва працягваюць змагацца супраць абаронцаў правоў і законаў.

www.radyjo.net