Вяртанне «ўніры»

У Малдове даўно назіраецца захапленне «ўніры» — праектам аб’яднання краіны з суседняй Румыніяй. Пра тое, чаму малдаване гатовыя адмовіцца ад сваёй дзяржаўнасці, распавядае кішынёўскі грамадзянскі актывіст Сяргей Чос.

164_1.jpg


— Ідэю аб’яднання абмяркоўвалі яшчэ напачатку перабудовы. Шмат у чым на гэтых лозунгах прыйшоў да ўлады «Народны фронт». Чаму праект не быў рэалізаваны ў 1990-я гады і чаму раптам рэанімаваны зараз?

 

— Неактуальнасць тэмы аб’яднання з Румыніяй пасля атрымання незалежнасці тлумачыцца прагматычнымі памкненнямі новай эліты. Пры ўсіх раскладах, лепш быць кіраўніком дзяржавы, чым якога-небудзь румынскага павету. Тым больш, традыцыйна, Румынія існавала выключна як унітарная дзяржава. Спробы развіцця мясцовай ідэнтычнасці ў Бухарэсце, мякка кажучы, не вітаюцца, пра што сведчыць шматгадовая барацьба румынскіх венграў за нацыянальна-адміністратыўную аўтаномію.

 

Што тычыцца цяперашняй хвалі юніянісцкіх настрояў, то часткова яны звязаныя з расчараваннем у ідэях еўраінтэграцыі, з якімі большасць насельніцтва (і ў тым ліку правы электарат) звязвалі надзеі на лепшае. Наяўнасць бязвізавага рэжыму не кампенсуе людзям эканамічных праблем, дыктат алігархаў у палітыцы, карупцыю. На глебе фрустрацыі і аднавілася вера ва «ўніры». Праўда, ёсць і новыя тэмы, якіх не было ў 1990-я гады: кажуць пра тое, што малдаўская дзяржаўнасць не вытрымала выпрабавання часам. Само існаванне Рэспублікі Малдова цяпер разглядаецца як нейкі пераходны этап. З вуснаў палітыкаў можна пачуць, што малдаванам гістарычна бракуе дзяржаўнай ідэнтычнасці.

 

— Ці абмяркоўваецца ў прэ­се будучыня Прыднястроўя ў кантэксце сыходу Малдовы пад дах Бухарэсту?

 

— Юніянісцкая прэса піша пра гэта мала, у адрозненне ад кіеўскай. Там не хаваюць насцярожанасці: у выпадку аб’яднання з Румыніяй Малдова губляе Прыднястроўе, якое, будучы расійскім анклавам, можа быць упісана ў планы гібрыднай вайны супраць Украіны. Баяцца ў Кіеве таксама і заклікаў далучыць да Румыніі Букавіну. Не выключана стварэнне «гарачай кропкі» ў выглядзе Гагаузіі, якой у складзе Румыніі пагражае страта аўтаноміі. Антыюніянісцкія настроі характэрныя для поўначы Малдовы, дзе мэр самага буйнога горада Бельцы — Рэната Усаты, лідар адной з прарасійскіх партый.

 

— А як рэагуюць на прарумынскія сімпатыі ў Малдове самі румыны?

 

— Хапае тых, хто ў захапленні. Пра гэта сведчыць пераход Траяна Басэску, былога прэзідэнта Румыніі, у малдоўскае грамадзянства. Аднак у агульным вымярэнні ўсё далёка не адназначна, паколькі ў румынскай палітычнай павестцы дня праблема агульнага румынскага дому знаходзіцца далёка не на першым месцы. Больш за тое, папулярная думка, што дзве румынскія дзяржавы ў складзе ЕС могуць дамагчыся значна большага, чым адна. У прынцыпе, лепшая ілюстрацыяй супярэчлівага падыходу Бухарэсту да малдаўскіх праблем — пытанне даўно абяцанага крэдыту, першы транш якога дасюль не прыйшоў.

 

— Фронтменамі барацьбы за дзяржаўнасць Малдовы сталі прарасійскія партыі. Ці няма пагрозы, што пад сцягамі барацьбы супраць пагрозы румынскай экспансіі краіна апынецца пад расійскім пратэктаратам?

 

— Думаю, што ім зараз не да канкрэтных планаў. Яны актыўна намагаюцца набіраць балы, спекулюючы на тэме захавання дзяржаўнасці і пагрозы вайны, якую, маўляў, нясуць планы юніяністаў. Сцвярджаецца нават, што цяперашняя «ўніры» прыдуманая, каб скрадзеныя алігархамі грошы можна было легалізаваць пасля таго, як краіна стане часткай Румыніі.

 

— 27 сакавіка ў малдаўскай сталіцы адбылася самая вялікая ў гісторыі маніфестацыя юніяністаў, па слядах якой быў сфармаваны альтэрнатыўны парламент — паводле аналагу з парламентам «Сфатул Цэрый», які пасля ўводу румынскіх войскаў у Малдавію ў 1918 годзе прагаласаваў за ўключэнне рэспублікі ў склад Румыніі. На з’ездзе ў Кішынёве вырашана «падрыхтаваць працэс аб’яднання дзвюх румынскіх дзяржаў» да сакавіка 2018 года — да стагоддзя тых падзей. Наколькі рэальна выканаць такую «дарожную карту»?

 

— Я б асцярожна ставіўся да агучаных праектаў, і не толькі таму, што на анансаваны паўмільённы — самы вялікі ў гісторыі марш юніяністаў — выйшлі каля 3–5 тысяч чалавек. Проста з кожным днём відавочна, што праект «уніры» намагаецца перахапіць алігарх Плахатнюк, які цяпер кантралюе ўрад Павела Філіпа. Афіляваная з ім прэса рэкламуе акцыі юніяністаў, дзяржаўныя структуры дапамагаюць ім з арэндай памяшканняў, арганізуюць конкурсы дзіцячых малюнкаў за «ўніры» і г.д. Рух за аб’яднанне пад патранатам Плахатнюка, які лічыцца сімвалам татальнай карупцыі, у самы бліжэйшы час можа быць дыскрэдытаваны. Таму цяперашняя рэанімацыя ідэі «ўніры» — хутчэй фрагмент больш глабальнай гульні, калі за кошт актывізацыі прарумынскіх і прарасійскіх палітсілаў вакол геапалітычных праблем у грамадстве фармуецца запыт на больш адэкватную партыю цэнтра.