У Іспаніі затрыманыя людзі, якія ваявалі на ўсходзе Украіны

У Іспаніі арыштаваныя восем грамадзян краіны, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Паведамляецца, што арыштаваныя з'яўляюцца членамі левай групоўкі і ваявалі ў Данбасе на баку прарасійскіх сепаратыстаў.



150227104819_spain_arrests_624x351_ap.jpg

Восем чалавек былі арыштаваныя ў шасці рэгіёнах краіны ў пятніцу раніцай, гаворыцца ў заяве міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі.

"Восем камбатантаў былі арыштаваныя пасля таго, як яны вярнуліся з Украіны, дзе прымалі ўдзел ва ўзброеным канфлікце ў Данбасе. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні розных злачынстваў", — паведамляюць у міністэрстве.

Інфармацыйныя агенцтвы спасылаюцца на крыніцу ў іспанскіх праваахоўных органах, якая апісвае арыштаваных як асобаў, якія прытрымліваюцца ўльтралевыя поглядаў і якія занялі бок прарасійскіх сепаратыстаў ва ўкраінскім канфлікце.

Крыніца паведамляе, што вылучаныя супраць іх абвінавачванні могуць уключаць у сябе захоўванне зброі, удзел ва ўзброеным канфлікце і парушэнне нейтралітэту Іспаніі ў канфлікце на Украіне.

Аперацыя па іх арышту была санкцыянаваная Нацыянальным вярхоўным судом у Мадрыдзе.

Па прыкладзе інтэрбрыгадаў

Паведамляецца таксама і пра тое, што арыштаваныя натхняліся дзеяннямі Інтэрнацыянальных брыгад, якія ваявалі ў Іспаніі супраць генерала Франка падчас Грамадзянскай вайны.

Гэтыя члены левай групоўкі яшчэ ў жніўні апублікавалі ў сацыяльных сетках фатаграфіі зброі і паведамленні пра тое, што яны збіраюцца далучыцца да тых, хто ваюе ў Данбасе. Яны пісалі, што адпраўляюцца ваяваць "супраць ракавай пухліны фашызму", якая, па іх словах, распаўсюджваецца на Украіне.

Прадстаўнік міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі заявіў, што паліцэйская аперацыя па арышце ўдзельнікаў вайны на Украіне працягваецца.

Паводле www.bbc.co.uk