У Літве затрымалі 540 тысяч пачкаў цыгарэт, якія ў Беларусі вырабляе кампанія Тапузідзіса

У Літве затрымалі чарговую буйную партыю кантрабандных цыгарэт. Іх выявілі 8 кастрычніка ў грузавым аўтамабілі «Renault» у паромным тэрмінале. Кошт цыгарэт перавышае 2 мільёны еўра, піша «Свабода».

46be0000_0aff_0242_ab85_08d98f25db45_cx0_cy30_cw0_w1023_r1_s.webp

Аўтамабіль з грузам мінеральнай ваты накіроўваўся ў Швецыю, паведамляе літоўская мытня.

Пры праверцы мытнікі высветлілі, што заяўлены груз знаходзіцца толькі ў задняй частцы паўпрычэпа, а астатняя прастора занятая скрынкамі з цыгарэтамі «Winston» без акцызных марак. Паводле папярэдніх даных, канфіскавана 540 тысяч пачкаў цыгарэт. Іх кошт перавышае 2 мільёны еўра.

Літоўская мытня не паведамляе, адкуль ішоў аўтамабіль і дзе вырабленыя цыгарэты. У Беларусі цыгарэты маркі «Winston» выпускае кампанія «Табак-инвест».

З імем уладальніка «Табак-инвест» Паўла Тапузідзіса, апальнага цяпер «кашалька» Лукашэнка, звязвалі кантрабанду цыгарэт з Беларусі да 2017 года. Пры ім квітнелі вельмі вынаходлівыя схемы «белай» кантрабанды — калі цыгарэты цалкам законна прадаваліся разнастайным пасярэднікам і траплялі ў «няўлічаны экспарт». «Белая» кантрабанда ў той час складала траціну нелегальнага спажывання ў Еўрасаюзе, і галоўнай яе крыніцай была Беларусь.